Паклікала “Вяснянка”

- 16:53Нам пішуць

На вясенніх канікулах сярэдняя школа № 3 Навагрудка гасцінна расчыніла дзверы для 26 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 6 да 10 гадоў. Лагер з сугучнай назвай “Вяснянка” працаваў па прыярытэтных напрамках. Аздараўленчая, пазнаваўчая і забаўляльная дзейнасць спалучаліся з правядзеннем спартыўных, культурна-масавых мерапрыемстваў, з арганізацыяй экскурсій, заняткаў па інтарэсах, знаходжаннем на свежым паветры.

Усе дзеці былі размеркаваны ў два атрады: “Жаўранкі” і “Шпачкі”. Работа адразу закіпела, як з надыходам вясны, бо кіравалі атрадамі таленавітыя, энергічныя і адданыя сваёй справе педагогі: М.А.Максімчык, Ж.Я.Бяльчыцкая, А.Л.Мінчанка, І.М.Сазановіч, А.В.Машчонская і іншыя.

За шэсць дзён было праведзена каля 25 мерапрыемстваў. Дзеці пабывалі ў гісторыка-краязнаўчым музеі, дзе папоўнілі свае веды аб старажытным Навагрудку, падарожнічалі па станцыях з педагогамі ЭБЦ, шукалі “скарбы”, вучыліся ляпіць з цеста пад кіраўніцтвам вопытных педагогаў з ЦТДіМ, малявалі на асфальце, гулялі на свежым паветры, спаборнічалі, устанаўлівалі свае маленькія рэкорды, вывучалі правілы дарожнага руху, удзельнічалі ў віктарынах і майстар-класах.

Праводзілася шмат тэматычных дзён. Казачны дзянёк запомніўся тэатралізаваным прадстаўленнем з удзелам дзяцей і педагогаў. У дзень здароўя і спорту былі праведзены эстафеты. Усе конкурсы рыхтавала настаўніца фізкультуры і здароўя Г.У.Сакевіч.

У дзень закрыцця лагера ў кожнага выхаванца была свая “хвіліна славы”. Многія дзеці пажадалі паказаць свае таленты. Аліна Шчансновіч выканала “Эцюд” на скрыпцы, у выкананні Арцёма Мароза прагучала кранальная песня пра маці, а Данііл Арцюх прачытаў верш “Нашы госці”.

Чуць словы ўдзячнасці, бачыць задаволеныя твары дзяцей — лепшая ўзнагарода для педагога.

Аксана АРЦЮХ,
начальнік лагера “Вяснянка” сярэдняй школы № 3 Навагрудка,
настаўніца пачатковых класаў.