Па запавеце продкаў

- 10:57Прафесіяналы

Слова “бортніцтва” нам, беларусам, добра вядома з падручнікаў па гісторыі, дзе яно ўпамінаецца як адзін з традыцыйных заняткаў нашых продкаў стагоддзі назад. Але і сёння ёсць людзі, якія не даюць гэтай справе адысці ў нябыт. Рыгор Іванавіч Барысавец, настаўнік гісторыі і дырэктар Бараўской сярэдняй школы Лельчыцкага раёна, падхапіў старажытны промысел з рук сваіх продкаў і ўсё сваё свядомае жыццё беражліва захоўвае сівыя традыцыі і палескіх дзікіх пчол. 

Таямніцы лельчыцкіх борцей

Лельчыцкі раён знакаміты якраз сваёй адданасцю, вернасцю традыцыям продкаў: больш за 100 палешукоў “гля­дзяць борці”. Менавіта гэты рэліктавы лясны промысел у 2017 годзе быў узяты пад ахову дзяржавы: яму прысвоены статус нематэрыяльнай культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь. У гэтых гушчарах, куды рэдка ступае нага чалавека і ніколі не заязджае кола, на векавых соснах вісяць векавыя борці.

Каб настроіць на абяцаную экскурсію ў лес, Рыгор Іванавіч частуе нас у сваім кабінеце чаем з дзікім, неверагодна духмяным мёдам. Гэта, прызнаюся, быў лепшы пачастунак у маім жыцці! Не менш цэняць лясны мёд і палешукі, таму, гаворыць Рыгор Іванавіч, яны і не ўспрынялі некалі моду на рамачнае пчалярства, ці, як казалі мясцовыя старажылы, лянівае. Ды справа не толькі ў адметным смаку мёду. “Галоўнае для мяне — задавальненне ад самой працы. Нехта едзе адпачываць на мора, у горы, для мяне ж самы лепшы адпачынак толькі ў лесе. І няхай я ледзь ногі прыцягну дадому вечарам, усё роўна я поўны энергіі”, — гаворыць Рыгор Іванавіч.

Гэта не пчалярства ў сучасным выглядзе — карыслівае, патрабавальнае і беспрынцыповае. Гэта хутчэй нейкі сакрамент, настолькі пераплецены з традыцыямі і павер’ямі, што промыслам яго можна лічыць толькі з нацяжкай. У гэтым упэўнілася і я, калі мяне Рыгор Іванавіч узяў з сабой на пару гадзін аглядаць сваю лясную гаспадарку. Асноўны клопат — вясной, калі “творыцца вулле”, і восенню, калі збіраецца мёд. Асноўны ж летні клопат — змесці зверху ігліцу, зняць павуцінне, паглядзець, каб не ўлезлі ў борць мурашкі, каб яе не праела куніца, каб не біла жаўна (чорны дзяцел).

Збіраючыся ў лес, Рыгор Іванавіч закідвае на плячо жэнь — сплеценую з дублёнай ласінай скуры даўжэзную вяроўку. “Яе вязаў бацькаў дзядзька, а калі яму было 96 гадоў, перадаў у нашу сям’ю. З гэтай жэнню лазілі і мой баць­ка, і брат, і я сам”, — ­гаворыць мой суразмоўнік. Ідучы па лясных сцежках, расказвае: “Мой бацька мала памятаў свайго бацьку — майго дзеда, але яго добра памятаюць бацькавы дзядзькі. Яны — старажылы, усё сваё свядомае жыццё займаліся борцю. Вуллі рабілі дома, насілі іх (а яны ж цяжэнныя, на сотню-дзве вагі!) на сабе ў лес, драўляным колесам усцягвалі на дрэва. Мой бацька яшчэ дзіцем дапамагаў дзядзьку і навучыўся сам. Пасля арміі пайшоў на вайну, вярнуўся інвалідам 2 групы, але, тым не менш, занятку не кідаў. Так, яму было цяжка, але гэта было і падмогай, бо не хапала грошай, ды і іншых ласункаў для нас, дзяцей, было не дастаць. А ў сям’і нас было васьмёра. Я — самы малодшы. Паціху дапамагаць бацьку сталі і мы. Асабліва палюбілі гэтую справу мы з братам Адамам. Я памятаю, як пайшоў з бацькам восенню збіраць мёд, у яго зачапілася жэнь. На той момант бацьку было за 70 гадоў, а я вучыўся ў 6 класе. І мне прыйшлося залезці на гэтую сасну, каб зняць жэнь. Мне так тады спадабаўся сам працэс узбірання па соснах, заглядвання ў вуллі, назірання за жыццём пчол. Потым стаў “тво­рыць вулле”, лажыць пагон, у 9 класе зрабіў сваю першую борць. І з таго часу не пакідаю гэтую справу”.

У госці да пчол

Сёння ў Р.І.Барысаўца не менш як 50—80 борцей (дакладную колькасць ён і сам не ведае). Многім, якія дасталіся ў спадчыну, па 80, 100 гадоў, а ўзрост самых старых нават яго 90-гадовы дзед не мог назваць.

