Нёман збірае сяброў

- 11:22Навіны рэгіёнаў

Аздараўленчы лагер “Нёман” Стаўбцоўскага раёна цэлых тры пары года нецярпліва чакаў сваіх гаманлівых, вясёлых, неўтаймаваных наведвальнікаў. І новы сезон сустрэч з дзецьмі тут пачаўся маштабным мерапрыемствам — адбыўся Абласны форум дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў “Моладзь і будучыня”.

За 14 гадоў, што праводзіцца форум на Міншчыне, ён стаў знакавым і чаканым мерапрыемствам з мноствам традыцый. Адна з традыцый — сустракацца менавіта на стаўбцоўскай зямлі ў аздараўленчым лагеры, таму сёлета мерапрыемства прайшло пад дэвізам “Нёман збірае сяброў”. “Нёман” сабраў на сваёй тэрыторыі каля 300 хлопчыкаў і дзяўчынак з усіх раёнаў вобласці — гэта лідары дзіцячага і маладзёжнага самакіравання, грамадскіх аб’яднанняў, школьных бізнес-кампаній, валанцёрскага руху, выдатнікі вучобы, пераможцы конкурсаў, фестываляў, творчых, спартыўных і інтэлектуальных спаборніцтваў.

— Штогод дзеці збіраюцца на форуме, каб абмеркаваць ініцыятывы маладых, каб акрэсліць свае думкі наконт далейшага развіцця Міншчыны, разам узгадніць планы на далейшае развіццё маладзёжнага руху і сказаць нам, дарослым, што патрэбна маладым, заўзятым, смелым, ініцыятыўным, каб рэалізаваць свае маштабныя, цікавыя і, самае галоўнае, карысныя праекты, — расказала першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Таццяна Валянцінаўна Апраніч. — І сам форум — гэта таксама ініцыятыва моладзі Мінскай вобласці, фармат мерапрыемства — гэта іх жаданне, пасыл, імкненне ператварыць свае ідэі ў жыццё.

Форум пачаўся ўрачыстым парадам дэлегацый. Работа ладзілася ў рамках інтэрактыўных пляцовак “Крэатыўная прастора маладых”, дзе былі прадстаўлены разнастайныя ініцыятывы і праекты. Многія з іх прысвечаны грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню. Удзельнікі клуба “Патрыёт” сярэдняй школы № 3 Старых Дарог прапанавалі згадаць гістарычныя падзеі ў інтэлектуальнай гульні “Па старонках гісторыі Вялікай Айчыннай вайны”. Удзельнікі клуба “Абаронца Айчыны” сярэдняй школы № 3 Стоўбцаў ладзілі паказальнае выступленне байцоў клуба і прапанавалі ўсім зацікаўленым асвоіць некалькі прыёмаў самаабароны, навучыцца збіраць і разбіраць пісталет.

На навуковы міні-пікнік запрасілі навучэнцы сярэдняй школы № 5 Маладзечна. Тут дзейнічае “Клуб маладых адкрывальнікаў”, удзельнікі якога дэманстравалі цікавыя доследы і прапанавалі кожнаму паспрабаваць стварыць навуковыя цуды ўласнымі рукамі. Ідэі і прынцыпы энергазберажэння прапагандуюць навучэнцы сярэдняй школы № 4 Дзяржынска, аб чым расказала выступленне агітбрыгады ўстановы. Аб сваім захапленні робататэхнікай і поспехах у гэтай справе паведамілі на сваёй інтэрактыўнай пляцоўцы навучэнцы гімназіі-інтэрната Мядзела. Яны прадэманстравалі робата-ратавальніка, які ў гэтым годзе заняў 2-е месца на Рэспубліканскім конкурсе “ТэхнаІнтэлект”.

Забаўляльная праграма “Усё толькі пачынаецца”, падрыхтаваная юнымі салігарчанамі, дапамагала ў гульнявой форме даведацца аб рэалізацыі ініцыятывы “Горад, дружалюбны да дзяцей”. Аб дзейнасці маладзёжнага парламента ў сваім горадзе расказалі выхаванцы Маладзечанскага ЦТДіМ “Маладзік”. Таксама яны прапанавалі ўдзельнікам форуму адлюстраваць сваё бачанне лідарства, выканаўшы цікавыя заданні. Навучэнцы сярэдняй школы № 2 Стоўбцаў на сваёй пляцоўцы праводзілі прафарыентацыйную гульню “Профі+”, дзе дапамагалі навучэнцам разабрацца ў класіфікацыі прафесій, прааналізаваць важнасць прафесійных якасцей, разабрацца ў асновах працоўнага заканадаўства.

