Павышаем псіхолага-педагагічную культуру бацькоў

- 11:53Навіны рэгіёнаў

Першыя жыццёвыя ўрокі дзеці атрымліваюць у зносінах з бацькамі, якім не заўсёды, на жаль, удаецца стаць для іх па-сапраўднаму блізкімі і дарагімі людзьмі. Пра гэта сведчыць рост колькасці нядобранадзейных сем’яў, дзе мамы і таты не спраўляюцца з выхаваўчымі функцыямі. На Ляхавіччыне 133 непаўналетнія выхоўваюцца ў такіх сем’ях.

Падчас рэабілітацыйнай работы з дзецьмі і іх бацькамі нашы педагогі сутыкнуліся з тым, што амаль у кожнай нядобранадзейнай сям’і парушаны дзіцяча-бацькоўскія зносіны: назіраюцца канфлікты, жорсткае абыходжанне, насілле, эмацыянальная адчужанасць, адсутнасц­ь падтрымкі і абароны. Многае з гэтага абумоўлена не толькі адсутнасцю ў мам і татаў неабходных ведаў пра выхаванне дзяцей, але і ўласным негатыўным вопытам сямейнага выхавання.  

Задача спецыялістаў, якія працуюць з нядобранадзейнымі сем’ямі, — падахвоціць дарослых да роздуму пра стыль сямейнага выхавання, заклікаць да адказных адносін да бацькоўскіх абавязкаў, навучыць мам і татаў эфектыўнаму ўзаемадзеянню з дзецьмі з улікам іх узроставых і асобасных асаблівасцей.

Другі год на базе нашай установы паспяхова працуе псіхалагічная пляцоўка “Я — родитель!” для мам і татаў, чые дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы і маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Фармат работы — трэнінгавыя заняткі, накіраваныя на фарміраванне ў баць­коў больш поўнага вобраза свайго дзіцяці і правільнага яго ўспрымання праз псіхолага-педагагічныя веды, якія немагчыма а­трымаць у сям’і і якія часцей за ўсё аказваюцца нечаканымі і цікавымі для іх. 

Трэнінг з’яўляецца малазнаёмай формай работы для большасці бацькоў, але ён даволі эфектыўны: заняткі ў групе зніжаюць узровень напружанасці ўдзельнікаў адносна іх сацыяльнага статусу, што дазваляе ім свабодна выказваць меркаванні, паглядзець на сваю сямейную сітуацыю вачыма іншых, адчуць сябе прымаючым і прынятым.

Заняткі праходзяць штомесяц для пэўнай групы бацькоў. Групы фарміруюцца на аснове вынікаў дыягностыкі дзіцяча-баць­коўскіх адносін. Склад групы рухомы. На пачатковым этапе сустрэча ўключае прывітанне, агучванне тэмы і мэты, знаём­ства ўдзельнікаў, размінку, а­знаямленне з правіламі работы, выяўленне чаканняў удзельнікаў. На асноўным этапе актуалізуецца тэма су­стрэчы, прапануецца інфармацыйна-тэарэтычны блок, набываюцца практычныя ўменні і навыкі, накіраваныя на вырашэнне задач заняткаў (групавая работа). На заключным этапе аналізуюцца чаканні ўдзельнікаў і право­дзіцца рэфлексія. Змест этапаў умоўны і можа вар’іравацца ў залежнасці ад тэмы і тэмпу работы групы.

Тэматыка сустрэч вызначаецца выяўленымі парушэннямі ў дзіцяча-бацькоўскім узаемадзеянні ў праблемных сем’ях. Спецыялісты практыкуюць таксама папярэдні запыт на тэматыку, якая цікавіць мам і татаў. Але прапанова, як правіла, не атрымлівае актыўнага водгуку.

За час існавання псіхалагічнай пляцоўкі на ёй сустрэліся больш за 50 бацькоў, якія гаварылі з педагогам-псіхолагам на такія выхаваўчыя тэмы, як “Быць побач — значыць быць разам!”, “Усё добрае ў дзіцяці пачынаецца з сям’і”, “Любіць ці выхоўваць?”, “Складнікі бацькоўскага аўтарытэту”, “Выхоўваем хлопчыкаў, выхоўваем дзяўчынак”, “Дзіцячая непаслухмянасць: заахвочваць нельга караць”, “Дотыкі і абдымкі — бясслоўныя знакі бацькоў­скай любові”, “Як дрэннае слова ў дзіцяці адгукнецца”, “Палавое выхаванне: што, калі і як важна растлумачыць дзіцяці” і інш. 

На занятках выкарыстоўваюцца розныя метадычныя сродкі: дыягнастычныя працэдуры (м­алюнкі, бланкавыя тэсты) для атрымання інфармацыі пра бацькоў і дзяцей; аналіз прапанаваных жыццёвых сітуацый (стымулюе да набыцця тэарэтычных ведаў); адпрацоўка эфектыўных метадаў дзіцяча-бацькоўскага ўзаемадзеяння; псіхалагічнае (псіхаасветніцкае) інфармаванне бацькоў для самастойнага выбудоўвання аптымальнага дзіцяча-бацькоў­скага ўзаемадзеяння. 

На якасць зносін паміж бацькамі і дзецьмі ўплываюць эмоцыі і пачуцці. Псіхалагічнае ўздзеянне на эмацыянальны кампанент добра стымулюе ўдзельнікаў су­стрэчы да рэфлексіі бацькоўскага статусу. З гэтай мэтай выкарыстоўваюцца розныя псіхалагічныя прыёмы: праектаванне лепшых якасцей (практыкаванні “Затое маё дзіця…”, “Добрая далонька”, “Пахвалілкі”, “Пазітыўная скарбонка” і інш.); пагружэнне бацькоў ва ўспаміны пра перажытыя радасныя і негатыўныя моманты і падзеі свайго дзяцінства (практыкаванні “Вагі”, “Арэлі “дзяцінства — даросласць”, “Канверт з успамінамі”, “Ружа і чартапалох”); выкарыстанне ўскосных зваротаў дзяцей да бацькоў і наадварот (практыкаванні “Вам пісьмо!”, “Чароўны экран”, “Сасуд душы дзіцяці”, “Кошык”); выкарыстанне метафар і сімвалічных сэнсаў (метафара “губка” і “шклянка з вадой”, чытанне і абмеркаванне прытчаў і псіхалагічных казак, работа з метафарычнымі картамі); гульнявое мадэляванне бацькоўскіх адносін (практыкаванні “Каршун і ягня”, “Сямейная фатаграфія”, “Тры куты”, “На мосце даверу”); замена лексічных канструкцый на сцвярджальныя і наадварот; выкарыстанне фрагментаў з мастацкіх і мультыплікацыйных фільмаў з наступным абмеркаваннем і высновамі (мастацкія фільмы “Мачаха”, “Мужыкі”, “Аварыя — дачка мянта”, мультфільмы “Халоднае сэрца”, “Канікулы ў Прастаквашына”, “Малыш і Карлсан”). Вопыт паказвае, што прымяненне гэтых прыёмаў выклікае ў мам і татаў станоўчыя эмоцыі, дапамагае пераадолець безыніцыятыўнасць і скаванасць, фарміруе актыўную бацькоўскую пазіцыю.

Аналізуючы работу псіхалагічнай пляцоўкі, мы не планавалі адсочваць узровень псіхолага-педагагічных ведаў ва ўдзельнікаў праз анкеты і апытальнікі. Крытэрыямі эфектыўнасці заняткаў з’яўляюцца змены ў самасвядомасці бацькоў: жаданне адкрыта абмяркоўваць бягучыя праблемы ва ўзаемаадносінах з дзіцем (просьба аб індывідуальнай кансультацыі ў педагога-псіхолага); па­трэба ў новых эфектыўных формах дзіцяча-бацькоўскіх зносін (мамы і таты самі бяруць прапанаваныя для азнаямлення буклеты і лістоўкі); арыентацыя на змену стылю дзіцяча-бацькоўскага ўзаемадзеяння ў сям’і (змяшчэнне праблемы з дзіцяці на дарослага: “Аказваецца, што справа ўва мне, а не ў сыне/дачцэ”, “Я спрабую гаварыць з дзецьмі без крыку і абвінавачванняў”). 

Несумненна, калі бацькі валодаюць дастатковым запасам ведаў і ўменняў для паспяховага ўзаемадзеяння з дзецьмі, то не адчуваюць апасенняў наконт аўтарытэтнасці ў іх вачах. Разам з тым важна памятаць, што новыя веды — гэта не толькі арыенцір, які дае новае бачанне адносін у дыядзе “бацькі — дзіця”, але і апора, якая падтрымлівае каштоўнасныя адносіны да дзіцяці.

Марына ГРЫКЕЛЬ,
педагог-псіхолаг СПЦ Ляхавіцкага раёна.