Памяць аб загінуўшых дзеля памяці жывых

5 мая ў народным музеі Малабераставіцкай сярэдняй школы адбылося свята, прысвечанае Дню Вялікай Перамогі. На сустрэчу, якая насіла сімвалічную назву “Памяць аб загінуўшых дзеля памяці жывых”, прыехалі родныя і блізкія воінаў-землякоў, якія загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны.

Саветам народнага музея школы была праведзена значная пошукава-даследчая работа. На працягу двух апошніх гадоў пошукава-даследчая група музея вывучала архіўныя дакументы, матэрыялы форумаў пошукавага руху, электронныя кнігі Памяці. Мы стварылі і папоўнілі ўласную электронную кнігу Памяці. Атрыманыя дакладныя факты дазволілі разгледзець баявы шлях воінаў-землякоў, устанавіць месцы іх гібелі і пахавання, выявіць факты ўшанавання памяці аб воінах-земляках у краінах, дзе яны прынялі апошні бой.

Сустрэча атрымалася вельмі хвалюючай і змястоўнай. Упершыню родныя і блізкія франтавікоў змаглі даведацца аб іх баявым шляху, убачыць на фотаздымках помнікі на брацкіх магілах, дзе пахаваны франтавікі.

Усе ганаровыя госці выказалі падзяку за памяць аб іх родных, аб усіх воінах-земляках, якія ваявалі на франтах Вялікай Айчыннай вайны і прынеслі Перамогу.

Тамара ЭЙСМАНТ,
настаўніца гісторыі Малабераставіцкай сярэдняй школы Бераставіцкага раёна.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *