Памяць, увасобленая ў слове

- 11:34Навіны рэгіёнаў

Лепшым інавацыйным праектам ВДУ імя П.М.Машэрава — 2020 прызнаны альбом “75 слоў-помнікаў, народжаных Вялікай Перамогай”, створаны на філалагічным факультэце (з новага навучальнага года — факультэт гуманітарыстыкі і моўных камунікацый).

Ідэйным натхняльнікам і кіраўніком праекта стаў дацэнт кафедры агульнага і рускага мовазнаўства Леанід Вардамацкі (на здымку). У склад навукова-творчай групы цэнтра лінгвадыдактычных практык, якая займалася пошукам і сістэматыза­цыяй гістарычнага матэрыялу, увайшлі студэнты Настасся Жукоўская, Марат Нікалаенка і Мілана Ціханава. Альбом выдадзены на рускай, беларускай і англійскай мовах пад агульнай рэдакцыяй дэкана факультэта прафесара Сяргея Нікалаенкі.

— Апошнім часам, на жаль, асобныя прадстаўнікі сучаснай моладзі ўсё больш аддалена і абстрагавана разумеюць гістарычнае значэнне падзей, фактаў, гераічных учынкаў, якія мелі месца ў гады Вялікай Айчыннай вайны, — каменціруе ініцыятыву Сяргей Уладзіміравіч. — Аднак недаацэнка або скажэнне гістарычнай праўды, па няведанні або нежаданні, пагражае небяспекай няправільна ўспрымаць і сучаснасць. Яшчэ ў 60-я гады мінулага стагоддзя ў сваёй паэме “Па праве памяці” Аляксандр Твардоўскі ўзняў пытанне аб гістарычнай праўдзе. Ён тады сказаў “Па праве памяці жывой” — крылатая, дакладная і вельмі ёмістая метафара. Чым далей ваенныя падзеі, тым больш, напэўна, яны пераасэнсоўваюцца. Вось мост Блахіна ў Віцебску. Хто гэты чалавек, што ён здзейсніў? Атрымалася ці не малады сучаснік паглядзець фільм, прачытаць кнігу пра вайну, звесткі на мемарыяльнай дошцы, пачуць расказ больш дасведчанага суразмоўніка — і наколькі той быў дасведчаны, аб’ектыўны? Як крыніца жывіцца з роднай зямлі, так наша гістарычная памяць жывая, пакуль яна падтрымліваецца соцыумам, прарастае ў нас і праз нас. Толькі тады мы заслугоўваем на яе права.

75-годдзю перамогі савецкага народа над нямецка-фашысцкімі захопнікамі факультэт прысвяціў шэраг яркіх мерапрыемстваў. У ліку  самых маштабных — “Мая кніга Перамогі”, праведзенае сумесна з адміністрацыяй і дзіцячымі дашкольнымі ўстановамі Першамайскага раёна Віцеб­ска. Студэнты з выкладчыкамі, выхаванцы з выхавальнікамі збіралі інфармацыю аб ваенных падзеях, знаходзілі герояў, лёс якіх найбольш уразіў. Часта з кніжных старонак паўставалі дзяды і прадзеды, сваякі аўтараў. Так, у яслях-садзе № 110 распрацавалі серыю з сямі брашур, дзе ад імя хлопчыка Арсенія праз яго размовы з дзядулем, удзель­нікам Вялікай Айчыннай вайны, расказваецца не толькі пра ваенны Віцебск, абаронцаў і вызваліцеляў горада, помнікі, што зараз увекавечваюць іх па­мяць, піянераў-герояў, але і пра тагачасную тэхніку, побыт, спорт.   

