Павышаць кіраўніцкую культуру педагогаў

— Ва ўмовах высокіх патрабаванняў грамадства да якасці адукацыі даволі актуальнай з’яўляецца праблема павышэння прафесійнай і кіраўніцкай культуры педагогаў, — гаворыць загадчыца Кобрынскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Таццяна Іванаўна Петруковіч. — Сучасная сістэма адукацыі фарміруе новыя жыццёвыя ўстаноўкі асобы: мабільнасць, прадпрымальнасць, арганізаванасць, адказнасць, камунікабельнасць, канкурэнтаздольнасць, імкненне да пастаяннага абнаўлення прафесійных ведаў, уменне кіраваць сваім прафесійным і асобасным развіццём. Зразумела, што педагог, які фарміруе гэтыя важныя якасці ў вучняў, павінен сам валодаць імі. Таму кіраўніцкая кампетэнтнасць работнікаў адукацыі разглядаецца як прыярытэтны складнік іх прафесійнай кампетэнтнасці. Важную ролю ў павышэнні кіраўніцкай культуры педагогаў Кобрыншчыны адыгрывае раённы вучэбна-метадычны кабінет, які ў ідэале павінен стаць сучасным інфармацыйна-аналітычным і кансалтынгавым цэнтрам у сістэме бесперапыннага прафесійнага развіцця кадраў.

Сёння ВМК пераходзіць ад арганізацыйна-метадычнай дзейнасці і рэтрансляцыі актуальнай педагагічнай інфармацыі да даследавання і глыбокага аналізу існуючых праблем у сістэме адукацыі раёна, праектавання метадычнай работы і стварэння інфармацыйна-адукацыйнай прасторы, накіраванай на павышэнне прафесійнай і кіраўніцкай культуры педагогаў і кіраўнікоў праз прафесійнае ўзаемадзеянне.

— У аснове прафесійнага развіцця работнікаў адукацыі — індывідуальны выбар форм і спосабаў павышэння кваліфікацыі з прынцыповай устаноўкай на развіццё творчага патэнцыялу і фарміраванне стратэгічнага мыслення, — адзначае Т.І.Петруковіч. — Таму імкнёмся планаваць павышэнне кваліфікацыі педагогаў і кіраўнікоў з улікам іх адукацыйных і метадычных запытаў. Штогод установы адукацыі падаюць у ВМК заяўкі з пажаданай тэматыкай праграм павышэння кваліфікацыі і яе тэрмінаў. Па запытах работнікаў шырока практыкуецца арганізацыя выязнога павышэння кваліфікацыі, якое праводзіцца пераважна на канікулах. Так, у мінулым навучальным годзе на базе раёна павысілі кваліфікацыю 30 класных кіраўнікоў, 60 настаўнікаў пачатковых класаў, 27 настаўнікаў і 28 кіраўнікоў фізічнага выхавання. З імі займаліся супрацоўнікі Брэсцкага абласнога ІРА, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры і Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіраўніцкіх работнікаў і спецыялістаў фізічнай культуры, спорту і турызму.

Відавочна, што павышэнне прафесійнай культуры немагчыма без фарміравання і развіцця ІКТ-кампетэнтнасці педагогаў і кіраўнікоў. Так, у гімназіі Кобрына і іншых установах адукацыі раёна актыўна выкарыстоўваюцца сэрвісы Google, якія дазваляюць вывесці зносіны педагогаў і вучняў за рамкі ўрокаў. У настаўніцкіх блогах размяшчаецца карысная інфармацыя для дзяцей. Акрамя таго, там кантактуюць удзельнікі адукацыйнага працэсу. Напрыклад, настаўнікі матэматыкі В.Я.Лагвіновіч і Я.Я.Лагвіновіч з сярэдняй школы № 6 Кобрына стварылі інтэрнэт-платформу Oscar для работы з адоранымі вучнямі (праект атрымаў дыплом І ступені ў Рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”). Сёлета 4 установы адукацыі раёна падключыліся да апрабацыі электронных дзённікаў/школ. З мінулага года ў яслях-садзе № 6 Кобрына і Яроміцкім яслях-садзе рэалізоўваецца інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання прафесійнай кампетэнтнасці выхавальніка дашкольнай адукацыі шляхам інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій”.

