Орша, маладосць, вясна

- 10:31Актуально, Апошнія запісы

Сталіца творчасці, пазітыву, інавацый, перспектыў, маладосці — усё гэта старажытная, сучасная і гасцінная Орша. Учора ў маляўнічым горадзе на Дняпры завяршылася рэспубліканскае свята “Маладзёжная сталіца Рэспублікі Беларусь — 2019”, якое прайшло з удзелам прадстаўнікоў органаў улады, лідараў маладзёжных арганізацый, студэнцкага самакіравання, маладых спецыялістаў, навукоўцаў, лаўрэатаў міжнародных конкурсаў.

Яркай падзеяй стала перадача ад моладзі Магілёва (мінула­годняй маладзёжнай сталіцы) аршанскім равеснікам сімвалічнага ключа. Але не толькі гэтай урачыстасцю запомнілася маштабнае свята. З 28 лютага па 1 сакавіка гасцей Оршы чакала насычаная праграма. Падчас маладзёжнага форуму “#БеларусьМоладзьБудучыня” навучэнцы і студэнты разам з міністрам адукацыі Ігарам Карпенкам абмеркавалі пытанні палітычнага, эканамічнага і культурнага жыцця краіны, праект стратэгіі развіцця маладзёжнай палітыкі да 2030 года, дзей­насць пярвічак БРСМ, ролю студэнцкага самакіравання ў павышэнні якасці адукацыйнага працэсу. Выстава-прэзентацыя азнаёміла наведвальнікаў з дасягненнямі сістэмы адукацыі Аршаншчыны, выхаваўчай работай, якая праводзіцца ва ўстановах адукацыі як Віцеб­шчыны, так і ўсёй краіны ў Год малой радзімы. Выдатным працягам сталі правядзенне ў першы дзень вясны экскурсійнай праграмы “Орша — горад гістарычны…”, а таксама старт мала­дзёжнага праекта “75 мірных гадоў” каля помніка Герою Савецкага Саюза Канстанціну Заслонаву.

— Сёння моладзь — самая актыўная, матываваная, адукаваная частка грамадства. Гэта па сутнасці стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця нашай краіны. Вам, маладым, трэба будзе прымнажаць эканамічны і інтэлектуальны патэнцыял Беларусі, клапаціцца пра яе мірную будучыню. Упэўнены, што вы з гонарам працягнеце традыцыі старэйшых пакаленняў, зробіце ўсё неабходнае для росквіту нашай краіны, — звярнуўся да ўдзель­нікаў свята Ігар Карпенка.

Па словах міністра адукацыі, на працягу бягучага года ў Оршы будуць праводзіцца абласныя і рэспубліканскія мерапрыемствы, горад на Дняпры стане выдатнай пляцоўкай для падтрымкі і развіцця разнастайных маладзёжных праектаў. Сістэму адукацыі райцэнтра таксама чакаюць якасныя змены. Напрыклад, з 1 верасня на базе Аршанскага дзяржаўнага механіка-эканамічнага каледжа плануецца адкрыццё рэсурснага цэнтра з аснашчэннем аўдыторый і лабараторый сучасным абсталяваннем. Акрамя таго, Орша прыме фінал Рэспубліканскага агляду-конкурсу “АРТ-вакацыі”, а мясцовы лядовы палац, як плануецца, стане месцам правядзення рэспубліканскага свята “Апошні званок”. Шматлікія абласныя, рэспубліканскія мера­прыемствы будуць са­дзейнічаць абмену вопытам паміж моладдзю ўсіх рэгіёнаў краіны, прытоку моладзі ў Оршу.

Несумненна, Орша годна пранясе статус маладзёжнай сталіцы, які, нагадаем, па выніках конкурсу прысуджаецца тэрмінам на адзін год. Горад з такім званнем атрымлівае выдатную магчымасць паказаць сацыяльную, эканамічную, палітычную актыўнасць сваіх маладых жыхароў. У рамках праекта ў горадзе са статусам маладзёжнай сталіцы рэалізоўваюцца новыя ідэі, інавацыйныя праекты, якія становяцца прыкладам для развіцця іншых гарадоў. Пачэсны статус дазваляе гораду гучна заявіць пра сябе. Горад маладосці, горад на Дняпры, горад, куды прыйшла вясна, безумоўна, скарыстае гэтую магчымасць.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота БелТА і Таццяны БОНДАРАВАЙ.