Па алімпійскія рэкорды — на ўрок матэматыкі, па алімпійскі факел — на ўрок працы

- 12:04Спартыўныя падзеі

Апошнія дні навучальнага года — час падсумаваць вынікі работы. Для Дзмітрыя Уладзіміравіча Мірановіча, настаўніка фізічнай культуры сталічнай школы № 161, гэты год стаў не зусім звычайным: сёлета ён пры падтрымцы калег распрацаваў і апрабаваў Праграму выхавання і ўкаранення ідэалаў алімпійскага руху ў адукацыйны працэс. Разам з ім у творчым праекце ўзялі ўдзел настаўнікі рускай, беларускай і замежных моў, матэматыкі, геаграфіі, біялогіі, хіміі і інш.

Трэба адзначыць, што Дзмітрый Мірановіч ужо з’яўляўся на старонках “Настаўніцкай газеты” са сваімі ідэямі выкарыстання мабільнага тэлефона на ўроках фізкультуры. Сучасны падыход да справы дазволіў яму атрымаць тытул “Самы прасунуты настаўнік” на рэспубліканскім конкурсе, арганізаваным газетай “Камсамольская праўда ў Беларусі”. Сам жа педагог бачыць сваю прасунутасць у тым, каб у любой справе адштурхоўвацца ад інтарэсаў дзяцей.
“Сутнасць маёй ідэі ў тым, каб данесці да дзяцей, іх бацькоў, педагогаў інфармацыю пра алімпійскі рух, — адзначае Дзмітрый Уладзіміравіч. — Актуальнасць яго пашырэння ў нашай краіне звязана з вядомай супярэчнасцю: з аднаго боку, гэта высокі ўзровень развіцця спорту, а з другога — нізкі ўзровень ведаў у галіне ідэалаў і каштоўнасцей спорту. Менавіта з гэтай мэтай і нарадзілася праграма, разлічаная на адзін навучальны год. У яе рэалізацыі былі задзейнічаны абсалютна ўсе кафедры, якія існуюць у школе. Мне пашанцавала знайсці аднадумцаў сярод калег”.
Ужо на пачатку навучальнага года ў 161-й школе закруцілася кола віктарын, дыскусій, фестываляў, спаборніцтваў, стварэння інфармацыйных буклетаў, газет, відэасюжэтаў і інш. Настаўніца матэматыкі Наталля Анатольеўна Кавалькова распрацавала цэлы шэраг цікавых задач на тэму алімпійскіх гульняў, прычым ва ўмовы заданняў уваходзілі імёны рэальных спартсменаў, іх сапраўдныя спартыўныя вынікі і рэкорды. Дзеці падхапілі ініцыятыву, заставалася толькі праверыць і пры неабходнасці падкарэкціраваць прапанаваныя імі задачы.
Урокі беларускай і рускай мовы запомніліся “Одай спорту”, таксама творчым сачыненнем на класічную тэму “О спорт, ты — свет!”.
Натуральна, што да школьнага алімпійскага руху далучыліся ўсе настаўнікі фізічнай культуры. Для таго каб прыцягнуць да прадмета як мага большую колькасць навучэнцаў, у ход пайшла “цяжкая артылерыя”, а іменна адны з самых папулярных камп’ютарных гульняў.
Гульнявая прыстаўка Xbox спісвае рухі гульца і пераносіць іх на экран. Такім чынам, выкарыстаўшы, скажам, адну з праграм, якая імітуе фармат лонданскай Алімпіяды-2012, кожны школьнік атрымлівае магчымасць адчуць сябе сапраўдным чэмпіёнам. Трэба ўсяго толькі ўставіць дыск, выбраць від і ўмовы спаборніцтваў — і вось ты ўжо штурхаеш віртуальнае кап’ё ці пераскокваеш віртуальны бар’ер.
“Выкарыстоўваючы імітатар лонданскай Алімпіяды, мы праводзілі нават чэмпіянат школы, — расказвае педагог. — Гэта было па-сапраўднаму цікава дзецям. Плюсоў нямала: школьнікі знаёмяцца з відамі спорту, унікаюць у сутнасць спаборніцтваў у кожнай дысцыпліне, і галоўнае, яны шмат і актыўна рухаюцца. Для большага візуальнага эфекту мы выкарыстоўваем вялікі экран.
Пры выкарыстанні праграмы FIFA-2014 паралельна праходзяць спаборніцтвы па футболе.
Гэта выбар саміх дзяцей, бо амаль усе спартыўныя мерапрыемствы мы праводзім, абапіраючыся на папярэдняе апытанне. Напрыклад, навучэнцы ініцыіравалі гонкі на радыёкіруемых аўтамабілях. Можна было спаборнічаць на хуткасць, на праходжанне элементаў і інш. У наступным годзе мы працягнем гэтую ініцыятыву, але ўжо з радыёкіруемымі верталётамі. Пры дапамозе геліевых шарыкаў зробім розныя камбінацыі паветраных варот, што дазволіць дзецям прадэманстраваць майстэрства пілатажу”.
Як аказалася, можна зацікавіць тэмай фізкультуры і тых, хто мэтанакіравана робіць першыя крокі ў навуку. Навуковы клуб IQ-school, які працуе на базе 161-й школы, і яго кіраўнік Інеса Васільеўна Прохарава таксама актыўна ўключыліся ў рух папулярызацыі спорту. Тут правялі навуковае даследаванне на тэму “Уплыў фізічных практыкаванняў на разумовыя працэсы”.