— Сёння сертыфікаты карыстальнікаў ІКТ у адукацыі маюць 72% педагогаў Кобрыншчыны, але наяўнасць такіх сертыфікатаў не вырашае цалкам праблемы развіцця ІКТ-кампетэнтнасці, — заўважае Т.І.Петруковіч. — Канечне, большасць педагогаў валодае дастатковым узроўнем функцыянальнай дасведчанасці ў галіне ІКТ, але час не стаіць на месцы. Асноўная задача настаўнікаў — не толькі абгрунтавана выкарыстоўваць ІКТ у вырашэнні прафесійных, сацыяльных і асобасных задач, але і разумець ролю ІКТ у развіцці вучняў як суб’ектаў інфармацыйнага грамадства, якія ўмеюць аперыраваць вялікім аб’ёмам інфармацыі для атрымання якасна новага выніку. Таму раённая метадычная служба шмат увагі ўдзяляе пытанням выкарыстання ІКТ у адукацыйным працэсе, арганізацыі сеткавага ўзаемадзеяння і фарміраванню ў педагогаў патрэбы ў далейшым асобасным самаразвіцці і самаўдасканаленні. Так, на пасяджэннях раённых метадычных фарміраванняў разглядаецца і вывучаецца эфектыўны педагагічны вопыт, апрабоўваюцца новыя формы работы.

У мінулым навучальным годзе настаўнікі беларускай мовы і літаратуры вывучалі вопыт работы настаўніка-метадыста дырэктара сярэдняй школы № 1 Бярозы М.В.Жуковіча па выкарыстанні ІКТ на ўроках і ў пазакласнай рабоце; настаўнікі біялогіі знаёміліся з напрацоўкамі калег з гімназіі Кобрына па выкарыстанні інтэрактыўнай сістэмы галасавання і апытання Votum, арганізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў пры выкарыстанні сэрвісу вэб 2.0; настаўнікі інфарматыкі апрабавалі вэб-квесты. Акрамя таго, з мэтай выяўлення эфектыўнага педагагічнага вопыту педагогі ўдзельнічаюць у абласных конкурсах “Мультымедыйны ўрок у практыцы работы сучаснага педагога” і “ІКТ у кіраўніцкай дзейнасці”, па выніках якіх педагогі і кіраўнікі Кобрыншчыны — у ліку прызёраў і пераможцаў.

Па словах Т.І.Петруковіч, пошук новых форм прафесійнага ўзаемадзеяння прывёў да стварэння на ўзроўні раёна інфармацыйна-адукацыйнай прасторы на аснове платформы GoogleApps для адукацыі. Работа па наладжванні сеткавых зносін з установамі адукацыі пачалася тры гады назад. Першапачаткова гэтая платформа выкарыстоўвалася для дыстанцыйнага ўзаемадзеяння аддзела адукацыі, спорту і турызму, вучэбна-метадычнага кабінета з установамі адукацыі па стварэнні сумесных дакументаў, аператыўным абмене інфармацыяй і напаўненні банка сучасных вучэбных і метадычных матэрыялаў. У выніку ўдалося наладзіць эфектыўны інфаабмен, знізіць дакументааброт і забяспечыць аператыўнае інфармаванне ўстаноў па актуальных пытаннях адукацыйнай дзейнасці.

— Сёння сеткавае ўзаемадзеянне з’яўляецца эфектыўным інструментам інфармацыйна-метадычнай падтрымкі педагогаў і кіраўнікоў, — расказвае Т.І.Петруковіч. — Магчымасці GoogleApps дазваляюць ажыццяўляць дыстанцыйнае кансультаванне, праводзіць сеткавыя мерапрыемствы, арганізоўваць работу сеткавых суполак педагогаў і кіраўнікоў. Так, пры падрыхтоўцы педагогаў-саіскальнікаў вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі да здачы кваліфікацыйнага экзамену праводзім не толькі вучэбныя семінары, але і дыстанцыйныя кансультацыі па апісанні і афармленні вопыту педагагічнай дзейнасці. У мінулым навучальным годзе паспяхова прайшлі атэстацыю 52 педагогі, вышэйшую катэгорыю атрымалі 10. Настаўнік хіміі А.Д.Чахомаў з сярэдняй школы № 7 Кобрына стаў настаўнікам-метадыстам.

