Педагагічнае кафэ

- 11:03Вышэйшая школа

Трэці пункт грамадскага харчавання пад брэндам “Наша кафэ” адкрыўся днямі ў вучэбным корпусе № 5 Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Хаця не варта абмяжоўваць ролю кафэ толькі функцыямі пункта харчавання. Як і іншыя кафэ БДПУ (а тут ёсць яшчэ “Дашкольнае кафэ”), яно будзе месцам сяброўскіх сустрэч і правядзення свят.

У 5-м корпусе вучацца студэнты факультэтаў пачатковай адукацыі і фізічнага выхавання, цяпер і яны маюць сваё кафэ — у прасторных памяшканнях прыкладна на 100 чалавек. Аўтары праекта аформілі кафэ ў стылі мінімалізму з элементамі эка- і скандынаўскага стылю, кожная з умоўных зон якога мае сваё колеравае рашэнне. Наведвальнікам тут прапаноўва­юць першыя і другія гарачыя стравы, уласную выпечку, салаты, дэсерты, напіткі.

Рэктар БДПУ Аляксандр Іванавіч Жук, адкрываючы новае “Наша кафэ”, заўважыў, што важна, каб будучыя педагогі былі здаровымі, моцнымі людзьмі, якія вядуць здаровы лад жыцця, у тым ліку правільна харчуюцца. Кафэ, безумоўна, адыграе ў гэтым сваю ролю.

— Кафэ — адзін са складнікаў, які дапаможа будучым педагогам заўсёды быць у добрай форме, — дадаў А.І.Жук. — А ў далейшым яны перададуць ідэю здаровага ладу жыцця сваім выхаванцам. Таму мы ва ўніверсітэце пераабсталёўваем свае гандлёвыя і харчовыя пункты, стараемся зрабіць на іх базе сучасныя кафэ. Мы адкрылі падобнае кафэ на факультэце дашкольнай адукацыі, зрабілі гэта і для інстытутаў інклюзіўнай адукацыі, псіхалогіі і факультэта эстэтычнай адукацыі. Нашы студэнты і выкладчыкі харчуюцца толькі ў сваіх кропках, тут свежая прадукцыя, здаровае харчаванне, разнастайнае меню. Я і сам харчуюся ў сваёй сталовай, таму, упэўнены, што тут усё ў парадку.

На ўрачыстым адкрыцці “Нашага кафэ” прысутнічаў таксама намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Сяргей Валянцінавіч Руды.

— З-за спецыфікі сваёй работы я бываю практычна ва ўсіх пунктах харчавання, якія ёсць ва ўстановах вышэйшай адукацыі, і павінен сказаць, што тут я бачу пэўную індывідуальнасць, — заў­важыў Сяргей Валянцінавіч. — Бачна, што людзі, якія ўсё гэта планавалі, маюць густ, а галоўнае, імкнуліся зрабіць добрую справу. Дзякую рэктару, кіраўніцтву ўніверсітэта за паслядоўную работу — гэта ўжо трэцяе кафэ, у адкрыцці якога за апошнія некалькі гадоў я ўдзельнічаю. Наогул ва ўніверсітэце ў трэндзе клопат пра тых, хто тут вучыцца. І я вельмі спадзяюся, што гэты клопат — дастаткова сур’ёзны ўклад у вас як у будучых педагогаў, як у тых, хто будзе выхоўваць наступныя пакаленні.

Намеснік міністра дадаў таксама, што ў найбліжэйшы час бу­дзе разгледжаны яшчэ адзін аб’ект у БДПУ для студэнтаў і выкладчыкаў, які, магчыма, адкрыецца ўжо ў наступным годзе.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.