Пад вясёлкай дабрыні і надзеі

- 15:14Навіны рэгіёнаў

Тэматычную праграму “Рознакаляровая планета дзяцінства” падрыхтавалі для юных віцяблян абласны палац дзяцей і моладзі сумесна з абласным аддзяленнем Беларускага дзіцячага фонду.

Свята пачалося з дынамічнай квест-гульні, падчас якой удзельнікі прайшлі цікавыя і няпростыя маршруты. Госці Віцебскага палаца дзяцей і моладзі пагулялі з вясёлымі аніматарамі, пераадолелі паласу перашкод, паспрабавалі сябе ў ролі сапраўдных эка-майстроў, сваімі рукамі вырабілі паветраных змеяў і азнаёміліся з рознымі тэхнікамі выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Лепшыя творчыя калектывы Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі падрыхтавалі канцэртную праграму пад адкрытым небам. Усе ўдзельнікі свята атрымалі віншаванні і смачныя салодкія прызы ад дырэктара Віцебскага абласнога аддзялення Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Беларускі дзіцячы фонд” Алены Сіняковай.

Для Беларускага дзіцячага фонду ўдзел у свяце — не аднаразовая акцыя, а адзін з эпізодаў маштабнай і сістэмнай работы. Так, у сакавіку ў рамках праекта “Дыханне” фонд сумесна з прыходам храма Божай Маці “Усецарыца” Беларускай Праваслаўнай Царквы (Мінск) уручыў два апараты канцэнтратара кіслароду Віцебскаму абласному клінічнаму дзіцячаму цэнтру. У красавіку па выніках акцыі “Падорым дзецям свята”, прысвечанай Вялікадню, прадукцыя мясакамбіната “Славянскі”, кандытарскай фабрыкі “Віцьба”, кампаніі “Віцебскхлебпрам” і вытворчага філіяла “Оршасырзавод” упрыгожыла святочны стол 278 дзяцей, якія пражываюць у дзіцячых дамах, дамах сямейнага тыпу і апякунскіх сем’ях вобласці. Па праграме “Цёплы дом” на сёння ў рэгіёне створана 30 дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, у якіх пражывае больш за 170 дзяцей; усім сем’ям аказваецца дапамога. У маі ў рамках акцыі “Зялёны вітамін” набыты тры цяпліцы (адна з іх — за пералічаныя сродкі ААТ “Заходне-Дзвінскі МРС”) для дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, размешчаных у Бешанковіцкім, Віцебскім і Аршанскім раёнах. Сумесна з упраўленнем аховы здароўя аблвыканкама завяршаецца работа па фарміраванні спісаў падпраграмы “Вясёлыя сэрцайкі” і “Вясёлка надзеі”: пасля перанесеных аперацый на сэрцы і анкалагічных захворванняў дзеці будуць праходзіць аздараўленне і рэабілітацыю ў дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры “Надзея” і Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”. Дзякуючы фонду, першы дзень лета для 123 хлопчыкаў і дзяўчынак, якія пражываюць у дзіцячых дамах сямейнага тыпу, апякунскіх, прыёмных і мнагадзетных сем’ях Віцебска і вобласці быў адзначаны наведваннем Беларускага тэатра “Лялька”, дзе прайшлі шоу-паказ і выдатны спектакль, і экскурсіяй у абласны краязнаўчы музей. Дарэчы, сярод лаўрэатаў рэспубліканскай прэміі імя З.М.Тусналобавай-Марчанка, якую Беларускі дзіцячы фонд штогод уручае мнагадзетным сем’ям, — прадстаўнікі Паўночнага рэгіёна, палачане Андрэй і Марыя Скабей.

— Кожнае дзіця мае патрэбу ў падтрымцы, абароне, клопаце, увазе і любові, — падкрэсліла Алена Сінякова. — Мы імкнёмся дапамагчы зрабіць планету дзяцінства бяспечнай і шчаслівай, расквеціць яе фарбамі радасці і міласэрнасці.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.