Па прынцыпе “ўзыходжання”

- 12:40Суразмоўца

У кожнага свае прыступкі да прафесійнага росту. Высокія, нізкія, шырокія, вузкія — усе яны пераадольныя толькі пры ўмове жадання рухацца наперад. Усе пачаткоўцы робяць няўпэўненыя крокі, таму падтрымка сталых і мудрых заўсёды будзе дарэчы. Маладыя педагогі гімназіі № 10 Гомеля такую падтрымку адчуваюць з першага дня сваёй педагагічнай дзейнасці. Канечне, дарослыя і вопытныя калегі не могуць знізіць вышыню прыступкі, але яны могуць стварыць умовы, пры якіх кожная наступная прыступка не будзе перашкодай, а стане мастком да росту. Пра падыходы ў адаптацыі маладых настаўнікаў расказвае Наталля Фёдараўна Васіленка, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 10, кіраўнік “Школы маладога спецыяліста”. 

Свежы струмень

— Наталля Фёдараўна, апішыце, калі ласка, сучаснага маладога настаўніка, таго, хто да вас прыходзіць.
— Да нас прыходзяць розныя выпускнікі УВА: нясмелыя, сарамлівыя, далікатныя дзяўчаты і, наадварот, упэўненыя ў сваіх ведах і вопыце, атрыманых падчас педагагічнай практыкі, маладыя людзі. Усе яны ў многім падобныя: у імкненні праявіць сябе, у жаданні спадабацца дзецям, унесці ў калектыў свежы струмень.
Першыя ж дні, праведзеныя ў асяроддзі дзяцей, паказваюць “навабранцам”, што залішняя самаўпэўненасць гэтак жа перашкаджае, як і сарамлівасць. Акунаючыся ў кругаварот школьнага жыцця, маладыя настаўнікі сутыкаюцца не толькі з праблемай планавання і правядзення ўрокаў, але і з папяровымі “хмарачосамі”, са штодзённымі абавязкамі класнага кіраўніка, дзяжурнага настаўніка і г.д. Дапамагчы маладым застацца вернымі выбранай прафесіі — задача “Школы маладога спецыяліста” нашай гімназіі.

