Падзяка ад віцэ-консула

- 14:44Навіны рэгіёнаў

Старшыня Брэсцкага аддзялення Прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва — Расійскага цэнтра навукі і культуры віцэ-консул Генеральнага консульства Расіі ў Брэсце Юлія Сяменчанка наведала сярэднюю школу № 2 Маларыты.

Музей “Патрыёт” сярэдняй школы № 2 Маларыты — адзін з першых школьных музеяў на Маларытчыне.

Ад імя Расійскага ваенна-гістарычнага таварыства яна ўручыла кіраўніку гістарычнага музея “Патрыёт” Людміле Ярмашук пісьмовую падзяку за вялікі ўклад у патрыятычнае выхаванне моладзі, захаванне памяці і абарону гістарычнай праўды пра перамогу ў гады Вялікай Айчыннай вайны, а таксама падарыла школьнай бібліятэцы мастацкую літаратуру і літаратуру ваенна-гістарычнай тэматыкі.

Шасцікласнікі правялі для госці экскурсію “Першыя дні вайны на тэрыторыі Маларытчыны”. Віцэ-консул у кнізе водгукаў напісала: “Выказваю падзяку за вашу руплівую і старанную працу, неабыякавасць, захаванне памяці пра подзвіг нашых дзядоў у гады Вялікай Айчыннай вайны”.

Юлія Сяменчанка абмеркавала з дырэктарам школы Таццянай Жыгалавай шляхі далейшага супрацоўніцтва з Брэсцкім аддзяленнем Прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва — Расійскім цэнтрам навукі і культуры. Так, запланаваны абмен інфармацыяй па пытаннях патрыятычнага і грамадзянскага выхавання вучняў, правядзенне сумесных мерапрыемстваў і экскурсій.

Музей “Патрыёт” — адзін з першых школьных музеяў на Маларытчыне. Ён быў адкрыты ў 1963 годзе да 45-годдзя УЛКСМ. Сёння ў музеі налічваецца 1498 экспанатаў асноўнага фонду. 432 з іх размешчаны ў 6 раздзелах экспазіцыі: “Старонкі мінулага” (пра гісторыю Маларыты ад старажытнасці да 1920 года), “22 чэрвеня 1941 года” (пра гераічны подзвіг абаронцаў Брэсцкай крэпасці), “Першыя дні Вялікай Айчыннай вайны” (пра 75-ю стралковую дывізію), “Партызанскія брыгады Маларытчыны” і “Яны вызвалялі Маларыцкі раён” (пра вайсковыя часці, якія вызвалялі раён у ліпені 1944 года, і пра землякоў — удзельнікаў штурму Берліна), “Нямыя сведкі гісторыі” (аб прадметах, знойдзеных пры раскопках на месцах баёў 75-й стралковай дывізіі).

У асноўным музейным фондзе знаходзяцца арыгінальныя дакументы ваеннай гісторыі: франтавыя пісьмы, газеты і ўзнагароды, фрагменты ваенных карт… Тут можна ўбачыць фотаздымкі часоў Другой сусветнай вайны, прадметы побыту франтавікоў (пляшкі, салдацкія кацялкі, сталовыя прыборы) і іншыя экспанаты салдацкага жыцця. Дапаможны музейны фонд складаюць вучнёўскія даследаванні і рэфераты, успаміны ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.

У музеі праводзяцца экскурсіі, інфармацыйныя і класныя гадзіны, урокі мужнасці, пазакласныя мерапрыемствы. Пры “Патрыёце” працуе лектарская група вучняў. Музейная дзейнасць ажыццяўляецца па чатырох напрамках, наладжана пошукавая і архіўная работа з роднымі салдат і афіцэраў 75-й стралковай дывізіі, якія пражываюць у краінах СНД.

Музей — цэнтр патрыятычнага і грамадзянскага выхавання моладзі. Акрамя яго, у школе дзейнічае рэсурсны цэнтр па выхаваўчай рабоце “Героіка-патрыятычнае выхаванне ва ўстанове адукацыі як фактар фарміравання грамадзянскай свядомасці вучняў”. Настаўнікі гісторыі, педагогі дадатковай адукацыі, кіраўнікі ваенна-патрыятычнага выхавання і класныя кіраўнікі могуць атрымаць тут кансультацыі па патрыятычным выхаванні, метадычныя матэрыялы для падрыхтоўкі розных мерапрыемстваў.

Сярэдняя школа № 2 не ад зін год урачыста сустракае родных салдат і афіцэраў 75-й стралковай дывізіі, якія са зброяй у чэрвені 1941 года першымі сустрэлі фашыстаў на тэрыторыі Маларытчыны. Чарговы прыезд запланаваны на чэрвень 2022 года.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара Маларыцкай раённай гімназіі.

Фота аўтара.