Павысіць якасць адукацыйных паслуг

- 11:08Адукацыйныя праекты, Рознае

Новы этап інфарматызацыі сістэмы адукацыі сталіцы

Сучаснае інфармацыйнае грамадства імкліва становіцца мабільным. Доступ да інфармацыі і паслуг забяспечваецца карыстальнікам пастаянна, незалежна ад часу і месца знаходжання. Не можа застацца ў баку ад працэсаў інфарматызацыі і школа. У сталіцы распрацавана і зацверджана Канцэпцыя ўкаранення электронных адукацыйных паслуг у практыку работы ўстаноў адукацыі горада Мінска (“Электронная школа”).

Па словах начальніка цэнтра інфармацыйных рэсурсаў сістэмы рэгіянальнай адукацыі Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Наталлі Валянцінаўны Сакаловай, створаная ў горадзе адзіная інфармацыйная адукацыйная прастора дазваляе забяспечваць хуткі і своечасовы рух патокаў інфармацыі паміж усімі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу. Гэтая інфраструктура прадастаўляе магчымасці для аператыўнага выкарыстання ІКТ як інструментарыю, які забяспечвае аптымізацыю дзейнасці педагагічных калектываў па павышэнні якасці адукацыі, рэалізацыі ідэй асобасна арыентаванага навучання, профільнай школы і інклюзіўнай адукацыі, наладжванні работы з адоранымі дзецьмі: пры арганізацыі адукацыйнага працэсу (праз укараненне дыстанцыйнага навучання, інтэрнэт-алімпіяд, конкурсаў і г.д.), у кіраванні адукацыяй (праз электронныя пашпарты і базы даных), ва ўзаемадзеянні з соцыумам (праз правядзенне інтэрнэт-канферэнцый, агульнагарадскіх бацькоўскіх сходаў, арганізацыю сеткавых суполак і г.д.).

Цяпер у сістэме адукацыі горада дзейнічаюць аўтаматызаваная сістэма кіравання “Менеджмент сістэмы адукацыі”, якая дазваляе аўтаматызаваць працэс справаводства, ажыццяўляць збор, апрацоўку і аналіз статыстычнай інфармацыі: па наведвальнасці заняткаў навучэнцамі, аб іх вучэбных і спартыўных дасягненнях, стане здароўя, звесткі аб педагагічных работніках установы адукацыі; сістэма ўпраўлення інтэрнэт-сайтамі CMS “Web. Perspective”, асноўнай мэтай якой з’яўляецца забеспячэнне і арганізацыя працэсу стварэння, рэдагавання і кіравання зместам сайтаў. На 8 жніўня 2016 года ў гэтай сістэме функцыянуе каля 759 сайтаў устаноў адукацыі, уключаючы тэматычныя сайты супрацоўнікаў устаноў адукацыі: 426 (96%) сайтаў устаноў дашкольнай адукацыі, 249 (100%) — устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, 23 (100%) — устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, 22 (92%) — устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, 6 (100%) — устаноў, падведамасных камітэту, і 10 (100%) — органаў кіравання адукацыяй.

Як для асобнага настаўніка, так і для ўстановы адукацыі ў цэлым існуе магчымасць выкарыстання карпаратыўнага інфармацыйнага асяроддзя сістэмы адукацыі сталіцы: электронная пошта (http://mail.minsk.edu.by), сістэма па зборы і апрацоўцы статыстыкі (http://mso.edu.by, http://stat.unibel.by), сістэма дыстанцыйнага навучання МГІРА (http://do.minsk.edu.by), метадычны партал (http://mp.minsk.edu.by).

Укараненне і развіццё электронных паслуг ва ўстановах адукацыі горада ажыццяўляецца ў межах рэалізацыі рэгіянальнага пілотнага праекта “Апрабацыя мадэлі кіруемага развіцця адукацыйных паслуг для фарміравання і стымулявання самаадукацыйнай дзейнасці навучэнцаў сродкамі інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій” (“Электронная школа”). У рабоце па гэтым праекце летась прымалі ўдзел 15 устаноў адукацыі Мінска. Рэалізацыя праекта вядзецца па двух напрамках: укараненне анлайн-сэрвісаў “Электронны дзённік”/“Электронны журнал” і электроннага дакумента навучэнца “Карта навучэнца”.

— Згодна з падпраграмай “Фарміраванне адзінай інфармацыйнай прасторы і развіцця электронных паслуг у сферы адукацыі” дзяржаўнай праграмы “Развіццё лічбавай эканомікі і інфармацыйнага грамадства на 2016—2020 гады”, электронныя адукацыйныя паслугі актыўна ўкараняюцца ў практыку работы ўстаноў адукацыі горада, — гаворыць прарэктар па міжнародным супрацоўніцтве і інфармацыйна-ідэалагічнай рабоце МГІРА Таццяна Якаўлеўна Янушкевіч. — У такіх умовах педагагічная грамадскасць, органы кіравання адукацыяй сутыкнуліся з няпростай сітуацыяй, калі настала патрэба выпрацоўкі адзіных патрабаванняў да разумення сутнасці кампанентаў праекта “Электронная школа”, для ўкаранення гэтых рашэнняў у шырокую практыку работы ўстаноў адукацыі Мінска. Такім лакальным дакументам і з’яўляецца распрацаваная канцэпцыя. Яе палажэнні заснаваны на заканадаўчых актах Рэспублікі Беларусь у сферы інфарматызацыі, Канцэпцыі інфарматызацыі сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь да 2020 года, метадычных рэкамендацыях Міністэрства адукацыі.