— Працэс адаптацыі (да новага месца работы, калектыву, дзяцей) маладога настаўніка мае вельмі вялікае значэнне. Ён, па-сутнасці, з’яўляецца вызначальным. Што ўключаеце ў гэты працэс вы?
— Сапраўды, працэс адаптацыі маладога настаўніка мае вельмі вялікае значэнне. З аднаго боку, маладому педагогу трэба будзе вучыць і выхоўваць дзяцей, заваёўваючы іх аўтарытэт, карэкціраваць іх учынкі і развіваць здольнасці. З іншага боку, вучыцца павінен і ён сам. Улічваючы гэтую асаблівасць, дзейнасць “Школы маладога спецыяліста” арганізоўваем у адпаведнасці з прынцыпам “узыходжання”: спачатку прафесійная адаптацыя маладога настаўніка, затым развіццё педагагічнай кампетэнцыі і, нарэшце, выхаванне імкнення да самастойнай творчасці ў педагагічнай дзейнасці.
Першым крокам да адаптацыі з’яўляецца арганізацыя ў гімназіі настаўніцтва. Нашы вопытныя настаўнікі — гэта дасведчаныя, творча працуючыя людзі. Яны складаюць індывідуальны план работы з маладым спецыялістам, наведваюць урокі, выяўляюць яго праблемы, кансультуюць па складаных пытаннях. Немалаважным этапам у рабоце “Школы маладога спецыяліста” з’яўляецца знаёмства пачаткоўцаў з традыцыямі нашай гімназіі. Часцей за ўсё менавіта маладыя педагогі становяцца потым заўзятымі паслядоўнікамі гэтых традыцый, паколькі не толькі прымаюць іх, але і захапляюцца, натхняюцца імі.
Вялікае значэнне ў адаптацыі маладога спецыяліста мае яго здольнасць і жаданне працаваць над самаразвіццём. Ці імкнецца малады педагог да самаадукацыі і самавыхавання? Ці пакідае час для развіцця? Ці аналізуе сваю дзейнасць? Ці верыць у свае магчымасці? Адказаць на гэтыя пытанні дапамагаюць складзеныя педагогам-псіхолагам дыягнастычныя карты. Тэматыка ўсіх заняткаў у “Школе маладога спецыяліста” нашай гімназіі носіць практыка-арыентаваны характар.
Навучанне ў школе доўжыцца два гады. У першы год маладыя спецыялісты атрымліваюць веды і адпрацоўваюць уменні, якія спрыяюць набыццю практычных навыкаў для педагагічнай дзейнасці. У сувязі з гэтым план работы першага года навучання носіць агульную тэму “Веды і ўменні як аснова творчасці навучэнцаў”. На гэтым этапе навучання разглядаем пытанні, якія тычацца арганізацыі сучаснага ўрока. Гэта ўменне вызначаць мэты і задачы, структуру вучэбных заняткаў, тып урока, праводзіць самааналіз і аналіз урока.
У канцы першага года дзейнасці школы праводзім такое мерапрыемства, як “Педагагічны дэбют” (адкрытыя ўрокі маладых) і выніковыя заняткі, на якіх маладыя настаўнікі робяць самааналіз уласнай педагагічнай дзейнасці. Творчая справаздача педагога павінна раскрыць асноўныя правілы арганізацыі сучаснага ўрока з улікам асабістага вопыту.
Пытанні, якія разглядаюцца ў другі год навучання ў школе маладых, аб’яднаны тэмай “Самастойны творчы пошук настаўніка”. На пасяджэннях разглядаем пытанні выкарыстання разнастайных форм і метадаў дзейнасці на вучэбных занятках, выкарыстання сучасных інфармацыйных тэхналогій у выкладанні, самаадукацыі як крыніцы індывідуальнага росту педагога.
Самаадукацыя павінна быць яго пастаяннай жыццёвай патрэбай, бесперапынным працэсам даследавання і творчасці. У педагогаў-пачаткоўцаў часта ўзнікаюць пытанні па наладжванні кантакту з навучэнцамі, таму ў рабоце пасяджэнняў прымае ўдзел псіхолаг. У выглядзе практыкаванняў і трэнінгаў настаўнікі атрымліваюць адказы на пытанні, як знайсці найбольш эфектыўныя спосабы вырашэння канфліктных сітуацый, як не зрабіць памылак пры ўспрыманні вучня, як правільна інтэрпрэтаваць паводзіны вучня на ўроку.

— Наталля Фёдараўна, а што можа стаць вызначальным у прыняцці рашэння пачынаючага настаўніка, калі ён кажа сабе: “Так, я застаюся” ці “Не, сыходжу”?
— Адказаць на гэтае пытанне можна словамі прыпавесці.
У трох майстроў, якія высякалі з каменю скульптуры, спыталі, што яны робяць. Першы адказаў: “Кожны дзень я выразаю з гэтага праклятага каменю і не бачу канца-краю сваёй рабоце”. Другі адказаў: “Я выразаю скульптуру, каб выгадна яе потым прадаць. Кожны дзень я націраю мазалі, аднак набліжаюся да забяспечанага жыцця для сябе і сваёй сям’і”. А трэці майстар сказаў: “Я адчуваю, як камень пад маімі рукамі набывае выдатныя абрысы. Кожны дзень я набліжаюся да нараджэння цуду. Гэтая скульптура будзе служыць людзям яшчэ тысячу гадоў, бо я ўкладваю ў яе сваё майстэрства і любоў”. Усё залежыць ад стаўлення да справы, якой ты займаешся. Маладыя настаўнікі, якія не ўкладваюць душу ў сваю справу, у сферы адукацыі не затрымліваюцца проста таму, што не знаходзяць сябе (і ў нас такіх няма).

— А колькі трэба часу, каб вырасціць настаўніка з маладога спецыяліста?
— Са словам “вырасціць” у мяне ўзнікаюць такія асацыяцыі: вырасціць хлеб, вырасціць сад… Колькі трэба часу, каб вырасціць сад ці хлеб? Гэта вымяраецца не часам, а колькасцю сонца і ўкладзенай працы. Маладому настаўніку таксама неабходна шмат сонца — гэта значыць разумення, увагі, а таксама моцная асоба вопытнага настаўніка, які заўсёды будзе прыкладам.