Сеткавыя мерапрыемствы павышаюць актыўнасць педагогаў і вучняў, развіваюць іх інфармацыйную культуру. Так, сёлета адбылася сеткавая інтэлектуальная гульня “Птушыны букет” з удзелам 14 вучнёўскіх каманд. Маштабнай атрымалася акцыя “Чытаем разам Крапіву”, прысвечаная 120-годдзю класіка беларускай літаратуры. Вынікам акцыі стала сеткавая прэзентацыя відэаролікаў, якія прыцягнулі ўвагу педагогаў, дзяцей і іх бацькоў. Распрацоўкі ўрокаў і пазакласных мерапрыемстваў увайшлі ў зборнік метадычных матэрыялаў па вывучэнні творчай спадчыны сатырыка.

З мэтай удасканалення метадычнага суправаджэння профільнага навучання, выяўлення і прапаганды эфектыўнага вопыту выкладання профільных прадметаў быў праведзены інтэрнэт-конкурс “Урок як кампанент сістэмы профільнай падрыхтоўкі вучняў”, у якім прынялі ўдзел 23 настаўнікі. Распрацоўкі ўрокаў і факультатыўных заняткаў увайшлі ў аднайменны зборнік метадычных матэрыялаў. Акрамя таго, інтэрнэт-конкурс лёг у аснову стварэння сеткавай суполкі “Профіль” для настаўнікаў профільных прадметаў.

— Вызначыць шляхі далейшага ўдасканалення метадычнага суправаджэння профільнага навучання і арганізацыі дапрофільнай падрыхтоўкі дапамог раённы маніторынг, — гаворыць Т.І.Петруковіч. — Ён паказаў, што асноўныя цяжкасці ў рэалізацыі праграм профільнага навучання настаўнікі звязваюць найперш з адсутнасцю добра распрацаванага вучэбна-метадычнага комплексу. У сваю чаргу школьнікі прапаноўваюць узмацніць практычны складнік вучэбных заняткаў, пазбавіць перагрузкі дамашнімі заданнямі, больш увагі ўдзяляць навучанню ў практычнай дзейнасці і правядзенню даследаванняў, а таксама індывідуальнай рабоце. Гэтыя пытанні з’яўляюцца ключавымі ў рабоце раённых метадычных фарміраванняў, творчых і праблемных груп.

У мінулым навучальным годзе дзейнічалі сеткавыя суполкі настаўнікаў інфарматыкі, пачатковых класаў, беларускай мовы і літаратуры, дырэктараў школ — членаў клуба “Формула поспеху”. Найбольш выніковай стала работа сеткавай суполкі настаўнікаў пачатковых класаў з ліку членаў раённай творчай групы, якая актыўна працавала над тэмай “Спосабы арганізацыі прадукцыйнай дзейнасці вучняў пачатковых класаў пры вывучэнні беларускай мовы”. Былі распрацаваны матэрыялы для правядзення факультатыўных заняткаў па беларускай мове ў 2 класе на аснове краязнаўчага матэрыялу Кобрыншчыны.

— Работа ў сеткавай суполцы стварае камфортнае асяроддзе для прафесійных зносін, забяспечвае своечасовае інфармаванне ўдзельнікаў, спрашчае арганізацыйную дзейнасць метадыстаў, — адзначае Т.І.Петруковіч. — Праўда, давялося сутыкнуцца і з некаторымі цяжкасцямі. Так, для работы ў сеткавай суполцы патрабуюцца дадатковыя часавыя затраты і пэўны ўзровень ІКТ-кампетэнтнасці. Не ўсе педагогі і кіраўнікі псіхалагічна гатовы да работы ў сетцы, не ўсе рабочыя месцы маюць неабходнае тэхнічнае аснашчэнне. Наладжванне сеткавага ўзаемадзеяння працягнецца, прычым з улікам таго, што такая форма работы з’яўляецца не альтэрнатывай, а дадаткам да традыцыйных форм метадычнай дзейнасці.