Канцэпцыя “Электронная школа” вызначае мэты, задачы, прыярытэтныя напрамкі дзейнасці па ўкараненні электронных адукацыйных паслуг на перыяд да 2020 года, а таксама ўмовы паспяховай рэалізацыі развіцця электронных адукацыйных паслуг. У ёй раскрываецца сутнасць і асноўныя напрамкі інфарматызацыі сістэмы адукацыі сталіцы. Для каардынацыі дзеянняў па ўкараненні гэтых рашэнняў на ўсіх ступенях кіравання адукацыяй вызначаны ключавыя пазіцыі і функцыі настаўнікаў, вучняў і бацькоў.

Для максімальнай зручнасці пры рабоце ў канцэпцыі прыведзены “Прыкладныя патрабаванні да абсталявання і праграмнага забеспячэння для функцыянавання карты навучэнца”, а таксама дадзены рэкамендацыі, якім павінны адпавядаць воблачныя сэрвісы “Электронны дзённік”/“Электронны журнал” пры ўкараненні ва ўстановы адукацыі. Асаблівая ўвага ўдзяляецца нарматыўнаму прававому забеспячэнню ўкаранення электронных адукацыйных паслуг.

Згодна з канцэпцыяй, асноўнымі мэтамі ўкаранення сэрвісаў “Электроннай школы” ў сістэму адукацыі сталіцы на сучасным этапе з’яўляюцца: фарміраванне адзінай інфармацыйнай палітыкі ў сістэме адукацыі горада, якая садзейнічае развіццю інфармацыйнага грамадства ў цэлым; укараненне ІКТ, якія забяспечваюць апераджальнае задавальненне інфармацыйных патрэб педагогаў, навучэнцаў і іх бацькоў, што пастаянна ўзрастаюць.

Сэрвісы “Электронны дзённік”/“Электронны журнал” працуюць як інтэрактыўная экспертная сістэма кантролю якасці адукацыі, якая ажыццяўляе дыферэнцыраваны падыход да кожнага навучэнца, выстройвае і аналізуе яго індывідуальную адукацыйную траекторыю на працягу ўсяго перыяду навучання. Як карыстальнікі анлайн-сэрвісаў педагогі ўстаноў адукацыі штодзённа ўносяць неабходную інфармацыю (адзнакі і каментарыі да іх, дамашнія заданні, заўвагі (аб’явы), інфармацыю аб пропусках вучэбных заняткаў) у электронны журнал. Унесеныя звесткі аўтаматычна адлюстроўваюцца ў электронным дзённіку навучэнца. Прычым скарыстацца сэрвісам можна ў любы зручны час пры дапамозе любой персанальнай камп’ютарнай прылады, падключанай да сеткі інтэрнэт.

На пачатковым этапе ўкаранення сэрвісу “Электронны дзённік” навучэнец працягвае весці і папяровы дзённік. У працэсе далейшай работы прадугледжана адмова ад вядзення папяровага дзённіка навучэнца (па заяўным прынцыпе). Бацькі (законныя прадстаўнікі) звяртаюцца з адпаведнай заявай да кіраўніка ўстановы.
Карта навучэнца арыентавана на развіццё паслуг і сэрвісаў, якія прадастаўляюцца дзецям ва ўстановах адукацыі і ў маштабах горада. Яна сумяшчае ў сабе магчымасці карты-пропуску, карты-чытацкага білета, карты-праязнога дакумента, карты-плацежнага сродку.

— Мы лічым, што ўкараненне карты навучэнца з’яўляецца чарговым этапам інфарматызацыі сістэмы адукацыі і валодае шэрагам сацыяльных пераваг: арганізацыя бяспекі навучэнцаў, бо доступ ва ўстанову адукацыі абмежаваны, а знаходжанне дзіцяці ва ўстанове адукацыі кантралюецца; фарміраванне ўстойлівых сувязей паміж удзельнікамі адукацыйнага працэсу, ажыццяўленне пастаяннага абмену актуальнай інфармацыяй; стварэнне зацікаўленых тэматычных сеткавых суполак, здольных аказваць уплыў і ацэньваць арганізацыю адукацыйнага працэсу ва ўстанове адукацыі, а таксама павышэнне фінансавай дасведчанасці навучэнцаў і фарміраванне фінансавай культуры падрастаючага пакалення, — адзначае Таццяна Якаўлеўна.
Рэалізацыя канцэпцыі будзе праходзіць па некалькіх напрамках: інфармацыйна-тлумачальная работа (накіравана на фарміраванне пазітыўных адносін да пытанняў укаранення электронных паслуг сярод педагогаў і бацькоў), фарміраванне адукацыйнага асяроддзя на аснове воблачных тэхналогій (выкарыстанне не толькі стацыянарных камп’ютараў, але і мабільных класаў, асабістых камп’ютарных прылад), павышэнне кваліфікацыі педагогаў у галіне ІКТ, а таксама ўдасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі, фарміраванне адпаведнай інфраструктуры. Дарэчы, з 2016 па 2018 год запланавана аснашчэнне ўсіх устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Мінска валаконна-аптычнымі лініямі сувязі.

Распрацоўшчыкі канцэпцыі спадзяюцца, што яе рэалізацыя дазволіць сфарміраваць інавацыйную інфраструктуру ва ўстанове адукацыі і павысіць якасць адукацыйных паслуг у цэлым, аўтаматызаваць асноўныя кіраўніцкія працэсы ў сферы адукацыі, ажыццяўляць эфектыўны кантакт установы адукацыі, навучэнца і яго законных прадстаўнікоў па ўсіх напрамках арганізацыі навучання і выхавання, стаць канкурэнтаздольным суб’ектам адукацыйнага працэсу.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.