Паклікаў турзлёт

- 14:42Навіны рэгіёнаў

Свежае паветра, дружная кампанія, песні пад гітару, ежа, згатаваная на вогнішчы, новыя сябры і мноства яркіх уражанняў — усё гэта надоўга застанецца ў памяці 15 каманд з устаноў адукацыі Маларытчыны, якія зноў сабралі рукзакі, кацялкі і палаткі і прыехалі на двухдзённы раённы турыстычны злёт, каб паказаць свае ўменні, навыкі і здольнасці. Сёлета мерапрыемства праходзіла на базе Маларыцкага раённага цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі ў вёсцы Олтуш.

Праграма турыстычнага злёту складалася з некалькіх конкурсных выпрабаванняў. Перамагчы можна было толькі дзякуючы згуртаванасці каманды, добрай падрыхтоўцы і ўпэўненасці ў сваіх сілах. Менавіта гэта дазволіла камандзе Маларыцкай раённай гімназіі пад кіраўніцтвам настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя Уладзіміра Яромкіна і Дзяніса Алесеюка заняць 1-е месца.

На ўсю моц выкладваліся падчас выпрабаванняў сямікласнік Серафім Струнец, васьмікласнікі Паліна Пяшко, Дзмітрый Краснажон, Арцём Каралюк, Настасся Шыян, Марына Алесік, Лізавета Гайдучык і Андрэй Антановіч. Гімназісты сталі першымі ў спаборніцтве па турыстычнай тэхніцы на кароткую дыстанцыю і конкурсе па гатаванні ежы на вогнішчы, другімі — у спартыўным арыентаванні і трэцімі — у конкурсе бівака і водным спаборніцтве на байдарцы.

2-е месца ва ўпартай барацьбе заваявалі вучні сярэдняй школы № 2 Маларыты, 3-е — прадстаўнікі Гвозніцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.