Пачынаецца гаспадарка дырэктара на ўскрайку лесу, дзе ў акружэнні маладзенькіх бярозак амаль пры самай зямлі на металічных падстаўках умацавана некалькі борцей. “Гэта стары вулей, дубовы, яму гадоў 80, — пачынае экскурсію ад аднаго з іх Рыгор Іванавіч. — Я яго ўжо забраў з лесу, бо яго ўжо можа і куніца праесці, а тут куніц менш. Высока борці паднімаць пачалі яшчэ з часоў дэфіцыту салодкага, каб злодзей не залез. Цяпер ніхто чужога не чапае і ніхто ў мае вуллі ніколі не лазіў. Ды і дочкам маім ніжэй зручней: Насця і Ліяна з маленства са мной. Ліяна з гадкоў пяці мне прывязвала сумку з багуном і прыправамі, калі я тварыў вулле, сякерку прывязвала. Яны і сёння кожны раз мне дапамагаюць. Пляменніца мая жыве ў Германіі, у лесе борці ўстанавіць няма магчымасці, таму яна паставіла вуллі ў сваім садзе”.

Адбіўшы сякерай доўж, Рыгор Іванавіч паказвае нутро борці: “Гэтая частка, правая, называецца потка. Сюды кладзецца крушына, багун і іншыя травы. А злева — “галава” борці. Там мы і пакідаем мёд для пчалінай сям’і. Пакідаем роўна з доўжу (гарызантальнай закрыўкай адтуліны), калі “галава” малая, яшчэ дабаўляю вашчыны 2—3. Галоўнае, каб мёду хапіла пчолам. А лішак я лепш вясной забяру, калі буду аглядваць борці”.

Так, часта даводзіцца збор мёду адклад­ваць на вясну, бо ўвосень у дырэктара шмат работы ў школе. Ды і дажджы могуць зачас­ціць — пасля дажджу ж не палезеш па слізкім дрэве. Таму частку адпачынку пакідае на восень, каб паглядзець борці. На дапамогу прыязджаюць і пляменнікі. Бо калі доўга іх не глядзіш, то вуллі напаўняюцца мёдам, пчолам нічога не застаецца, як ляцець шукаць новае месца. Так яны раяцца і пакідаюць гэтыя мясціны. Яны месца сабе новае знойдуць, але ўжо не перазімуюць.

Знаходзіцца час у дырэктара зрабіць і новыя борці. І тут ён майстар.

“На борць лепш браць старую сасну, прычым сітавую — сапсаваную знутры. З ёй лёгка працаваць, у яе вельмі ахвотна садзяцца пчолы і добра зімуюць, бо такое дрэва цёплае і там пчолы не баяцца самых лютых маразоў. Такія дрэвы мы знаходзім самі, а лясгас дае нам іх на борці бясплатна — толькі рабі.

У кожнага майстра свой стыль, кожны па-свойму майструе борці. Напрыклад, я “галаву” раблю пад клін, нехта — роўна, нехта — трапецыяй. Я ва ўсіх сваіх борцях раблю паглыбленне для багуну, нехта робіць ніз роўным. Я раблю борць шырынёй пад свой кулак, нехта робіць шырэй. А ўжо на доўж кожны ставіць сваё кляймо. Гэты  аўтограф — адметны значок — я высякаю сякерай”.

Самая любімая тэма на ўроку гісторыі ў пяцікласнікаў — “Заняткі нашых продкаў”, бо Рыгор Івана­віч прыносіць з дому ўсе прылады борт­ніка, расказвае пра свой занятак і абавязкова частуе дзяцей мёдам у сотах. А для настаўніка самае прыемнае, калі дзеці не проста слухаюць, але і могуць расказаць ужо пра свае першыя паходы ў лес са сваімі татамі ці дзядулямі.

Цікава, што, якія б прылады ні прапаноў­вала сучасная прамысловасць для апрацоўкі дрэва, палешукі-бортнікі імі не карыстаюцца. Як і іх дзяды і прадзеды, яны карыстаюцца самымі простымі ручнымі прыладамі — сякерай з шырокім лязом, пешняй з плоскім наканечнікам і стамескай. Нават пілу “Дружба” ці “Урал” ніхто не мяняе тут на бензапілу.

І гэтаму ў майго суразмоўніка ёсць тлумачэнне: “Усе сучасныя пілы змазаны маслам, ім напітваюцца борці, яго пах і адпужвае пчол. Борці потым вісяць гады 2—3 адкрытыя, гэты пах трэба выпарваць. Але і гэта не тое. Таму нашы продкі ўсё рабілі ўручную. Гэтак жа раблю і я. Выразаць пілой (толькі з сухой, не змазанай маслам рамкай) можна толькі доўж — адтуліну ў борці, праз якую і дастаецца мёд. Потым выдзёўб­ваецца пешняй борць знутры, пакідаючы сценкі сантыметраў дзесяць, падчышчаецца знутры стамескай. Так, гэта даўжэй. Борць па-дзедаўску можна зрабіць самае малое дні за тры. “Маладзёжным” метадам — за дзень улёгкую ўправішся. Але я стараюся не мяняць старыя борці на новыя. Калода можа служыць і 300 гадоў, галоўнае — надзейны дах. Мае продкі накрывалі борці дубовымі плашкамі. Яны і сёння служаць, але такія знайсці складана. Таму я кладу шыфер. Яго хапае на гадоў 50, толькі час ад часу змятаю з яго ігліцу, каб зверху ён быў сухі”.

