Павышаць прывабнасць і канкурэнтаздольнасць

- 15:21Суразмоўца

Сёння адукацыйнай галіной нашай краіны наладжаны кантакты з 107 краінамі свету, а ва ўстановах вышэйшай адукацыі праходзяць навучанне больш за 20 тысяч замежных грамадзян. Лічбы значныя, але не максімальныя, тут ёсць яшчэ да чаго імкнуцца. Міністэрствам адукацыі распрацаваны больш дзейсныя кірункі работы для выхаду на новы віток развіцця экспарту адукацыйных паслуг, каб надаць гэтаму руху больш яскравыя рысы. Якія формы і метады міжнароднага супрацоўніцтва сёння выкарыстоўваюцца, якое значэнне будзе адыгрываць распрацаваная Канцэпцыя развіцця экспарту адукацыйных паслуг, расказвае начальнік упраўлення міжнароднага супрацоўніцтва галіновага міністэрства І.Л.ШЫТКОЎСКАЯ.

— Ірына Леанідаўна, хацелася б даведацца, якую дагаворна-прававую базу мае сёння супрацоўніцтва нашай сістэмы адукацыі з замежнымі краінамі? Якія метады выкарыстоўваюцца для папулярызацыі нашых устаноў адукацыі за мяжой?

— Сёння мы рэалізуем 108 міжнародных дагавораў у сферы адукацыі, навукі і маладзёжнай палітыкі. Для параўнання: 10 гадоў назад такіх дагавораў было 39. Непасрэдна самі навучальныя ўстановы, у асноўным вышэйшай адукацыі, узаемадзейнічаюць са сваімі замежнымі партнёрамі ў рамках 3733 прамых дамоўленасцей. Найбольшая колькасць дагавораў заключана з установамі адукацыі і арганізацыямі Расіі (больш за 800), Украіны, Польшчы, Кітая, Казахстана, Германіі, Літвы, Латвіі, Таджыкістана, Італіі, Балгарыі, В’етнама, Азербайджана, Карэі, Турцыі, Ірана, Сербіі, Грузіі.

У рамках гэтых пагадненняў нашы ўстановы з мэтай папулярызацыі сістэмы адукацыі Беларусі на міжнароднай арэне, рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сферы міжнароднага супрацоўніцтва прымаюць актыўны ўдзел у міжнародных мерапрыемствах, рэалізуюць праграмы і праекты акадэмічнай мабільнасці студэнтаў і выкладчыкаў, праводзяць навуковыя даследаванні з прыцягненнем рэсурсаў і прафесарска-выкладчыцкага саставу ўстановы-партнёра; арганізуюць стажыроўкі, курсы павышэння кваліфікацыі.

Прасоўванне беларускіх паслуг адукацыі на замежных рынках ажыццяўляецца таксама праз стварэнне сумесных адукацыйных праграм на базе замежных навучальных устаноў, пашырэнне спектра адукацыйных паслуг для замежных грамадзян, удзел устаноў вышэйшай адукацыі ў міжнародных рэйтынгах, праз сетку інтэрнэт, іншыя маркетынгавыя камунікацыі, праз удзел у выставах.

Так, у прыватнасці, у мінулым годзе беларускія ўстановы адукацыі былі прадстаўлены на міжнародных адукацыйных выставах у Літве, Расіі, Германіі, КНР, Узбекістане, Туркменістане, Індыі; навуковы патэнцыял устаноў вышэйшай адукацыі Беларусі быў прадэманстраваны ў Славакіі, Іспаніі, Казахстане, ААЭ, ЗША, Алжыры, Мазамбіку.

У ходзе гэтых мерапрыемстваў распаўсюджваюцца рэкламна-прэзентацыйныя матэрыялы нашых устаноў адукацыі, дэманструюцца рэкламныя ролікі “Навучанне ў Беларусі”, “Пра Беларусь”, дасягненні ў галіне ўтрымання ўсіх узроўняў адукацыі, сучасных тэхналогій навучання, вучэбнага абсталявання, новых адукацыйных праграм і вучэбна-метадычных комплексаў новага пакалення; падпісваюцца кантракты, прамыя дагаворы аб супрацоўніцтве, праводзіцца кансультаванне патэнцыяльных абітурыентаў і іх бацькоў.

