Паспяховы старт

- 11:45Навіны рэгіёнаў

Менавіта так назвалі сустрэчу з маладымі спецыялістамі ўстаноў адукацыі, падпарадкаваных галоўнаму ўпраўленню адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, што праходзіла ў абласным цэнтры і была арганізавана ў выглядзе дыялогавай пляцоўкі.

На сустрэчу запрасілі юнакоў і дзяўчат, якія ў гэтым годзе сталі выпускнікамі навучальных устаноў і не толькі атрымалі сваё першае працоўнае месца, але і паспяхова стартавалі ў прафесійным плане. Сёлета педагагічная сям’я Гродзен­шчыны папоўнілася больш як на 700 маладых спецыялістаў, з іх 76 чалавек пачалі працоўны шлях у навучальных установах, падпарадкаваных галоўнаму ўпраўленню адукацыі аблвыканкама: у ліцэях, каледжах, цэнтрах творчасці, турызму і краязнаўства, эколага-біялагічным цэнтры, санаторных школах. Большасць з іх прынялі ўдзел у мерапрыемстве.

Сустрэўшыся ў Гродне, а многія маладыя людзі працуюць у розных кутках вобласці, яны адразу накіраваліся на экскурсію па гістарычным цэнтры горада. Значным момантам мерапрыемства стала дыялогавая пляцоўка паміж моладдзю і кіраўніцтвам галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама. Вопытам сваёй працы, а таксама сакрэтамі майстэрства падзяліліся з моладдзю паспяховыя кіраўнікі, якія не так даўно і самы былі маладымі спецыялістамі, а цяпер узначальваюць установы, а таксама ветэраны працы сістэмы адукацыі.

Звяртаючыся да маладых педагогаў, начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Руслан Абрамчык адзначыў:

— Шэраг мерапрыемст­ваў, прымеркаваных да пачатку навучальнага года, праходзіць пад нефармальным слоганам “Мы адзінае цэлае”. Сёння сваю работу пачынае клуб “Малады спецыяліст” для тых, хто прыйшоў працаваць у дзяржаўныя ўстановы сістэмы прафесійнай і дадатковай адукацыі, санаторныя школы, падпарадкаваныя галоўнаму ўпраўленню адукацыі аблвыканкама. Гэта майстры вытворчага навучання, настаўнікі. У радах маладых спецыялістаў ёсць пераможцы Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus, тыя, хто скончыў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Многія выпускнікі, атрымаўшы дыпломы, засталіся працаваць у тых навучальных установах, якія скончылі.

Мерапрыемства гэтае не разавае. Клуб “Малады спецыяліст” будзе раз у квартал запрашаць юнакоў і дзяўчат на сустрэчы. Плануюцца яны не толькі ў Гродне, але і ў іншых гарадах вобласці.

— Так склалася, што вашы калегі, якія працуюць у школах і дзіцячых садках, уключаюцца ў работу клубаў маладога спецыяліста ў сваіх раёнах. Таму з’явілася ідэя сабрацца разам з маладымі людзьмі, што працуюць у нашых установах адукацыі, для таго каб усе зразумелі, што мы адно цэлае, працуем у адным напрамку. Спадзяюся, што наступныя сустрэчы не будуць такімі афіцыйнымі, дапамогуць вам пазнаёміцца адно з адным, што паспрыяе і прафесійнаму росту, і поспеху нашай сістэмы. Хацелася б, каб, пачынаючы свой прафесійны шлях, вы разумелі, што не адны, побач знаходзяцца калегі, у якіх мо­гуць узнікнуць тыя ж пытанні і праблемы, а разам іх лягчэй вырашыць. Мы нездарма запрасілі прадстаўнікоў розных грамадскіх аб’яднанняў, каб на старце вашай прафесійнай кар’еры яшчэ раз нагадаць, на якую сацыяльную падтрымку вы можаце разлічваць, — падкрэсліў Руслан Абрамчык.

Вельмі прыемна, што сярод маладых педагогаў тыя, хто ўжо дасягнуў пэўных вышынь у прафесійнай альбо грамадскай дзейнасці. Сярод удзельнікаў сустрэчы быў пераможца Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага май­стэрства WorldSkills Belarus Яўген Чэрнік. Малады чалавек прызнаўся, што заўсёды марыў звязаць сваё жыццё са сталярным рамяством. Атрымаўшы прафесію, застаўся працаваць майстрам у Мірскім дзяржаўным мастацкім прафесійна-тэхнічным кале­джы, дзе і вучыўся.

