Зімовыя канікулы — гэта самы любімы перыяд у жыцці дзяцей ЦКРНіР, на які прыпадаюць навагоднія і калядныя святы. Гэта час доўгачаканых дзівосаў і падарункаў, які дае магчымасць як дарослым, так і дзецям праявіць лепшыя якасці іх душы.
Цэлы шэраг мерапрыемстваў адбываецца ў гэты час для дзяцей-інвалідаў: сустрэчы з цікавымі людзьмі, з валанцёрамі атрада “Добрае сэрца” Вялікабераставіцкай сярэдняй школы, якія заўсёды дораць нашым дзецям незабыўнае свята з гульнямі і падарункамі. Любімым мерапрыемствам з’яўляецца наведванне раённай дабрачыннай ёлкі з удзелам кіраўніцтва раёна. На гэты раз вучні з задавальненнем паглядзелі тэатралізаваную казку “Чароўнае люстэрка”, пасля якой вадзілі карагоды вакол ёлкі, гулялі ў гульні, а пасля атрымалі ад Дзеда Мароза падарункі.
Ужо не першы год цэнтрам карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі арганізуецца выязное віншаванне сумесна з Бераставіцкім раённым цэнтрам культуры і народнай творчасці. У час гэтага мерапрыемства дзеці-інваліды, якія не маглі трапіць на ёлку па стане здароўя або па іншых прычынах, маюць цудоўную магчымасць у дамашніх умовах сустрэцца з Дзедам Марозам і Снягуркай. Дзеці былі вельмі рады сустрэчы з казачнымі героямі, а таксама салодкім падарункам, што набыла для іх Бераставіцкае раённае аддзяленне Беларускага дзіцячага фонду.
Каляды — гэта час, калі мы вучымся міласэрнасці і спачуванню. Вельмі прыемна, што менавіта такія мерапрыемствы даюць магчымасць стварыць чароўную атмасферу свята і ўручыць падарункі ад душы дзецям-інвалідам.
Ларыса БЕЛЮЦЫ,
дырэктар ЦКРНіР Вялікай Бераставіцы.