— Ці вядзецца работа па пашырэнні спектра адукацыйных паслуг, якія прадастаўляюцца замежным грамадзянам?

— Мы гэтым актыўна займаемся. Сёння ў Рэспубліцы Беларусь створаны адукацыйныя праграмы для рознага ўзроўню адукацыі, якімі цікавяцца замежныя студэнты: бакалаўрскія, магістарскія праграмы на англійскай мове, праграмы “двайных дыпломаў”, дадатковай прафесійнай адукацыі, павышэння кваліфікацыі, адукацыйныя праграмы ў сеткавай форме, летнія школы, курсы рускай мовы, дыстанцыйнае навучанне і інш. Так, у прыватнасці, працягваем практыку па прадастаўленні ўстановамі вышэйшай адукацыі паслуг адукацыі на англійскай мове і з выкарыстаннем дыстанцыйных адукацыйных тэхналогій.

Нашы УВА ажыццяўляюць рэалізацыю адукацыйных праграм І, II ступеней вышэйшай школы на англійскай мове па больш як 70 спецыяльнасцях. Арганізоўваецца навучанне студэнтаў з выкарыстаннем відэаканферэн-сувязі для арганізацыі кансультацый, прыёму прамежкавых форм кантролю, вэбінараў і іншых сучасных інфармацыйна-камунікацыйных адукацыйных тэхналогій. Ва ўніверсітэтах уводзяцца ў эксплуатацыю сучасныя цэнтры відэаканферэнц-сувязі з неабходным абсталяваннем для арганізацыі і запісу электронных лекцый, правядзення відэаканферэнцый, нарад, электронных курсаў і г.д.

Традыцыі беларускай адукацыі ў спалучэнні з пастаянным развіццём, выкарыстанне сучасных падыходаў, а таксама прывабны кошт навучання і пражывання забяспечваюць папулярнасць беларускай адукацыі сярод замежных граждан. У выніку з кожным годам у Беларусь прыязджае ўсё больш замежных грамадзян, якія жадаюць атрымаць адукацыю ў Беларусі. Колькасць замежных навучэнцаў у 2018 годзе перавысіла 20,2 тысячы чалавек са 102 краін свету і ў параўнанні з 2010 годам вырасла ў 2 разы.

— У якіх міжнародных праграмах удзельнічаюць нашы ўстановы вышэйшай адукацыі? Ці рэалізуюцца праграмы па акадэмічнай мабільнасці студэнтаў і педагогаў?

— Установамі вышэйшай адукацыі нашай краіны сёння ў рамках міжнародных праграм, праектаў, дагавораў аб супрацоўніцтве (Erasmus+, Tempus, DAAD, Horizont 2020, MOST, IAESTE, CIRCEOS і інш.) актыўна рэалізуюцца сумесныя адукацыйныя праграмы, праграмы акадэмічнай мабільнасці студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў, навуковых і педагагічных работнікаў. Частка гэтых праграм праводзіцца пры тэхнічнай дапамозе Еўрапейскага саюза і даволі шырока распаўсюджана ў сферы вышэйшай адукацыі нашай краіны. Традыцыйна нашымі партнёрамі ў гэтым кірунку дзейнасці з’яўляюцца навучальныя ўстановы краін Заходняй і Цэнтральнай Еўропы. Наладжваецца супрацоўніцтва з краінамі Паўднёва-Усходняй Азіі.

— Як вядома, сёння з боку нашай краіны шырока практыкуецца стварэнне новых адукацыйных структур на тэрыторыі замежных краін?

— Нядаўна быў адкрыты сумесны факультэт Беларускага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта і Таджыкскага нацыянальнага ўніверсітэта. Завяршаецца работа па стварэнні сумеснага інстытута Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Даляньскага політэхнічнага ўніверсітэта (КНР), у якім плануецца ажыццяўляць падрыхтоўку спецыялістаў па такіх напрамках, як “Ядзерная фізіка і тэхналогіі”, “Матэматыка і інфармацыйныя тэхналогіі”, “Механіка і матэматычнае мадэляванне”, з выдачай будучым выпускнікам дыпломаў абодвух універсітэтаў.