З пазітыўным настроем і на ўласным прыкладзе

Пасля гутаркі з Наталляй Фёдараўнай я звярнулася да адной з выпускніц “Школы маладога спецыяліста” Юліі Бяспалавай, настаўніцы фізічнай культуры і здароўя.
Два гады назад маладую энергічную дзяўчыну, “спартсменку, актывістку” ў гімназіі ўцягнулі ў самыя розныя праекты. Яна стала кіраўніком групы чырлідынгу, класным кіраўніком у 5 класе, рыхтавала каманду навучэнцаў пачатковых класаў да спартландыі. У выніку каманда вучняў гімназіі ў 2013 і 2014 годзе выйгравала ў сапернікаў — выхаванцаў спартыўнай школы.
Юлія Міхайлаўна прымала ўдзел і ў конкурсе “Міс вясна-2013” сярод арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў адукацыі Цэнтральнага раёна Гомеля і стала пераможцай у намінацыі “Міс глядацкіх сімпатый”. Юлія Міхайлаўна ветліва пагадзілася стаць удзельніцай невялікага бліцінтэрв’ю.

— Чаму вырашылі стаць настаўніцай фізічнага выхавання?
— Сваю прафесію са спортам я вырашыла звязаць, калі вучылася ў 6 класе. З 2005 па 2010 год вучылася ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны на факультэце фізічнай культуры. У 10-й гімназіі працую трэці год, з’яўляюся выпускніцай гімназічнай “Школы маладога спецыяліста”.

— Застаўся ў памяці першы ўрок?
— Свой першы ўрок помніць, напэўна, кожны настаўнік. Плануючы яго, я засяродзілася толькі на змесце і выкананні задач і не задумалася нават пра тое, што буду рабіць у выпадку зрыву дысцыпліны. Але дзеці мяне не падвялі, актыўна ўдзельнічалі ва ўсіх прапанаваных гульнях і практыкаваннях, дапамагалі, бо бачылі перад сабой залішне засяроджанага настаўніка фізкультуры.

— Які ўрок можна лічыць паспяховым?
— На мой погляд, паспяховы ўрок — гэта спалучэнне якаснай падрыхтоўкі настаўніка, пазітыўнага настрою і асабістага прыкладу.

— Якую ролю адводзіце дысцыпліне?
— Дысцыпліне на ўроку я надаю вялікае значэнне, бо ўрок фізкультуры — гэта самы траўманебяспечны занятак. Улічваючы псіхалагічныя асаблівасці дзяцей, імкнуся пабудаваць яго ў адпаведнасці з праграмнымі патрабаваннямі, падбіраючы матэрыял па ўзросце навучэнцаў. Імкнуся стварыць станоўчы эмацыянальны настрой за кошт добразычлівых адносін паміж мной і дзецьмі і захопленых заданняў, а менавіта разнастайных гульняў. Здаецца, мне гэта ўдаецца. У нас з дзецьмі цёплыя, добразычлівыя адносіны.

— З якімі праблемамі давялося сутыкнуцца?
— Маладому настаўніку ў першыя гады працоўнай дзейнасці сапраўды нялёгка. Асабліва палохае дакументацыя, але я спраўляюся. У гімназіі маладых спецыялістаў, знаёмячы з традыцыямі, адразу ўключаюць у якую-небудзь калектыўную справу. Чалавек непазітыўны можа сказаць: “Нагрузілі, навесілі ўсяго”. Я вельмі рада, што ў мяне ёсць такая “нагрузка”, як , напрыклад, чырлідынг. Гэта мой своеасаблівы настаўніцкі адпачынак і хобі, гэта зносіны з дзецьмі і бацькамі, удзел у спаборніцтвах і фестывалях.

— Ці змяніліся вы за час настаўніцтва?
— З цягам часу я станаўлюся больш упэўненай. На сваіх уроках выкарыстоўваю формы і прыёмы, якім навучылася, будучы студэнткай універсітэта, а потым удасканаліла ў “Школе маладога спецыяліста”. З намі працавалі і настаўнікі, і псіхолаг, і кіраўнік школы. Заняткі ў школе маладых — гэта рэальная падтрымка для настаўнікаў-пачаткоўцаў. І ўжо ад цябе залежыць, ці будзе гэта прыступкай у тваім прафесійным росце.

— Вялікі дзякуй за адказы і поспехаў.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.