Пад крытычным вуглом

- 12:34Медыяадукацыя

Да любых медыяпаведамленняў ставіцца крытычна і разумець значнасць медыя ў жыцці грамадства — менавіта гэтаму навучаюць дзяцей у шведскіх школах.

Якім чынам гэта робяць шведскія настаўнікі, мы даведаліся падчас сустрэчы з Ларсам-Эрыкам Халем. На некалькі гадзін мы ператварыліся ў вучняў Халя і на сабе праверылі яго метады па арганізацыі дыскусіі ў класе, па рабоце ў групах, прысвечанай таму, як чытаць газеты, працаваць з рознымі медыяпаведамленнямі. Ларс Халь перакананы, што вучні не змогуць зразумець, як працуюць медыя, калі не будуць выкарыстоўваць медыя штодня ў сваім жыцці — падчас вучобы і адпачынку. Ён імкнецца ўключаць работу з медыя ў любыя ўрокі ў розных кантэкстах так часта, наколькі гэта магчыма, але заўсёды абгрунтавана. Слухаючы вопытнага медыяадукатара, мы пагадзіліся, што магчымасцей шмат, трэба толькі захацець нешта рабіць і ўключыць крэатыўнасць. Вось некаторыя варыянты работы настаўніка па медыяадукацыі з дзецьмі. Найперш медыяадукацыя ажыццяўляецца на занятках. Ларсу як настаўніку грамадазнаўства і асноў рэлігіі гэта рабіць дастаткова лёгка. На прадмеце “Асновы рэлігіі”, як расказаў Халь, гаворка ў асноўным ідзе не столькі пра сусветныя рэлігіі, колькі пра каштоўнасць кожнага чалавека на зямлі, пра тое, як людзі павінны жыць у згодзе і паразуменні. Згодна з вучэбным планам па грамадазнаўстве, вучні на занятках разглядаюць пэўныя законы, сістэму пакарання, існуючыя праблемы ў крымінальнай сферы і г.д. І тут Халь лічыць вельмі дарэчным уключыць работу з медыя, асабліва з друкаванымі СМІ. Ён расказаў, як яго вучні шукалі інфармацыю крымінальнага характару. Клас падзяліўся на групы. Адна здабывала інфармацыю пра правапарушнні на дарогах, другая — пра насілле, трэцяя — пра крадзяжы, чацвёртая — пра тэрарызм, пятая — пра нянавісць да людзей і г.д. Адметна, што калі вучні паглыбіліся ў тэму, то іх першая выснова была такая: “Як жа мы жывём у гэтым свеце, дзе столькі насілля!” Сапраўды, свет можа здавацца вельмі небяспечным, калі толькі чытаць навінную калонку са здарэннямі. А калі падысці больш крытычна да інфармацыі і формы яе падачы, то становіцца зразумела, што рызыка таго, што канкрэтны чалавек стане ахвярай, невялікая. Аднак карціна, якую ствараюць СМІ, вельмі сур’ёзная і пераканаўчая. Дастаткова адной навіны пра наркотыкі ў школе — і многія ўжо вераць, што наркадылеры проста “жывуць” у навучальных установах.

У вучэбным плане па шведскай мове для вучняў 11 класа агульнаадукацыйнай школы пазначана: у працэсе навучання прадмету школьнікам павінна прадстаўляцца магчымасць развіваць веды пра тое, як можна фармуляваць асабістыя меркаванні, думкі ў розных відах тэкстаў і на розных медыяплатформах.