Т.І.Петруковіч лічыць, што значным рэсурсам павышэння кіраўніцкай культуры з’яўляецца ўдзел педагогаў у конкурсах прафесійнага майстэрства і творчых спаборніцтвах. У гэтай рабоце ВМК выконвае функцыі арганізатара, эксперта і кансультанта. Так, Кіселявецкі дзіцячы сад — сярэдняя школа з’яўляецца пераможцам абласнога конкурсу школ аграгарадкоў “Школа аграгарадка — школа грамадзянскасці, патрыятызму, маральнасці”. Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Н.Ю.Валасюк з гімназіі Кобрына — пераможца абласнога конкурсу “ІКТ у кіраўніцкай дзейнасці”. Пераможца раённага этапу абласнога конкурсу “Малады настаўнік Брэстчыны” настаўніца пачатковых класаў Т.У.Максімовіч з гімназіі Кобрына была адзначана ў намінацыі абласнога этапу спаборніцтва. Настаўніца пачатковых класаў Н.М.Гапанюк з сярэдняй школы № 9 Кобрына перамагла ў намінацыі “Пачатковыя класы” абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”. Па выніках абласнога конкурсу “Кіраванне сучаснай школай: адзінства, калегіяльнасць, эфектыўнасць” кіраўніцкі вопыт дзіцячага сада — сярэдняй школы № 4 Кобрына быў адзначаны дыпломам ІІ ступені.

— Сёння на Кобрыншчыне працуюць 37 дырэктараў школ і ВПК “дзіцячы сад — школа”, 95 намеснікаў дырэктара па вучэбнай, вучэбна-выхаваўчай і выхаваўчай рабоце, — расказвае Т.І.Петруковіч. — Кіраўніцкі стаж да 5 гадоў маюць 13 дырэктараў і 33 намеснікі, больш за 10 гадоў — 13 дырэктараў і 22 намеснікі. Для ўсіх кіраўнікоў арганізавана работа раённых вучэбна-метадычных аб’яднанняў, клубаў прафесійнага і асобаснага росту дырэктараў школ “Формула поспеху” і загадчыкаў дашкольных устаноў “Лідар”. Штогод з улікам змен у кадравым складзе кіраўнікоў аптымізуецца структура метадычнай сеткі.

Пры арганізацыі метадычнай вучобы кіраўнікоў удзяляецца ўвага пытанням псіхалогіі кіравання, кіраўніцкіх зносін, тайм-менеджменту і інш. Укараняюцца формы работы, якія выяўляюць патэнцыяльныя магчымасці кіраўнікоў, павышаюць іх прафесійнае майстэрства: семінары, арганізацыйна-дзелавыя гульні, круглыя сталы, інтэрнэт-канферэнцыі. У метадычнай вучобе найбольш актуальнымі з’яўляюцца пытанні прававой і эканамічнай дзейнасці ўстаноў адукацыі.

— Эфектыўная форма арганізацыі прафесійных зносін кіраўнікоў — адкрытыя прафесійныя клубы, — адзначае Т.І.Петруковіч. — Клуб дырэктараў школ “Формула поспеху” актыўна працуе на працягу 6 гадоў. Дзейнасць клуба накіравана на асваенне эфектыўных кіраўніцкіх тэхналогій, пошук новых механізмаў удасканалення кіраўніцкай дзейнасці, аказанне дапамогі пачынаючым кіраўнікам у адаптацыі да кіраўніцкай дзейнасці. У рамках клуба вывучаецца эфектыўны кіраўніцкі вопыт іншых рэгіёнаў, наладжваюцца сустрэчы з цікавымі людзьмі, праводзяцца трэнінгі асобаснага росту, працуе кіраўніцкая студыя “Клуб — маладому кіраўніку”, які цесна супрацоўнічае з аналагічным клубам “Перспектыва”, што ў Столінскім раёне.

На базе клуба створана аднайменная сеткавая суполка з эфектыўным вопытам работы яго ўдзельнікаў.

Па словах Т.І.Петруковіч, ва ўмовах мадэрнізацыі адукацыйнай галіны, змены ролі і зместу дзейнасці ВМК даволі актуальнай з’яўляецца праблема фарміравання і развіцця кіраўніцкай дзейнасці метадыстаў. Сёння метадыст з’яўляецца менеджарам і экспертам, кансультантам і даследчыкам, цьютарам і мадэратарам. Гэта прадугледжвае развіццё новых прафесійна значных якасцей і асваенне новых кампетэнцый, тым больш што далёка не ўсе педагогі, якія прыйшлі працаваць метадыстамі, гатовы да дзейнасці ў новай ролі. Хацелася б, каб Брэсцкі абласны ІРА часцей праводзіў майстар-класы вопытных загадчыкаў ВМК і метадыстаў для маладых калег.

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *