Падтрымаць здольнасць бачыць свет светлым

- 9:15Псіхалогія +

Ці заўважалі вы, што дзіця любога ўзросту аддае перавагу зносінам са станоўча эмацыянальнымі дарослымі перад зносінамі з людзьмі больш стрыманымі, сухімі ці зараджанымі адмоўнымі эмоцыямі? “Гэта аксіёма”, — скажуць многія педагогі. Дык чаму б нам у школе не ўдзяляць больш увагі эмацыянальнаму выхаванню дзяцей, развіваючы гэтую сферу, акцэнтуючы ўвагу на ёй, удасканальваючы свой эмацыянальны інтэлект? У гэтым выпадку мы паспрыяем развіццю асобы вучняў і адначасова папрацуем над прафілактыкай шкодных звычак у іх.

Дыялог з чытачом

Асабліва важнай з’яўляецца ўвага дарослых да эмоцый і пачуццяў малодшых школьнікаў. Іх эмацыянальныя паводзіны толькі фарміруюцца. Развіццё эмацыянальных паводзін у дзяцей малодшага школьнага ўзросту немагчыма без удзелу бацькоў. Парэкамендуйце мамам і татам сваіх вучняў, на што звярнуць увагу, маючы зносіны з сынам ці дачкой, запаліце для іх маячкі — арыенціры правільнага эмацыянальнага фону, які дапамагае дзіцяці вучыцца паспяхова і з камфортам. Прыкладны спіс правіл:

  1. Дзіцяці важна ведаць, што яго любяць не за дасягненнні, а за тое, што яно ёсць.
  2. Неабходна цярпліва і сумленна адказваць на пытанні дзіцяці (абавязкова ўлічваючы ўзрост і псіхалагічную нагрузку, якую ўскладае падрабязны сумленны адказ, балансуйце).
  3. Ніколі не гаварыце дзіцяці, што яно горшае за іншых, параўноўвайце яго дасягненні толькі з яго ўчарашнімі і заўчарашнімі.
  4. Кожны дзень, хаця б патроху, радасна праводзьце час сам-насам з дзіцем.
  5. Вучыце сына ці дачку мець зносіны не толькі з равеснікамі, але і з дарослымі (расказвайце гісторыі са свайго школьнага жыцця, разглядайце варыянты адказаў на выпады аднакласнікаў, растлумачце, як мець зносіны з чалавекам раздражнёным, стомленым).
  6. Часта падкрэслівайце, што ганарыцеся сваім маленькім вучнем. І не толькі за добрыя адзнакі, але і за тое, каму ён дапамог, як справіўся з трывогай, што быў шчырым, за тое, што спрабаваў дасягнуць поспеху.
  7. Выказвайце спадзяванне на новыя спробы дасягнуць жаданага ці неабходнага.
  8. Шануйце давер дзіцяці да вас.
  9. Ацэньвайце толькі ўчынкі дзіцяці, а не яго самога.
  10. Не дабівайцеся поспеху пастаянным націскам на дзіця, а падтрымлівайце, зацікаўлівайце, стымулюйце.
  11. Прызнавайце права дзіцяці на памылкі.
  12. Памятайце, што дзеці адносяцца да сябе так, як да іх адносяцца дарослыя. Яны яшчэ не здольны да аўтаномнай самаацэнкі.
  13. Часам стаўце сябе на месца дзіцяці, успамінайце, што вы адчувалі ў гэтым узросце (аднак не паддавайцеся ілюзіі, што ваша дзіця абавязкова адчувае гэтак жа, балансуйце).

