Пярвічная арганізацыя ГА“БРСМ” Субацкай школы носіць імя нашага земляка Аляксея Іванавіча Красько, які загінуў у Афганістане.
Нарадзіўся Аляксей Іванавіч Красько 22 красавіка 1967 года ў вёсцы Майсеевічы. У 1984 годзе скончыў Майсеевіцкую сярэднюю школу. Працаваў слесарам у калгасе. 23 красавіка 1985 года быў прызваны ў рады Узброеных Сіл. Служыў у Туркестанскай ваеннай акрузе ва Узбекістане. У чэрвені быў накіраваны ў Афганістан вадзіцелем аўтамабіля. 20 снежня гэтага ж года пры выкананні баявога задання ў раёне Кандагара радавы Аляксей Красько быў цяжка паранены. Ад атрыманых ран памёр… Яму было ўсяго васямнаццаць гадоў.
Ала Браніславаўна Шчановіч, класны кіраўнік Аляксея, перадала ў музей школы напісанае Аляксеем 25 мая 1984 года пісьмо “Планы на будучыню”. Ён марыў стаць механікам, выбраць надзейную спадарожніцу жыцця, сустрэцца ўсім класам праз гады.
21 снежня ў нашай школе прайшла ўрачыстая лінейка, прысвечаная памяці воіна-інтэрнацыяналіста Аляксея Іванавіча Красько. На лінейцы прысутнічаў член савета грамадскага аб’яднання воінаў-інтэрнацыяналістаў Ваўкавыскага раёна Таліслаў Канстанцінавіч Дубай. Вучні з цікавасцю і хваляваннем слухалі аб лёсе воінаў-інтэрнацыяналістаў, аб тым, як цяжка ісці пад кулі, развітвацца назаўсёды з сябрамі і бацькамі.
Гонар за нашага земляка перапаўняў душы дарослых і дзяцей. Для нас, сучаснікаў, вайна ў Афганістане — гісторыя, якую павінен ведаць кожны.
Аксана ХАЯН,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Субацкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Ваўкавыскага раёна.