Такія падборкі навін вучні робяць для таго, каб затым паразважаць пра тое, як ствараюцца навіны, пра правы чалавека, правілы жыцця — ад школьных да дзяржаўных. Ларс узгадаў, што аднойчы на агульнанацыянальным тэсціраванні па шведскай мове вучням прапаноўвалася паразважаць аб перавагах і недахопах змяшчэння правапарушальнікаў у турмы: якім чынам турма ўплывае на правапарушальніка, яго сяброў, сям’ю, грамадства ўвогуле? Адзнака залежыць ад колькасці аргументаў і абгрунтаванняў, якія прадставіць вучань: чым іх больш — тым яна вышэйшая. Дыскусіі Ларс імкнецца арганізоўваць са сваім вучням кожны тыдзень. Дзе ён шукае тэмы для іх? З розных медыя, у тым ліку і з сацыяльных сетак, якімі карыстаюцца яго вучні. У такім выпадку большая верагоднасць таго, што ім гэтая тэма будзе блізкай і цікавай. Або настаўнік прапануе вучням самастойна вызначыць навіну тыдня. Ён раіць ім уважліва чытаць загалоўкі першай паласы газет і выбіраць цікавую для сябе навіну, затым выразаць яе з газеты, прыклейваць на ватман. Пасля гэтага кожны вучань піша свой тэкст пра сваю навіну тыдня, але не перапісвае газетны матэрыял, а перадае інфармацыю сваімі словамі, расстаўляе свае акцэнты, шукае да тэксту адпаведны малюнак або фотаздымак. У канцы тыдня кожны вучань зачытвае сваю навіну перад класам, пасля чаго ідзе абмеркаванне. Вучань абавязкова адзначае, чаму ён спыніў свой выбар на гэтай навіне, чаму яна мае права называцца навіной тыдня. Дарэчы, вучні падшэфнага класа Халя самі неаднойчы станавіліся героямі навін. Адметна, што мясцовыя СМІ з вялікай увагай і цікавасцю ставяцца да жыцця школы, яны частыя госці ў навучальных установах, з ахвотай расказваюць дзецям пра свае журналісцкія будні. Газеты шукаюць шмат станоўчага ў школе, пастаянна пішуць пра гэта. Раз у год у шведскіх школах праходзіць так званы Тыдзень газет, калі ўстанова бясплатна атрымлівае на працягу вучэбнага тыдня газету, з якой дзеці актыўна працуюць. Рэдакцыі таксама карысна атрымаць такую глыбінную крытыку ад сваіх чытачоў, хоць і будучых, — зваротную сувязь. Ларс расказаў нам пра два выпадкі, калі вучні яго падшэфнага класа з’явіліся на старонках СМІ. Першы раз — калі яны ўдзельнічалі ў экалагічным праекце па зборы адпрацаваных батарэек. Карысць ад удзелу ў такім праекце “два ў адным” — не наносіцца шкода роднай прыродзе і прывіваецца добры навык. Перш чым уключыцца ў экалагічны праект, вучні шукалі інфармацыю па зборы, утылізацыі і перапрацоўкі выкарыстаных батарэек і зразумелі, што ўтылізацыя з’яўляецца адной з самых складаных праблем. На працягу месяца вучні збіралі адпрацаваныя батарэйкі і сабралі іх цэлую тону. Гэты факт выклікаў здзіўленне не толькі ў нас, але і ў мясцовай прэсы. Пра юных абаронцаў прыроды зрабілі рэпартаж у газеце і відэасюжэт. Так дзеці пабывалі ў ролі тых, у каго бяруць інтэрв’ю, адчулі, якія пры гэтым чалавек перажывае эмоцыі. І калі ім самім потым было дадзена заданне ўзяць інтэрв’ю, то яны ўжо ведалі, як гэта робіцца. У другі раз выхаванцы Ларса сталі медыйнымі персонамі падчас перапіскі з вядомымі спартсменамі. Спорт — адна з любімых тэм у Швецыі, а спартсмены, вядома, з’яўляюцца кумірамі многіх. І Ларс як добры настаўнік карыстаецца гэтым, каб развіць у дзяцей уменне працаваць з медыя. Зразумела, што такая падзея, як Алімпіяда ў Сочы, не засталася па-за ўвагай педагога. Ларс прапанаваў дзецям найперш падумаць над загалоўкам аднаго артыкула пра Алімпіяду: што меў на ўвазе журналіст, называючы тэкст “Гульня ў двух тварах”? Два твары — чые, гэта як, гэта пра што? На фотаздымку побач з артыкулам дзеці бачаць двух шведскіх спартсменаў і выказваюць здагадку, што гаворка можа ісці пра іх. Затым працягваюць разважанні, што гэта можа быць рэклама краіны і рэгіёна ці самых значных для Швецыі двух відаў спорту. Калі розум дзяцей накіроўваць правільна, то яны пачынаюць бачыць шырэй, а не толькі тое, што адлюстравана на фотаздымку або ў тэксце. Ларс задае дзецям тэму, дае хвілінку падумаць, затым абмеркаваць у парах, пасля чаго жадаючыя могуць выступіць перад класам са сваім меркаваннем. Вельмі каштоўны ў гэты момант пошук і агучванне варыянтаў адказаў. Настаўнік у гэты час мабільны, мае выхад у інтэрнэт і можа падмацаваць меркаванне дзяцей фотаілюстрацыяй або фактамі. Ларс Халь зрабіў так, што яго выхаванцам зімовая Алімпіяда ў Сочы запомніцца надоўга. Можна сказаць, што яны сталі яе ўдзельнікамі, — не сапраўднымі, канечне, а віртуальнымі. У падшэфным класе Ларса бацька адной з навучэнак працуе ў камандзе нацыяльнай лыжнай зборнай — дапамагае рыхтаваць лыжы да спаборніцтваў. Настаўнік запрасіў яго ў клас на сустрэчу з вучнямі, тыя ўзялі ў яго інтэрв’ю. А падчас гутаркі ўзнікла ідэя напісаць лісты любімым спартсменам. Кожны вучань выбраў спартсмена і ўзяўся пісаць яму, абавязковая ўмова — пісаць трэба ад рукі. А бацька дзяўчынкі ўзяў на сябе адказнасць перадаць гэтыя пасланні дзяцей спартсменам. Вучні стараліся, расказалі ў лістах пра сябе, пра тое, чым яны займаюцца, чым цікавяцца, запыталіся ў спартсменаў пра іх дзіячыя хобі і мары. Затым школьнікі нават здзейснілі віртуальную экскурсію ў алімпійскі горад. (Зараз інтэрнэт прапаноўвае магчымасць захапляльнага вандравання па свеце з дапамогай карт, можна гуляць па вуліцах розных гарадоў, вывучаць іх архітэктуру.)

