Падарожжа ў чароўны свет Івана Мележа

- 15:58Нам пішуць

Як усім вядома, 2016 год – Год культуры. Гэты год вельмі багаты на святы: мы ўжо адзначылі дні нараджэння Анатоля Кудраўца, Янкі Сіпакова, Івана Шамякіна. 8 лютага 2016 года – 95-годдзе з дня нараджэння І.П.Мележа. Гомельская гімназія №36 носіць яго імя з 1996 года. Безумоўна, настаўнікі і вучні гімназіі да гэтага свята рыхтаваліся разам. Перш за ўсё, была арганізавана адукацыйная гісторыка-літаратурная экскурсія ў вёску Глінішчы Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці.

Усе вучні вельмі хваляваліся, бо такое важнае і ў той жа час доўгачаканае вандраванне ўскалыхнула ўсе пачуцці і эмоцыі ад прачытаных твораў Івана Мележа. Дзеці не толькі ўзгадвалі “Палескую хроніку” – адзін з самых знакамітых твораў пісьменніка, але і суадносілі сябе з галоўнымі героямі твора: хлапчукі ўяўлялі сябе Васілём, а дзяўчынкі – Ганнай. Пад размовы і ўспаміны час дарогі мінуў хутка, і ўсе вельмі плаўна перайшлі ў свет вялікага аматара беларускай мовы, традыцый, гісторыі, у свет Івана Мележа. Вось тая знакамітая дзічка, вось і помнік творцу, і школа, якая з гонарам носіць яго імя – усё гэта не толькі нагадвае пра творы пісьменніка, але і дазваляе адчуць яго думкі. Сапраўды, Глінішчы – вёска напоўненая жыццём Івана Мележа: нават пасля яго смерці мы адчулі гэтую цудоўную атмасферу, вялікую душэўнасць. Безумоўна, гэтаму спрыяюць і жыхары, якія не забываюць пра свайго земляка. Яшчэ больш акунуцца ў творчую атмасферу дазваляе музей Івана Мележа, у якім захавана ўсё, што датычыцца яго жыцця і творчасці. Загадчыца музея Любоў Рубан не толькі дала магчымасць пахадзіць па пакоях, але і расказала, што ў музеі ёсць і сапраўдныя рэчы творцы: друкавальная машынка, канапа, кнігі з яго бібліятэкі, падпісаныя пісьменніку, а таксама паліто, капялюш, партфель. Гэтыя экспанаты здаваліся нам нейкімі чароўнымі. Вось гэтая машынка “Ундэрвуд”, на якой былі надрукаваны знакамітыя творы, і ты бачыш яе на свае вочы – гэта фантастыка! Безумоўна, нельга не адзначыць і цёплы прыём у мясцовай школе. Дырэктар і супрацоўнікі ўстановы прадэманстравалі нам глінішчанскую гасціннасць. Седзячы ў зале з кубачкам гарбаты, кожны вучань і настаўнік адчуў не толькі ўрачыстасць сустрэчы, але і душэўнасць, шчырасць, добразычлівасць. Сапраўды, Іван Мележ і яго творы яднаюць не толькі эпохі, але і людзей. Музычны падарунак ад гімназіі – на сцэне спявалі не толькі дзеці, але і настаўнікі.
Вось так мы не толькі пабывалі на радзіме вялікага пісьменніка, а і пасябравалі з такімі ж аматарамі твораў Івана Мележа. І мы паехалі дадому не толькі з выдатнымі эмоцыямі, але і з удзячнасцю і павагай да вялікага сына зямлі беларускай, да Івана Паўлавіча Мележа.

Алеся РЭШАНОК,
студэнтка ІІІ курса ГДУ імя Ф.Скарыны,
выпускніца гімназіі №36 Гомеля імя І.Мележа.