Мы часта расказваем сваім дзецям, якім было наша дзяцінства. Здаецца, з той пары прайшло не так шмат часу, але яны слухаюць раззявіўшы рот, быццам мы жылі яшчэ ў эпоху дыназаўраў. А якую цікавасць выклікаюць у іх бабуліны аповеды пра даўнія звычаі і традыцыі!
Мае дзеці шмат ведаюць пра Беларусь, яе гісторыю, звычаі. Аднак, акрамя іх, у мяне ёсць яшчэ звыш ста дзяцей у дашкольнай установе, дзе я працую, якім таксама хочацца прывіць любоў да радзімы. Так, штогод у студзені мы святкуем калядкі. Гэты год не стаў выключэннем. У нас сабралася цудоўная кампанія, якая складалася з калядоўшчыка, цыганкі, казы, павадыра з мядзведзем і механошы. Вясёлыя, шумныя калядоўшчыкі прайшліся па нашым дзіцячым садзе, заглянуўшы ў кожны куток. Дзе б яны ні былі, усюды чуліся вясёлыя песні, праводзіліся гульні — і усё на беларускай мове, такой мілагучнай, цёплай і чароўнай. Шмат добрых пажаданняў прагучала ад гасцей, а гаспадары ўстановы падрыхтавалі пачастункі для калядоўшчыкаў.
Усе ўдзельнікі калядак атрымалі шмат пазітыўных эмоцый: і тыя, хто нёс свята у кожную групу, і тыя, хто прымаў гасцей. Усе пранікліся святочным настроем, дакрануліся да гісторыі і сталі бліжэйшымі адно аднаму.
Ці трэба дашкольнікам тлумачыць дарослыя паняцці, такія як радзіма, гісторыя, традыцыі? Безумоўна! Хоць нашы выхаванцы і маленькія, аднак сэрцы ў іх мяккія, чулыя. І мы, дарослыя, якім яны заглядваюць у вочы і прымаюць усё сказанае за чыстую манету, павінны сеяць у гэтыя чыстыя душы толькі самае лепшпае, светлае, добрае.
З году ў год у нашым садку мяняюцца дзеці, яны падрастаюць, пераходзяць у школу. Але назаўсёды нязменным застанецца наша імкненне навучыць іх любіць радзіму, цаніць яе гісторыю. І мы будзем выкарыстоўваць дзеля гэтага і пяшчотную вясну, і яркае лета, і залатую восень, і цудоўную зіму.
Аксана СТУПАКЕВІЧ,
загадчыца ясляў-сада № 25 Гродна.