Але змайстраваць дом для пчол — гэта толькі палова справы. Самае важнае — “патварыць вулле” — нашараваць знутры назапашаным з лета духмяным балотным багуном. “Рэшткі сцёблаў змешваю са свежымі і закладваю ў потку. Сюды ж дадаю лісточкі крушыны, якая прыцягвае пахам пчол, вольху, якая добра трымае вільгаць, прыціскаю ўсё гэта палачкамі крушыны, усю борць абпырскваю васкадавам (калі адціскаем з вашчыны мёд, у спецыяльных палатняных мяшочках), замешаным на травах (у кожнага бортніка рэцэпт іх свой). Для гэтага я гатую сіроп з ягад крушыны. Ніякага лепшага сродку для прыманкі пчол не існуе”, — дзеліцца амаль шэптам Р.І.Барысавец.

Абышоўшы некалькі калод на зямлі, ідзём у глыб лесу. На высачэнных соснах борці ледзь відаць з зямлі. Дарэчы, борці вісяць толькі на соснах, бо менавіта ў сасны нават высахлыя галінкі моцныя і за іх можна смела ўтрымацца. Рыгор Іванавіч спрытна, адным махам, перакідвае жэнь праз тоўсты сасновы сук. Перахопліваючы яе рукамі і нагамі, у імгненне вока паднімаецца наверх. Прыслухаўся да густога звону ўнутры, пацешыў вока цёмнай стужкай у паветры каля лятка — жы­вуць яго пчолкі. З любоўю пагладзіў рукой векавы бок борці і, трымаючыся рукамі за вяроўку і перабіраючы нагамі па камлі, спусціўся на зямлю.

Спакусы адкрыць домік і набраць у каробку бурштынавых сот у Рыгора Іванавіча няма. Яшчэ не час. Салодкае жыццё ў сям’і дырэктара пачнецца ў канцы кастрычніка, якраз на восеньскіх канікулах. Да таго ж часу будуць чакаць на цвіках каробкі з ліпавага лыка, дымар, лучына, запалкі і мяшочак з высушанымі гнілушкамі для распальвання дымара, нож-медарэз.

“Практычна ўсё лета ў калодзе ідзе аднаўленне пчол: у вашчынах закладзена патомства — чэр. Таму нашы продкі ніколі не чапалі борці летам. Мёд можна ўзяць летам толькі са стаякоў — вертыкальных вулляў — і то толькі тады, калі знімаецца “галава”: у “галаве” ніколі не бывае чэру, тут толькі мёд. Са стаяком прасцей — і рабіць яго, і накрываць, і ўмацоўваць таксама прасцей. Але тут рэдка бывае поўна мёду. У асноўным, на працэнтаў 80, ён напоўнены воскам. Але і гэта трэба. Мая маці ўсё жыццё з яго робіць свечкі. Чысценькі і жоўты, як золата, воск яна плавіць, раскатвае, наразае на палоскі і скручвае (нельга катаць на дошцы, толькі ў руках). І потым цэлы год на радзіны, хрэсьбіны, вяселлі — на любыя святы па свечкі прыязджаюць да нас людзі. Толькі нельга даваць гэтыя свечкі на пахаванне. Ды і мёд на пахавальную куццю даваць нельга — лепш яго купіць у магазіне”, — расказвае Рыгор Іванавіч.

Дарэчы, абавязкова захоўваецца традыцыя ісці па мёд з хлебам. Шмат стагоддзяў запар бортнік кладзе кавалак свежага хлеба на ручнік пад дрэвам, пакуль сам “даглядае ­борць” — збірае бурштынавыя соты ў каробку. Калі пады­дзе падчас праверкі калоды чалавек, абавязкова шчодра пачастуе яго лустай з мёдам. А яшчэ ніколі бортнік не пашкадуе мёду для хворага чалавека — аддасць нават апошнюю лыжку.

Але самая галоўная традыцыя для мясцовага бортніка — не крыўдзіць пчалу, адбіраючы яе мёд, не даць ёй загінуць з голаду зімой. Сабе, гаворыць Рыгор Іванавіч, за­браць можна толькі лішак: “Гэта пчаляры часта ставяць пасткі і перахопліваюць дзікіх пчол, каб было больш мёду, з двух сем’яў робяць адну і селяць у сваіх вуллях. Мы, бортнікі, не гонімся за колькасцю мёду, бо для нас гэта не промысел, а ў першую чаргу захаванне традыцый, імкненне пакінуць у прыро­дзе як мага больш дзікіх пчол. Вазьму я з адной борці 10 кг — добра, вазьму 5 — таксама добра, вазьму толькі кілаграм — і гэта нядрэнна. Галоўнае, што пчолкі тут жы­вуць, не злята­юць з нашых лясоў”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара.