У пачатку кастрычніка мы ўшаноўваем старэйшае пакаленне. Пажылыя людзі — гэта наш гонар, наш дарагі набытак. Ужо колькі год запар мы з вучнямі віншуем сталых жыхароў Асінаўшчызны. Дзеці з задавальненнем рыхтуюцца: ствараюць сувеніры сваімі рукамі, прыносяць кветкі. Нашым пенсіянерам вельмі прыемна сустракацца са школьнікамі. Хочацца адзначыць старажылаў некалі маленькай вёсачкі Асінаўшчызны. Гэта адзінокая жанчына Яніна Іванаўна Апанасовіч; дзве сямейныя пары: Часлаў Андрэевіч і Францішка Уладзіславаўна Сухлабовіч, Эдуард Антонавіч і Леанарда Антонаўна Апанасовіч. Сакрэт іх сямейнага даўгалецця — узаемаразуменне і павага адно да аднаго.
У мінулым навучальным годзе школьнікі пачалі наведваць жыхароў дома сумеснага пражывання ў вёсцы Мацюляны. Цяпер там знаходзіцца пяць пастаяльцаў. Самай старэйшай споўнілася 90 гадоў.
Напярэдадні Дня пажылых людзей да бабулек у госці завіталі навучэнцы Асінаўшчызненскай школы. Яны прыйшлі з кветкамі і маленькімі сувенірамі, наладзілі невялікі канцэрт. Дзяўчынкі і хлопчыкі расказвалі вершы, ігралі на музычных інструментах.
Хочацца пажадаць усім пажылым моцнага здароўя, любові ад дзяцей і ўнукаў. Хай іх жыццё не становіцца менш цікавым і насычаным, а кожны дзень прыносіць нешта добрае, пазітыўнае — тады і старэць не будзе часу!
Наталля ПАРЖОН,
настаўніца пачатковых класаў
Асінаўшчызненскага ясляў-сада — пачатковай школы
Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці.