Пакаленне энергаэфектыўных збірае батарэйкі

- 11:51Нам пішуць

Пяты год у Лідскім раёне праводзіцца экалагічная акцыя “Здай батарэйку — дапамажы прыродзе!”, арганізатарамі якой выступаюць аддзел адукацыі, спорту і турызму Лідскага райвыканкама і Лідскі раённы экалагічны цэнтр дзяцей і моладзі.

Галоўныя мэты акцыі — пашырэнне ведаў вучняў, іх бацькоў і настаўнікаў аб небяспеках, якія ўтойваюць у сабе выкарыстаныя батарэйкі, якую шкоду наносяць навакольнаму асяроддзю і здароўю чалавека, і фарміраванне матывацыі да ўнясення асабістага ўкладу кожнага ў паляпшэнне экалагічнай сітуацыі.

Вось і ў гэтым годзе акцыя вызвала шырокі водгук. У ёй паўдзельнічалі 33 установы адукацыі Лідскага раёна.
Тое, што мерапрыемства праводзіцца штогод, дае станоўчыя вынікі: сабрана 107 982 адпрацаваныя батарэйкі, што ў 2 разы больш, чым у мінулым годзе. Арганізатары акцыі запрасілі пераможцаў і прызёраў на заключнае мерапрыемства ў Лідскі раённы экалагічны цэнтр дзяцей і моладзі, дзе яны не толькі атрымалі ўзнагароды, але і згулялі ў інтэрактыўную гульню “Пакаленне энергаэфектыўных”. Лепшым стаў калектыў вучняў і настаўнікаў Пескаўскага дзіцячага сада — базавай школы (33,2 батарэйкі на аднаго вучня), які заняў першае месца. Другое месца падзялілі калектывы Гудскага дзіцячага сада — базавай школы і Мінойтаўскай сярэдняй школы (па 18 і 17,5 батарэйкі на кожнага вучня), трэцяе месца прысуджана Ганчарскаму дзіцячаму саду — сярэдняй школе і сярэдняй школе № 11 Ліды (па 13,8 і 12,8 батарэйкі адпаведна). Найбольш значны ўклад у захаванне прыроды ўнеслі школьнікі сярэдняй школы № 17 Ліды, якія сабралі 18 097 батарэек.

Упэўнены, што традыцыйнае правядзенне падобных акцый дазволіць паказаць важнасць асабістага, хоць і невялікага ўкладу ў ахову прыроды і зрабіць значны крок да ўстойлівага развіцця.

Жанна ЦЕХАНОВІЧ,
дырэктар Лідскага раённага экалагічнага цэнтра дзяцей і моладзі.