Ініцыятывы маладзёжнага бізнесу прэзентавалі ўдзельнікі бізнес-кампаній “Грашовае дрэва”, “Гліняны звон” і “Аграідэя”. Яны запрасілі ўсіх жадаючых на майстар-класы і расказалі, як арганізаваць сваю справу. Творчыя праекты дэманстравала “Ярмарка майстроў”, якая паказвала разнастайныя ўменні і захапленні дзяцей і запрашала ўсіх паспрабаваць сябе ў карвінгу, вырабе паштовак, сувеніраў са скуры і гліны, народных лялек.

Надзвычай актуальная на пачатку канікул “Пляцоўка бяспекі” нагадвала школьнікам аб правілах бяспечных паводзін. Спецыялізаваную тэхніку і абмундзіраванне дэманстравалі і дазвалялі прымераць супрацоўнікі ДАІ і МНС. Навучэнцы Горкаўскай сярэдняй школы Стаўбцоўскага раёна прапанавалі аднавіць веды правіл дарожнага руху ў тэматычнай віктарыне. Клецкі раённы КЮРП “Тушылка” заклікаў больш даведацца аб экіпіроўцы пажарных і навучыцца аказваць даўрачэбную дапамогу.

Акрамя пазнавальных інтэрактыўных пляцовак, навучэнцаў чакалі спартландыя, паласа перашкод, квест-гульня і тэатральная гасцёўня. Фарумчане бралі ўдзел у шматлікіх флэшмобах, запускалі паветраных змеяў, вучыліся выконваць старажытныя танцы — словам, праводзілі час ярка і весела.

Важнай часткай мерапрыемства стаў дыялог пакаленняў “Адкрыты фармат”, які запрасіў да ўдзелу юных фарумчан і ганаровых гасцей. Удзел у ім узялі А.М.Анісім, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу; М.М.Башко, старшыня Мінскага абкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі; Т.В.Апраніч, першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама; Т.М.Хмель, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінаблвыканкама; старшыня Стаўбцоўскага раённага выканкама Ю.М.Горлаў і яго намеснік С.Я.Шэсцель; В.П.Хацееў, дырэктар Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя. Пытанні школьнікі задавалі разнастайныя: ці існуе сакрэт поспеху, якія кнігі чытаюць ганаровыя госці, якія меры прымаюцца для папулярызацыі беларускай мовы сярод моладзі, ці існуюць магчымасці для арганізацыі круглагадовай працоўнай занятасці школьнікаў, ці дасканала ацэньвае веды цэнтралізаванае тэсціраванне, які год прыйдзе на змену Году навукі, ці варта абмяжоўваць час, які дзеці праводзяць у інтэрнэце, і інш. У юных і дарослых удзельнікаў мерапрыемства атрымаўся сапраўды шчыры і нефармальны дыялог — госці на кожнае пытанне адказвалі падрабязна, часам жартаўліва, з прыкладамі з асабістага жыцця, і самі адрасавалі пытанні моладзі. Дзеці не толькі запытваліся, але і ўносілі прапановы. Так, напрыклад, салігарчане прапанавалі распаўсюдзіць па ўсёй вобласці ініцыятыву, якая была рэалізавана ў Салігорску, дзе навучэнцы склалі даведнік па месцах горада з безбар’ерным асяроддзем для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Горача ўсе падтрымалі і прапанову пашырыць межы абласнога форуму і запрашаць на яго школьнікаў з іншых абласцей і краін. Ганаровыя госці парадаваліся, што дзеці мысляць крэатыўна, выказваюць свежыя, цікавыя ідэі, і адзначылі, што задача дарослых і прадстаўнікоў органаў кіравання — убачыць гэтыя ініцыятывы, падтрымаць і дапамагчы рэалізаваць іх.

Дзень работы форуму праляцеў імгненна, школьнікі забіралі з сабою дадому новыя ідэі і новыя эмоцыі.

— Гэта нешта неверагоднае! Дзеці такія крутыя, столькі ўсяго прыдумваюць і праводзяць у суседніх раёнах, вельмі цікава пра ўсё гэта даведацца, — узрушана дзеляцца ўражаннямі ад форуму дзяўчаты з Жодзіна Настасся Руднік і Аляксандра Крыніца. — Інтэрактыўныя пляцоўкі былі разнастайныя. Уразілі, напрыклад, навучэнцы, якія арганізавалі свой бізнес і зарабляюць грошы. Вельмі спадабаліся гістарычныя танцы. Мы ўжо вырашылі, што паспрабуем арганізаваць нешта падобнае ў сваіх школах, у горадзе. А яшчэ мы пазнаёміліся і пасябравалі з падлеткамі з Нясвіжа і Маладзечна, абмяняліся кантактамі, яны запрасілі нас у госці. Так што ў планах на лета — паездка да новых сяброў і знаёмства з новымі для нас гарадамі.

Форум абавязкова будзе мець працяг у новых справах і праектах, а таксама ў шчырым сяброўстве, якое нарадзілася там, дзе Нёман збірае сяброў.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.