Пакой бяспекі

- 12:11Нам пішуць

У кожнай узроставай групе ясляў-сада № 79 Гродна ёсць свой куток бяспекі, дзе дзеці штодня падчас гульняў, заняткаў знаёмяцца з правіламі бяспечных паводзін, замацоўваючы іх са сваімі выхавальнікамі.

Гутаркі, гульні, кансультацыі — гэта, вядома, добра. Але ж як зрабіць так, каб дзіця бачыла, запамінала, магло памацаць і абыграць? Было прынята рашэнне стварыць пакой бяспекі пад назвай “Дзе жыве небяспека?”. Увайшоўшы ў свет прадметаў, рэчаў, якія тояць у сабе небяспеку, дзіця ў гульнявой форме можа не толькі само зразумець, дзе і ў чым тоіцца небяспека, але і падказаць гэта сваім аднагодкам ў гульні. Мы ахапілі ўсе месцы, у якіх сустракаецца небяспека на працягу жыцця дзіцяці. Там мурашнік, вогнішча, вадаём, электрапрыборы і нават навальніца. Роставая лялька інспектара ДПС стаіць на варце, рэгулюючы рух транспарту, на якім едуць выхаванцы ў вялікіх машынах, зробленых выхавальнікамі. Ну і, вядома, не абышлося без манекена ратавальніка-пажарнага, які дэманструе амуніцыю, што выкарыстоўваюць супрацоўнікі МНС пры тушэнні пажару.

У гэтым годзе наша дашкольная ўстанова прыняла ўдзел у раённым конкурсе “Бяспечнае дзяцінства” і заняла 2-е месца. Падчас падрыхтоўкі да конкурсу значна папоўнілася матэрыяльна-тэхнічная база ўстановы, а дзеці атрымалі новыя веды, уменні і навыкі па бяспечных паводзінах.

Культура бяспекі ўзнікае ў дзіцяці не сама па сабе, а ў выніку працяглай і карпатлівай працы дарослых. Таму выхавальнікі запрашаюць бацькоў на святы, арганізоўваюць круглыя сталы, кансультацыі на тэму бяспекі, на бацькоўскія сходы запрашаюцца супрацоўнікі МНС. Арганізоўваюцца экскурсіі ў пажарную часць, дзе бацькі і дзеці знаёмяцца з пажарнай тэхнікай, прыстасаваннямі для тушэння пажару і могуць выпрабаваць іх на справе.

Ларыса ВАСЮКЕВІЧ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 79 Гродна.