Пачынаем з аптымізмам

- 16:30Нам пішуць

“Ура! Спартландыя!” У апошні дзень трэцяй чвэрці гэтыя словы гучалі сярод навучэнцаў і настаўнікаў Рычоўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы. Гульцоў не прыйшлося шукаць: кожны хацеў паўдзельнічаць у спартыўным мерапрыемстве, паказаць свой спрыт, падтрымаць гонар педагагічнага і вучнёўскага калектываў. Капітанам каманды настаўнікаў быў прызначаны дырэктар школы Мікалай Уладзіміравіч Каляда. Каманду школьнікаў прадстаўляў выдатнік школы дзесяцікласнік Міхаіл Бічка. У спартыўнай зале сабралася ўся школа.

Гульню пачалі з валейбола. Тут настаўнікам не пашанцавала — лепшымі былі вучні. Баскетбол яшчэ больш узрушыў і гульцоў, і прысутных. Ужо невядома было, хто за каго хварэе. З кожнай хвілінай барацьба за перамогу ўзмацнялася. За 15 хвілін згулялі ўнічыю. Але такі вынік не задаволіў гульцоў. Яшчэ ўзялі 10 хвілін. Ура! Каманда настаўнікаў — пераможца! Гул радасці гледачоў доўга не сціхаў.

Самым цікавым стаў футбол. Каманда жанчын доўга “трымалася на полі барацьбы”, але маладосць перамагла. Мужчыны гулялі як сапраўдныя футбалісты. І вось вынік — нічыя. Перамагла сумесная барацьба. Усе былі задаволены.

Разыходзіліся з пытаннем: “А калі наступная гульня?” За адну гадзіну кожны атрымаў кавалачак шчасця: быць удзельнікам, быць пераможцам, атрымаць зарад бадзёрасці і энергіі, спаборнічаць з настаўнікамі. Такія мерапрыемствы аб’ядноўваюць педагогаў і вучняў, ствараюць добразычлівыя адносіны. Мы, настаўнікі, вучым дзяцей захоўваць і падтрымліваць сваё здароўе, змагацца, перамагаць, радавацца. Кожнае дзіця дома бацькі спытаюць: “Што было цікавага ў школе?” І адказ будзе гучаць так: “На аптымістычнай ноце пачынаем чацвёртую чвэрць”.

Г.ТОРЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Рычоўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Жыткавіцкага раёна.