Новыя выхаванцы прыйшлі ў цэнтры творчасці

- 10:10Навіны рэгіёнаў

На працягу тыдня шматпрофільныя ўстановы дадатковай адукацыі Гомельскай вобласці праводзілі мерапрыемствы ў межах Рэспубліканскага тыдня ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

Старт тыдню дадатковай адукацыі дало вялікае свята “Па дарозе новых ведаў”, якое адбылося ў Гомельскім абласным Палацы творчасці дзяцей і моладзі. Увазе наведвальнікаў палаца былі прадстаўлены выстава творчых работ, аквагрым і фотазоны, флэшмоб, а таксама вакальныя і харэаграфічныя нумары выхаванцаў творчых студый. Навучэнцы школ і гімназій горада прайшлі квест-падарожжа па пяці станцыях. Дзеці выконвалі незвычайныя творчыя заданні.

Эстафету палаца падхапілі ўстановы дадатковай адукацыі вобласці. Ва ўсіх раёнах Гомельшчыны прайшлі дні адкрытых дзвярэй. Працавалі канцэртныя пляцоўкі і вернісажы, былі праведзены пазнавальныя экскурсіі і віртуальныя падарожжы па краіне творчасці, майстар-класы, рэкламныя акцыі… У выніку цэнтры творчасці папоўніліся новымі выхаванцамі, якія вырашылі таксама акунуцца ў свет творчасці.

У Ельску найбольш запамінальнымі сталі рэкламна-азнаямленчая акцыя ва ўстановах адукацыі “Будзем знаёмыя”, тэст-драйв “Энерджы і крэатыў! Рабі з намі! Рабі як мы! Рабі лепш за нас!”, квест-гульня “Знайдзі сябе”, відэа-прэзентацыя “Наш цэнтр”, выстава-прэзентацыя “Юныя майстры сваёй справы” і міні-канцэрт “Чароўная сіла мастацтва”.

У Жыткавічах адбылася рэкламная акцыя “Крочаць ра­зам па планеце цэнтр творчасці і дзеці!”. На базе школ горада прайшлі выставы творчых работ педагогаў і навучэнцаў “Пера­звон талентаў”, майстар-класы “Адважвайцеся, захопленыя!”. Навучэнцы пазнаёміліся з рознымі тэхнікамі і відамі творчасці: стварэнне вырабаў з паперы, пацеркавае мастацтва, маляванне, лепка з цеста. Таксама тут прайшла праграма “Падары ўсім радасць!”.

У Жлобіне на традыцыйным свяце “Мы разам!” адзначылі 30-годдзе БРПА. На цэнтральнай плошчы горада было шумна і весела. Школьнікаў захапілі квесты “Лідар-старт” і “Па вуліцах роднага горада”, а таксама гульня “Суперпяцікласнік”. Выставы-продажы і майстар-класы прадставілі розныя творчыя майстэрні. Самаробкі можна было ўважліва разгледзець, а яшчэ распытаць аўтараў пра сакрэты іх стварэння.

Калінкавіцкія педагогі дадатковай адукацыі пры ўдзеле казачных персанажаў Цэнтрыка і Губкі Боба ў гарадскім парку культуры і адпачынку зладзілі выставу творчых работ “Уплятаючы вясёлкавую нітку”, паказальныя выступленні аб’яднанняў па інтарэсах “Суднамадэляванне”, “Тэхнічнае мадэляванне”. Адбылася выстава аб’яднанняў па інтарэсах выяўленчай і дэкаратыўна-прык­ладной творчасці, піяр-кампанія “Запрашаем у Цэнтр творчасці!” і 25 майстар-класаў аб’яднанняў па інтарэсах.

У Парычах Светлагорскага раёна былі арганізаваны тэматычныя гутаркі з дзецьмі “Я вырас тут, і край мне гэты любы”, свята першакласніка “Прыемна пазнаёміцца!”, выстава творчых работ педагогаў і навучэнцаў “Перазвон талентаў”, майстар-класы, экскурсіі для вучняў малодшых класаў і іх бацькоў. На дні адкрытых дзвярэй “Сардэчна запрашаем!” гасцей чакалі творчыя нумары юных артыстаў, майстар-класы ад педагогаў дадатковай адукацыі, гульні, конкурсы і добры настрой.

У Рэчыцы арганізавалі работу “Творчага гарадка”. Тут крэатыўныя дзеці і дарослыя з радасцю малявалі, стваралі аквагрым, рабілі сувеніры з нітак, гулялі ў шашкі… На месцы знаёміліся з педагогамі і запісваліся ў гурткі.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.