Ларс-Эрык Халь настаўнік пачатковых класаў, у мінулым — кансультант вучэбнага сайта “Медыякомпас”. Ларс-Эрык працуе ў муніцыпальнай школе невялікая горада Нясшо з 30 тысячамі жыхароў, дзе выкладае грамадазнаўства, геаграфію, гісторыю, асновы рэлігіі. Яго спецыялізацыя — работа з дзецьмі з асаблівымі патрэбамі. А не так даўно Ларс стаў яшчэ і спецыялістам па развіцці ўстановы. (Пасля апошняй праведзенай у Швецыі адукацыйнай рэформы ў школах з’явілася новая штатная адзінка — спецыяліст па развіцці ўстановы.) Школа, у якой працуе Ларс Халь, невялікая — усяго 9 класаў, яе наведваюць 180 дзяцей 6—13 гадоў. Навучальная ўстанова гатова прымаць вучняў у 6 гадзін раніцы (калі бацькам трэба рана на работу) і зачыняецца прыкладна ў 18.30 (пакуль бацькі не прыйдуць за апошнім дзіцем). Школа інтэграваная, у ёй вучыцца шмат дзяцей-мігрантаў (каля 22%), а таксама дзяцей з асаблівымі патрэбамі. Менавіта для работы з дзецьмі з асаблівымі патрэбамі ва ўстанове працуе спецыяльны настаўнік. Зараз у Швецыі працягваюцца дэбаты па ацэньванні ведаў вучняў. З 2013 года былі ўведзены адзнакі ў 6 класах, раней і такога не было. Урад выступае за тое, каб вучні атрымлівалі адзнакі як мага раней. І для гэтага было вырашана правесці адукацыйны эксперымент па выстаўленні адзнак у 4 класе. У эксперымент трапілі 100 школ з ліку добраахвотнікаў. На думку Халя, адзнакі ў пачатковай школе не садзейнічаюць павышэнню ўзроўню ведаў. Так, для вучняў, якія вучацца добра, адзнака — гэта стымул, а для дзяцей, якія нічога добрага ад сябе ўжо і не чакаюць, — гэта толькі дадатковы тормаз у развіцці. Дзённікі ў шведскіх школах адсутнічаюць. Вучні самі нясуць адказнасць за тое, што ім трэба выканаць, і самі вырашаюць, куды і як запісваць заданні, атрыманыя ад настаўніка на занятках. У шведскіх школах практыкуецца індывідуальны падыход да вучняў: кожнаму прапаноўваецца індывідуальнае заданне. Усе кабінеты аснашчаны сучаснай тэхнікай, у настаўніка ёсць доступ да інтэрнэту. Вучань можа напісаць работу, сфатаграфаваць або адсканіраваць яе і вывесці на інтэрактыўную дошку.

Лісты сталі каштоўнымі падарункамі для абодвух бакоў — спартсменаў і вучняў. Адметна, што лыжнікі, нягледзячы на сваю занятасць перад важным спаборніцтвам, адказалі дзецям на іх пасланні, не забыўшыся параіць ім, як можна стаць выдатнымі лыжнікамі. Для дзяцей спартсмены сталі прыкладам, як трэба развівацца, да чаго імкнуцца. І вядома, што перапіска школьнікаў з нацыянальнай лыжнай зборнай стала асновай для матэрыялу ў газеце. Уявіце, 10-гадовы хлопчык атрымлівае ліст ад зоркі лыжнага спорту — ці ж гэта не топавая навіна! “Пашанцавала!” — падумалі іншыя падлеткі. Безумоўна, дзецям пашанцавала, у тым ліку і з такім настаўнікам. Ларс вучыць дзяцей быць адкрытымі, умець ладзіць зносіны з людзьмі, выкладаць свае думкі і пажаданні ў пісьмовым выглядзе. Як вядома, на Алімпіядзе ў Сочы шведская зборная стала чэмпіёнам — “золата” на эстафеце атрымалі як мужчыны, так і жанчыны. Вучні Ларса лічаць, што ў тым “золаце” ёсць і іх заслуга, бо яны ўсім сэрцам хварэлі за сваіх сяброў па перапісцы. Ларс Халь шукае для сваіх вучняў самыя цікавыя формы работы, якія стымулююць дзіцячую цікаўнасць, развіваюць аналітычныя здольнасці і творчыя задаткі. Магчыма, нехта з іх стане журналістам, але самае галоўнае, што яго вучні вырастуць адукаванымі карыстальнікамі медыя, не дазволяць сабой маніпуляваць і будуць ствараць свае медыяшэдэўры.

Святлана КІРСАНАВА. Фота аўтара.