“За аснову бралася паралель 5-х класаў, дзе выдзяляліся 4 кантрольныя групы, — расказвае Д.У.Мірановіч. — У кожную такую групу траплялі дзеці, якія маюць па матэматыцы 7 балаў і вышэй. Дзецям прапаноўваліся два блокі матэматычных заданняў, прычым паміж блокамі рабіўся невялікі перапынак. Першая група ў час перапынку пасіўна адпачывала, другая працягвала працаваць, але рашаючы нескладаныя прыклады, трэцяя выкарыстоўвала фізічную нагрузку, чацвёртая мела час паласавацца салодзенькім. Пасля праходжання двух этапаў у работах навучэнцаў фіксаваліся памылкі, таксама бралася пад увагу хуткасць рашэння задач.
Шчыра кажучы, я меркаваў, што фізкультура пераможа, але будзем праўдзівымі: перамог пасіўны адпачынак і нескладаная праца. Думаю, у другім выпадку рашэнне нескладаных матэматычных задач было нечым накшталт “разагрэву” ў фізкультуры. І толькі потым на разумовыя здольнасці ўплывалі фізічныя практыкаванні і ежа.
Мне асабіста хацелася б рухаць цікавую дзецям эксперыментальную дзейнасць у гарадскім маштабе, але, на жаль, я пакуль не знайшоў аднадумцаў. Магчыма, дрэнна шукаў”.
Цікава, што актыўнымі ўдзельнікамі школьнай праграмы выхавання і ўкаранення ідэалаў і каштоўнасцей алімпійскага руху ў адукацыйны працэс стала кафедра замежных моў. Менавіта на базе кабінета замежных моў быў створаны алімпійскі куток. А выкладчыца англійскай мовы Валянціна Міхайлаўна Гутарава распрацавала ў рамках факультатыву мэтавую праграму “Стань валанцёрам на Алімпійскіх гульнях”. У якасці зыходнага пункта была абрана валанцёрская работа на Сочынскай Алімпіядзе.
Алімпіяда ў Сочы зацікавіла і настаўніцу геаграфіі Таццяну Раманаўну Сета. Як растлумачыць дзецям такое супярэчнае спалучэнне, як субтрапічны клімат Сочы і правядзенне зімовых Алімпійскіх гульняў? Вось тут важнасць геаграфіі была прадэманстравана школьнікам ва ўсёй прыгажосці. Цікавыя аповеды пра горныя кластары, дзе нават летам можа захоўвацца снег, далі адказы на ўсе пытанні. А далей пачалося падарожжа па “алімпійскіх” мацерыках, якое таксама зрабіла свой уклад у скарбонку ведаў.
Выкладчыца хіміі Ганна Уладзіміраўна Кірчанка звярнула ўвагу на такую тэму, як спартыўная фармакалогія. Шэраг дакладаў і прэзентацый на тэму допінгу і фармакалагічнага суправаджэння спартсменаў сталі цікавай інфармацыяй для сучасных школьнікаў.
Алімпійскія эмблемы класа і стварэнне алімпійскіх факелаў на ўроках працы, парад адзення для фітнесу і нават работа над спартыўнымі гімнамі класаў — усё гэта вынік работы праграмы і, канечне, неабыякавага педагагічнага калектыву.
“У нас школа, якая вітае эксперыменты, — усміхаецца Дзмітрый Уладзіміравіч. — Прычым кіраўніцтва настолькі зацікаўлена ў творчых педагогах, што і самі праекты, і педагогі атрымліваюць не толькі маральную, але і матэрыяльную падтрымку. Для мяне на дадзены момант гэта іміджавы праект. Але ў наступным годзе з гэтай праграмай я збіраюся прэтэндаваць на грант Мінгарвыканкама.
У свой час я прыехаў працаваць у Мінск з Новалукомля і быў упэўнены, што ў сталіцы мяне чакае неверагодная канкурэнцыя. Хваляваўся. Думаў, як буду адпавядаць новаму ўзроўню. Што магу сказаць цяпер? На шчасце, у сталіцы ёсць таленавітыя настаўнікі фізікультуры, але праблема ў тым, што іх не так шмат, як хацелася б.
Усё, чаго хачу дасягнуць я, — гэта прафесійнага развіцця і шчырага жадання дзяцей ісці на ўрокі фізкультуры. Я даўно заўважыў: калі дзеці прыходзяць на класічныя спартыўныя мерапрыемствы кшталту спартландый, то, нягледзячы нават на добрыя прызы, у іх вачах няма агеньчыка. Прыйшлі таму, што трэба. І зусім іншая справа, калі яны прыйшлі на мерапрыемства, якое прапанавалі самі: тут іх не трэба запрашаць да дзеяння”.
Не толькі педагог, але і нямала яго вучняў з задавальненнем успамінаюць фестываль паветраных змеяў. Настаўніку асабліва цікава было назіраць за ўзаемадзеяннем дзяцей і іх бацькоў. Вось дарослы мужчына з вачамі, поўнымі радасці, трымае за нацягнутую вяроўку паветранага змея, які трымціць ад ветру. І зноў усё як першы раз! Побач сын, які ўсміхаецца ў адказ на такую зразумелую радасць. У дарослым жыцці не так шмат вольнага часу, каб патраціць на яго школьнае мерапрыемства. Але калі па-сапраўднаму цікава, бацькі прыходзяць.
Не менш цікава назіраць, як таты “танцуюць” перад вялікім экранам, спрабуючы ўстанавіць уласны спартыўны рэкорд. Галоўнае, што яны пачынаюць разумець інтарэсы сваіх дзяцей.

Наталля АЛЁХІНА.