Бадай, большасць вучняў кожнай школы заўсёды з вялікім жаданнем чакае канікул. Вучні Барунскага ВПК таксама не выключэнне. Сёлета падчас асенніх канікул, з 30 кастрычніка па 4 лістапада, на базе школы працаваў 6-дзённы лагер “Усмешка”, які дзеці наведвалі з вялікай ахвотай.
І сапраўды, лагер у Барунах апраўдаў сваю назву, бо колькасць вясёлых твараў і радасных вачэй тут было цяжка палічыць. Кожны дзень наведвальнікі лагера пачыналі з усмешкі, ёю ж і развітваліся. Усе дні змены праходзілі пад адмысловым дэвізам, а за іх тэматыкай сачыў кожны навучэнец.
Напрыклад, вучаніцы Юліі Маціеўскай вельмі спадабаўся дзень бяспекі. Падчас яго дзяўчынка не забывала звяртаць увагу сваіх сяброў на тое, што ў гэты дзень яны павінны быць пільнымі і ўважлівымі, таму ўсе адмовіліся ад камп’ютараў і мабільных тэлефонаў. У гэты ж дзень супрацоўнікі ДАІ Ашмянскага раёна і Пажарнага аварыйна-ратавальнага паста ў Барунах правялі з навучэнцамі цікавую гульню-гутарку “Мая бяспека”.
Дзеці прымалі актыўны ўдзел у адкрыцці і закрыцці лагера. Музычныя нумары для выступлення яны рыхтавалі самастойна. Кожны змог праявіць свой талент і падарыць навакольным сваю ўсмешку.
Алена БРАЖЫЦКАЯ,
настаўніца нямецкай мовы
Барунскага вучэбна-педагагічнага комплексу Ашмянскага раёна.