Дарэчы, яшчэ ў 2016 го­дзе галоўнае ўпраўленне адукацыі выступіла ініцыятарам стварэння “Віртуальнай Кнігі гонару маладых спецыялістаў”, у якую сёння ўпісана 25 імён. Як расказаў Руслан Абрамчык, напярэдадні Дня настаўніка кніга папоўніцца шэрагам імён. Плануецца  таксама заснаваць прэмію для настаўнікаў моладзі, вопытных педагогаў, якія дапамаюць ім у прафесійным росце.

Пра метадычную работу, што праводзіцца з маладымі спецыялістамі, каб дапамагчы ім рэалізаваць сябе ў выбранай прафесіі, расказала рэктар Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі кандыдат педагагічных навук Святлана Сяргейка.

— Асноўныя прафесійныя кампетэнцыі вы будзеце адпрацоўваць у першыя два гады. Гаворачы вобразна, УВА навучылі вас чы­таць, а як аналізаваць твор, напі­саць сачыненне — гэтаму вы бу­дзеце вучыцца падчас сваёй прафесійнай дзейнасці. І тут дапаможа сістэма дадатковай адукацыі дарослых. У абласным інстытуце развіцця адукацыі круглы год працуе віртуальная школа маладога педагога. Гэта электронны рэсурс, з дапамогай якога малады педагог можа пазнаёміцца з неабходнымі яму для працы метадычнымі дакументамі і  каментарыямі да іх, атры­маць карысныя парады. Таксама працуе летняя школа маладога педагога, праводзіцца фестываль педагагічных ідэй. У канікулярны час рэалізуюцца мэтавыя праграмы павышэння кваліфікацыі. Традыцыйным стаў фестываль педагагічных ідэй. Моладзь мае магчымасць прыняць удзе­л у прафесійных конкурсах, далучыцца да праектнай і інавацыйнай дзейнасці. А з гэтага навучальнага года адчыніць свае дзверы клуб маладых і паспяховых, пачне праца­ваць педагагічная студыя. Удзел у гэтых мерапрыемствах дапаможа набыць прафесійныя навыкі і развіць свае здольнасці, — адзначыла Святлана Сяргейка.

Якія сацыяльныя гарантыі сёння прадастаўляе краіна маладым спецыялістам, расказала галоўны прававы інспектар працы Гродзенскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Іна Мельнікава. І гэта не толькі тыя, што гарантаваны дзеючым заканадаўствам, іх спіс пашыраны дзякуючы прынятаму пагадненню паміж Гродзенскім аблвыканкамам, абласным саюзам наймальнікаў і абласным аб’яднаннем прафсаюзаў. Пэўныя пункты ўносяцца ў калектыўныя дагаворы прадпрыемстваў і арганізацый.

Загадчыца аддзела праектнай дзейнасці Гродзенскага абласнога камітэта БРСМ Наталля Станюкевіч запрасіла маладых людзей да ўдзелу ў шматлікіх конкурсах і праектах. А дырэктар Гродзенскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці Аляксандр Грэцкі расказаў сваю гісторыю поспеху, падзяліўся вопытам, набытым падчас работы.

Карыснамі былі і парады старшыні камісіі па рабоце з моладдзю Гродзенскага абласнога савета ветэранаў Аляксандра Сягодніка, які ў свой час узначальваў абласное ўпраўленне адукацыі.

— Ганарыцеся тым, што працуеце ў сістэме адукацыі Гродзенскай вобласці — адной з лепшых у краіне. Прыкладвайце ўсе намаганні, каб вамі ганарыліся ваша сям’я, калегі, рэгіён і ўся краіна, — адзначыў Аляксандр Іванавіч.

Ганаровыя граматы і па­дзякі за сваю працу моладзі яшчэ атрымліваць ранавата, таму прыемным сюрпрызам для іх стала ўручэнне пасланняў з цёплымі словамі падтрымкі ад галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама.

Прыемным завяршэннем сустрэчы стала забаўляльная праграма “Курс маладога спецыяліста”. Падчас інтэлектуальных конкурсаў моладзь мела магчымасць бліжэй пазнаёміцца, набыць сяброў і аднадумцаў.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота Міхаіла ІСАЧАНКІ.