Па старонках любімых казак

- 16:38Нам пішуць

Час бяжыць незаўважна. Вось ужо амаль 5 месяцаў я працую ў групе прадоўжанага дня Субацкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Ваўкавыскага раёна. Кожны дзень стараюся ўнесці ў работу нешта новае і цікавае. Плануючы тэматыку кожнага тыдня, імкнуся абапірацца на тое, што дзецям цікава, чым яны хочуць займацца, чым жывуць на цяперашні момант.

У выхавальніка групы больш, чым у настаўнікаў, часу, каб дапамагаць выхаванцам рэалізоўваць сябе творча, ствараць для іх сітуацыі поспеху, якія дапамогуць сцвердзіцца ў вачах аднагодкаў і педагогаў. Не сакрэт, што сёння дзеці сталі менш чытаць, менш гуляць на свежым паветры, не ўмеюць адпачываць. Таму група прадоўжанага дня павінна вучыць дзяцей актыўнаму працэсу пазнання.

У групе прадоўжанага дня прайшоў тэматычны тыдзень юнага чытача. Мерапрыемствы былі спланаваны так, каб праз удзел у іх можна было пазнаёміцца з гісторыяй стварэння і развіцця дзіцячай кнігі, сфарміраваць навыкі свядомага пошуку і атрымання патрэбнай кнігі, выхаваць цікавасць да дзіцячых твораў.
Кожны дзень дзяцей чакаў сюрпрыз. Быў абноўлены групавы кніжны куток, юныя творцы прыносілі ў групу любімыя кнігі, расказвалі пра іх, малявалі да іх ілюстрацыі.

Падчас тыдня прайшлі дзве экскурсіі: “Дзе жывуць кнігі?” (у сельскую бібліятэку) і “Якія бываюць кнігі?” (у школьную). Таксама была праведзена калектыўная творчая справа “У госці да пісьменніка С.Маршака”, дзе школьнікі маглі бліжэй пазнаёміцца з творчасцю гэтага выдатнага аўтара твораў для дзяцей, паўдзельнічаць у стварэнні кніжак-малышак з яго творамі, у конкурсах. А закончыўся тыдзень літаратурнай віктарынай “Па старонках любімых казак”, дзе дзве каманды паказалі добрае веданне народных казак. Усе дзеці групы сталі чытачамі сельскай бібліятэкі.

Яніна ВІТУС,
выхавальнік Субацкага дзіцячага сада – сярэдняй школы Ваўкавыскага раёна.