— Было надзвычай важна, каб у ходзе работы над кнігай удзельнік вызначыў значнае асабіста для яго, што выклікала жывы эмацыянальны водгук, у святле якога фактычна адбываюцца далейшае ўспрыманне і засваенне матэрыялу, — працягвае Сяргей Нікалаенка. — Мы пераканаліся: моцнымі трыгерамі ў гэтым плане могуць выступіць асоба, падзея, артэфакт і звязаны з ім мастацкі твор — тыя ж зямлянка і знакамітае “Б’ецца ў цеснай пячурцы агонь”… Пасля завяршэння праекта кожная дашкольная ўстанова правяла свята-прэзентацыю кніг. Адно шкада, з-за каранавіруснай пандэміі давялося адмовіцца ад агульнай заключнай урачыстасці. Праект “75 слоў-помнікаў, народжаных Вялікай Перамогай” — пэўным чынам працяг, развіццё і пераасэнсаванне вопыту “Маёй кнігі Перамогі”. Прадставіць на ўніверсітэцкі конкурс інавацыйных праектаў адмысловы альбом прапанавалі студэнты на чале з Леанідам Міхайлавічам. Чаму спыніліся менавіта на 75 характэрных словах-помніках, хаця на справе іх тысячы, зразумела, як і тое, што выбар быў складаны і адказны. Аднак напачатку многія выказвалі сумненні: ці атрымаецца навуковы праект, у чым заключаецца яго інавацыйнасць? Мы ў навуцы нярэдка, вобразна кажучы, спрабуем злавіць жураўля ў небе. Менш зважаем на відавочнае невядомае, што ўтрымлівае як тэматычную актуальнасць, так і высокі выхаваўча-асветніцкі патэнцыял, магутны ідэалагічны складнік. У гэтым якраз прысутнічае інавацыя, як і ў самой канцэпцыі “слова-помнік”.

— Пры выкарыстанні слова “помнік” мы звычайна маем на ўвазе пэўную матэ­рыяльную структуру, найчасцей — манумент ці барэльеф, радзей — прыродны, гісторыка-культурны аб’ект, — далучаецца да размовы Леанід Вардамацкі. — Але і некаторыя словы, іх спалучэнні ў свядомасці людзей з часам набываюць значэнне помнікаў, калі найменне пры словаўжыванні адыходзіць на другі план, а галоўныя сэнсы дыктуюць звязаныя з ім паняцці, асобы, падзеі: Брэсцкая крэпасць, сустрэча на Эльбе, Дзень Перамогі, Бацька Мінай, “Партызанская мадонна”, Невядомы салдат… У альбоме сярод слоў-помнікаў вы пабачыце паняцці “Васіль Цёркін”, Вечны агонь — не канкрэтнае месца і агонь, а сімвал памяці і вечнасці. Словы-помнікі матывуюць людзей вяртацца да сябе, задумвацца, пераасэнсоўваць. У адрозненне ад матэрыяльных, яны агульныя і адначасова вельмі асабістыя для кожнага чалавека, таму што ўзнікае пашырэнне значэння праз уласныя асацыяцыі, уяўленні, жыццёвы вопыт. Па сутнасці, такія словы і ёсць жывая народная памяць, увасобленая сродкамі мовы.

За час работы над праектам сабрана велізарная колькасць матэрыялаў: дакументы, фотаздымкі, карты. Усе яны знайшлі адлюстраванне на старонках альбома. Асаблівую ўвагу яго ўкладальнікі ўдзялілі героям Вялікай Айчыннай вайны — выпускнікам універсітэта — Пятру Машэраву, Канстанціну Абазоўскаму, Міхаілу Высагорцу.

— Сёння асабліва востра стаіць пытанне аб ачышчэнні або абароне гістарычнай праўды ад наслаенняў, домыслаў, выдумак, скажоных рэканструкцый гісторыі  Вялікай Айчыннай вайны, — падкрэслівае Сяргей Нікалаенка. — Нам усім трэба быць уважлівымі да гісторыі, дастойнымі сваіх бацькоў і дзядоў. Калі, перагортваючы апошнюю старонку нашага альбома, чытач адчуе жаданне далучыцца да збірання і беражлівага захавання старонак смутку і славы нашага народа, мы, стваральнікі праекта, будзем лічыць сваю задачу выкананай.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.