Раскажыце бацькам пра стылі сямейнага выхавання, якія негатыўна ўплываюць на эмацыянальнае развіццё дзіцяці:

— аўтарытарны — у такіх сем’ях усе пытанні вырашаюцца адным галоўным членам сям’і, інтарэсы дзіцяці не ўлічваюцца, пануе, як правіла, арганізаванасць і дысцыпліна. Дзеці ў такіх сем’ях вырастаюць недаверлівымі, з нізкай самаацэнкай, у іх не фарміруецца пачуццё прыхільнасці да бацькоў;

Фота да матэрыялу: Падтрымаць здольнасць бачыць свет светлым.— занадта апякуючы — бацькі праяўляюць празмерны клопат пра свайго дзіцяці. З часам яно становіцца цэнтрам сям’і, яму ўсё прабачаецца, задавольваюцца ўсе яго жаданні. У будучым такія дзеці вырастаюць эгаістычнымі, несамастойнымі, не ўлічваюць інтарэсы іншых членаў сям’і;

— кантраснае (“маятнікавае”) выхаванне траўміруе псіхіку дзіцяці, скажае эмацыянальнае развіццё, выяўляецца ў прад’яўленні да дзіцяці розных, часта супрацьлеглых патрабаванняў дарослых, якія займаюцца выхаваннем.

Прапануйце бацькам сумленна паназі­раць за атмасферай у сям’і і мяняць стыль, калі гэта сапраўды неабходна. Цяпер пра спецыяльныя спосабы развіцця эмацыянальна-валявой сферы для малодшых школьнікаў. Натуральнае яе развіццё адбываецца ў гульні. Ёсць гульні, якія ў большай ступені садзейні­чаюць развіццю добрага эмацыянальнага фону. З некаторымі з іх мы з вамі зараз пазнаёмімся. Гуляйце на пазакласных мерапрыемствах, часам і на ўроку бывае неабходна хвілінка-разгрузка. Здзіўляйце сваіх вучняў і ўласных дзяцей. Здзіўленне — лепшы старт, лепшая эмоцыя для паспяховага навучання.

Гульня “Калі б я быў птушкай”

Развівае цікавасць да іншага чалавека. Педагог дапамагае класу ці групе падзяліцца на пары. Для кожнай пары спатрэбіцца экзэмпляр спіса няскончаных фраз. Партнёры садзяцца побач і разглядаюць спіс. Інструкцыя: “Скончыце сказы, напісаныя на лісце, чаргуючыся з партнёрам. Гаварыце тое, што адразу прыходзіць у галаву. У канцы гульні вы зможаце самі прыду­маць некалькі такіх няскончаных сказаў”. Гульня доўжыцца 15 мінут. У канцы гульні абмяркуйце тое, што ўдалося пазнаць адно пра аднаго. Дайце ўдзельнікам яшчэ 5 мінут на дадатковыя пытанні і каментарыі. Потым усе збіраюцца і прадстаўляюць свайго партнёра, расказваючы пра яго самыя цікавыя адказы.

Спіс няскончаных фраз:

“Калі б я быў птушкай…”;

“Калі б я быў кветкай, то я быў бы…”;

“Калі б я быў каменем…”;

“Калі б я быў дрэвам…”;

“Калі б я быў зверам…”;

“Калі б я быў музычным інструментам…”;

“Калі б я быў транспартным сродкам…”;

“Калі б я быў будынкам…”;

“Калі б я быў прыладай працы…”;

“Калі б я быў дарогай…”;

“Калі б я быў часткай адзення…”;

“Калі б я быў знакаміты…”;

“Калі б я быў вынаходнікам…”;

“Калі б я быў зусім іншым чалавекам…”;

“Калі б я быў нябачным…”.

Якія адказы былі самымі цікавымі? Якія адказы здзівілі? Ці прачнуліся якія-небудзь успаміны ці жаданні?

Фота да матэрыялу: Падтрымаць здольнасць бачыць свет светлым.

Гульня “Ратавальнік і праследавацель”

Удзельнікі разыходзяцца па пакоі. Кожны выбірае таго члена групы, якога баіцца (толькі ў рамках гэтай гульні). Усе ўдзельнікі хо­дзяць па пакоі, спрабуючы трымацца як мага далей ад персоны, перад якой адчу­ваюць страх. Аднак ніхто, акрамя самога ўдзельніка, не павінен ведаць пра тое, каго іменна ён баіцца. Праз 1—2 мінуты кожны ў думках выбірае сабе каго-небудзь у абаронцы. Гэты чалавек таксама не павінен ведаць, што яго нехта выбраў. Потым кожны стараецца ісці так, каб абаронца заўсёды знаходзіўся між ім і тым, каго ён баіцца. На выкананне гэтага этапу гульні адводзіцца 4 мінуты. Па сігнале “Стоп!” усе павінны замерці на месцы. У гэтым становішчы кожны можа сказаць, ад каго ён трымаўся на адлегласці і хто быў яго абаронцам, наколькі кожнаму ўдавалася выконваць правілы гульні.

Гульня “Падарунак Мікеланджэла” стварае радасны настрой, стымулюе супрацоўніцтва, невербальны дыялог.

Удзельнікі дзеляцца на каманды па тры чалавекі. Кожная тройка — майстэрня скульп­тара. Гульцы вырашаюць, хто стане мадэллю, хто — скульптарам, а хто — “глінай” для скульптуры. Скульптар і “гліна” становяцца адно насупраць аднаго. Мадэль становіцца за “глінай”. Мадэль надае свайму целу незвычайную позу. Скульптар, не гаворачы ні слова і не кранаючы “гліну”, павінен стварыць (паўтарыць) вобраз мадэлі. Можна выкарыстоўваць толькі жэсты. “Гліне” дазволена мяняць сваю позу, калі атрыманы сігнал ад скульптара. Апошняму забаронена адкрыта паказваць позу мадэлі.

Калі скульптар застанецца задаволены сваёй работай, ён можа папрасіць мадэль і “гліну”, не мяняючы позы, павярнуцца адно да аднаго.

Калі часу дастаткова, практыкаванне можна паўтарыць яшчэ два разы, каб у выніку кожны паспрабаваў сябе ва ўсіх трох ролях.

Пасля заканчэння гульні абмяркоўваем пытанні.

— Наколькі выразнымі, зразумелымі былі сігналы скульптара?

— Наколькі паслухмяна адгукалася “гліна” на сігналы скульптара?

— Якім быў настрой у камандзе?

— Ці атрымалі задавальненне ад гульні?

— Ці ўдалося скульптару стварыць да­кладную копію мадэлі?

Гульні для зняцця негатыўных эмоцый

  1. “Скажы сябру добрае”

Знойдзем разам добрыя словы для… (імя дзіцяці, якое не змагло ўпісацца ў адносіны з равеснікамі, пацярпела ў пэўны момант няўдачу, засмучанае).

  1. “Раскажы пра сябе добрае”

Раскажы пра свае добрыя ўчынкі, рысы характару.

  1. “Здымаецца кіно”

Выбіраем сцэнарыста і рэжысёра з групы дзяцей. Яны шукаюць выканаўцу галоўнай ролі. Усім прэтэндэнтам даецца заданне: сцэнарыст называе якога-небудзь казачнага героя, а рэжысёр называе любы настрой (эмоцыю). Акцёр вымаўляе фразу ад асобы гэтага персанажа з зададзенай эмоцыяй.

  1. Фота да матэрыялу: Падтрымаць здольнасць бачыць свет светлым.“Паказваем эмоцыі”

Папросім дзяцей насупіцца, як:

— восеньская хмара,

— раззлаваны чалавек,

— злая чараўніца.

Усміхнуцца, як:

— кот на сонцы,

— само сонца,

— хітрая ліса,

— радаснае дзіця,

— быццам ты ўбачыў цуд.

Злуйся, як:

— дзіця, у якога адабралі марожанае,

— ягня, якому не ўступілі дарогу на вузкай сцяжынцы.

Спужайся, як:

— кацяня, якое згубілася ў лесе,

— заяц, які ўбачыў воўка,

— кацяня, на якога гаўкае сабака.