Мы працягваем работу па забеспячэнні дзейнасці Ерэванскага філіяла Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя А.Д.Сахарава Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, філіяла факультэта даўніверсітэцкай адукацыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта на базе Універсітэта Бінь Зыёнг (В’етнам); філіяла Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі на базе Інстытута камп’ютарных сістэм у Бостане і Чыкага (ЗША), сумеснага інжынерна-тэхнічнага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта і Таджыкскага тэхнічнага ўніверсітэта імя акадэміка М.С.Асімі. Мяркуем адкрываць сумесныя адукацыйныя структуры ў Грузіі, Кыргызстане, Егіпце.

— Як ажыццяўляецца ўзаемадзеянне з беларускай дыяспарай, грамадскімі арганізацыямі беларусаў замежжа? Наколькі істотнай з’яўляецца падтрымка Асацыяцыі замежных выпускнікоў беларускіх устаноў адукацыі?

— Працягваецца работа па пашырэнні і ўмацаванні прафесійных, навуковых, дзелавых кантактаў з грамадскімі аб’яднаннямі, якія прадстаўляюць законныя правы і інтарэсы суайчыннікаў замежжа, замежных грамадзян і выпускнікоў беларускіх (савецкіх) устаноў адукацыі, якія дзейнічаюць як на тэрыторыі нашай краіны, так і за мяжой. І гэтаму супрацоўніцтву ёсць шмат прыкладаў. Так, у мінулым годзе з экскурсійна-адукацыйнай праграмай у Мінску знаходзілася дэлегацыя навучальных устаноў з дадатковым вывучэннем беларускай мовы з Польшчы. У заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Беларуская мова”, “Беларуская літаратура” прынялі ўдзел беларусы замежжа з Польшчы і Літвы. Дэлегацыі Рыжскай беларускай школы, гімназіі імя Ф.Скарыны з Вільнюса ўдзельнічалі ў навагоднім дабрачынным свяце ў Палацы Рэспублікі з удзелам кіраўніка дзяржавы.

Таксама мы падтрымліваем нашых суайчыннікаў за мяжой праз работу цэнтраў беларускай мовы і культуры ў Кітаі, Азербайджане, Украіне, Літве, Грузіі і Малдове, у гэтым годзе плануецца адкрыццё такога центра ў Таджыкістане. На пастаяннай аснове ў цэнтры накіроўваюцца камплекты вучэбных дапаможнікаў для правядзення заняткаў па вывучэнні беларускай мовы, гісторыі і культуры Беларусі ў нядзельнай школе.

У рамках выканання палажэнняў міжведамасных пагадненняў аб супрацоўніцтве з Літоўскай Рэспублікай, Латвійскай Рэспублікай ажыццёўлены прыём на навучанне ва УВА Беларусі грамадзян гэтых краін з ліку этнічных беларусаў.

Міжнародная супольнасць замежных выпускнікоў нашых універсітэтаў расце з году ў год. І Беларусь ганарыцца тым, што выхаваныя ёй высакакласныя спецыялісты годна прадстаўляюць навуковыя і адукацыйныя традыцыі айчыннай вышэйшай школы ў многіх краінах.

Нашы выпускнікі пераканаўча паказваюць, што вучоба ў беларускіх універсітэтах дае магчымасці не толькі авалодаць спецыяльнасцю, але і набыць новых сяброў, пазнаёміцца з унікальным багаццем беларускай гісторыі і культуры. Прыемна, што замежныя выпускнікі імкнуцца захаваць сувязі з роднымі ўніверсітэтамі ў Рэспубліцы Беларусь. Сёння Міжнародная асацыяцыя выпускнікоў УВА ў Беларусі аб’ядноўвае выпускнікоў больш чым са 100 краін свету, філіялы гэтай асацыяцыі адкрыты ў Непале, Індыі, Ліване, Марока, Нігерыі, Шры-Ланцы і іншых краінах свету. Напрыклад, II Адукацыйны форум замежных выпускнікоў краін СНД (савецкіх) УВА “Традыцыі + інавацыі — гарант поспеху сучаснай вышэйшай школы” ў 2016 годзе сабраў у Мінску больш за 100 выпускнікоў беларускіх універсітэтаў з 30 краін свету.