Усміхніся:

— быццам ты ўбачыў маму і тату;

— быццам сустракаеш лепшага сябра.

Набліжаецца самае эмацыянальнае для дзяцей свята — Новы год. Усе яркія святочныя па­дзеі, правільна арганізаваныя і пражытыя з дзецьмі ўласнымі і вучнямі, — унікальная магчы­масць адчуць ці наладзіць эмацыянальную блізкасць з дзецьмі, пражыць з імі радасць, ад­чуць цікавасць. Магчыма, пасумаваць, адчуць страх, крыўду, злосць з героямі навагодніх паказаў, але скончыць абавязкова захапленнем ад перамогі дабра, міласэрнасці, чалавечнасці. Давайце ж захоўваць здольнасць дзяцей свяціць нам, дарослым, і бачыць свет светлым!

Псіхалагічнае люстэрка

Дзяцінства — добры чараўнік

Цяжка пераацаніць значэнне сям’і для развіцця дзіцяці. Калі ёсць праблемы ў навучанні, паводзінах, хутчэй за ўсё, іх крыніца — у сям’і. Зразумець характар эмацыянальнай атмасферы, у якой расце дзіця, можна па яго малюнках. У тым ліку і па малюнку сям’і. Калі вы хочаце адкрыць для сябе бачанне дзіцяці вашай уласнай сям’і, то прапануйце яму шэраг малюнкавых заданняў на трох лістах:

  1. Намалюй нашу сям’ю.
  2. Уяві, што ўсе члены нашай сям’і ператварыліся ў жывёл. Намалюй сваю сям’ю ў вобразах жывёл.
  3. Перш чым маляваць на трэцім лісце, уяві, што ўсе мы трапілі ў казку дзякуючы Добраму Чараўніку і ператварыліся ў казачных герояў. Намалюй сям’ю ў вобразе казачных герояў.

Першы малюнак трыяды пакажа нам сацыяльны вобраз сям’і, другі — раскрые сістэму несвядомых адносін, трэці — адлюструе патэнцыял сям’і з пункту гледжання аўтара малюнка.

Важна разглядаць трыяду малюнкаў з пункту гледжання наяўнасці змянення колеру, характару ўзаемадзеяння, вобразаў. Неабходна падрабязна распытаць дзіця пра характар намаляваных персанажаў. Здараецца неадпаведнасць паміж намаляванай жывёлай і адносінамі да яе. Напрыклад, ва ўспрыманні дарослага тата ў вобразе воўка — агрэсіўны, злы. А дзіця бачыць яго як клапатлівага, моцнага, таго, хто шукае корм для сям’і. Важна не рабіць паспешных высноў і супаставіць разнастайную інфармацыю: якога памеру фігуры жывёл, якія жывёлы маюць аднолькавы колер, наколькі гэты колер падабаецца самому дзіцяці. Больш разумення пра сітуацыю з пункту гледжання дзіцяці мы атрымаем, калі папросім прыдумаць казку пра намаляваных жывёл: “Уяві, што ўсе намаляваныя жывёлы апынуліся ў адным лесе. Якая гісторыя магла з імі адбыцца?”

Малюнак сям’і ў вобразе казачных герояў часцей за ўсё выконваецца колерамі, якім аддаецца перавага, і выклікае прыемныя ўражанні, бо ператварэнне ажыццяўляе Добры Чараўнік. Гэта значыць, што мы ўскосна папрасілі аўтара: “Намалюйце лепшыя бакі членаў вашай сям’і”. Гэты малюнак можа стаць цудоўнай нагодай для казкі з добрым канцом, у якой будзе зашыфраваны станоўчы выхад з сітуацыі. Ці адправіцца ў гэтую захапляючую і адначасова крыху рызыкоўную дарогу, зале­жыць толькі ад вас.

Святлана РАДЗЬКОВА.