Штогод асацыяцыя арганізуе шэраг мерапрыемстваў як у Беларусі, так і за мяжой. Гэта дні культуры розных краін, міжнародная велікодная выстава “Радасць Вялікадня”, міжнародны студэнцкі фестываль “Студэнцкі калейдаскоп”, міжнародныя спартыўныя спаборніцтвы “Пояс дружбы”, міжнародныя навуковыя канферэнцыі, круглыя сталы і адукацыйныя выставы, дабрачынныя акцыі “Дарогай дабра”. Пры садзейнічанні асацыяцыі фарміруюцца актыўныя дыялогі з асацыяцыямі краін, падтрымліваецца сувязь з нашымі выпускнікамі, рэалізуюцца сумесныя праекты па ўмацаванні пазіцый беларускай адукацыі за мяжой і павышэнні канкурэнтаздольнасці беларускіх універсітэтаў як міжнародных навукова-адукацыйных цэнтраў.

— Які з нашых універсітэтаў найбольш актыўна наладжвае сувязі на міжнароднай арэне? Як яны прадстаўлены ў міжнародным рэйтынгу?

— Адным з сучасных маркетаў канкурэнтаздольнасці ўніверсітэта з’яўляецца яго прысутнасць у міжнародных універсітэцкіх рэйтынгах. Усе ўстановы вышэйшай адукацыі Беларусі прадстаўлены ў рэйтынгу Webometrics Ranking of World Universities і 47 з іх — у рэйтынгу 4 International Colleges аnd Universities Rankings. Найвышэйшы рэйтынг на міжнароднай арэне мае сёння Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. У міжнародных рэйтынгах высокія месцы займаюць таксама БНТУ, БДУІР, БДТУ, БДЭУ і ГрДУ. Найбольш шырокі доступ да міжнароднага партнёрства забяспечваецца пераважна ўніверсітэтамі сталіцы нашай краіны. Так, напрыклад, БДУ, БДУІР і БДТУ акумулююць да трэцяй часткі ўсіх партнёрскіх адносін. На рэгіянальным узроўні найбольш цесныя сувязі з замежнымі ўстановамі адукацыі і навуковымі арганізацыямі падтрымліваюць ГрДУ, ВДУ, БрДТУ, ПДУ.

— Раскажыце, калі ласка, аб распрацоўцы Канцэпцыі экспарту адукацыйных паслуг.

— Прасоўванне нацыянальных паслуг адукацыі на міжнародны рынак — складанае і комплекснае пытанне. Што тычыцца зместавых пытанняў, то напрамкі развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі, у тым ліку па прывядзенні прафесійна-кваліфікацыйнай структуры адукацыі Рэспублікі Беларусь у адпаведнасць з міжнароднымі класіфікатарамі і павышэнні яе прывабнасці на міжнароднай арэне, адлюстраваны ў Канцэптуальных падыходах да развіцця сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь да 2020 года і на перспектыву да 2030 года.

Канцэпцыя развіцця экспарту паслуг (развіццё брэнда “Адукацыя ў Беларусі”) Міністэрства адукацыі на 2018—2020 гады прадугледжвае комплекс арганізацыйных і маркетынгавых мерапрыемстваў. Для дасягнення названых мэт у 2018 і ў наступныя гады будуць прыняты неабходныя меры. “Дарожная карта” з’яўляецца інструментам маніторынгу і кантролю за ходам выканання задач канцэпцыі.

Мяркуем, што рэалізацыя мерапрыемстваў, прадугледжаных дадзенымі дакументамі, дасць магчымасць павысіць канкурэнтаздольнасць устаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь, узровень інтэграванасці беларускай адукацыі ў міжнародныя адукацыйныя і даследчыя сеткі на розных узроўнях, а таксама павысіць пазнавальнасць беларускай адукацыі на знешніх рынках.

Гутарыла Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.