Педагагічныя знаходкі Смалявіччыны

- 14:32Міншчына, Прэс-тур

Сустрэча журналістаў “Настаўніцкай газеты” з педагогамі Смалявіцкага раёна праходзіла на базе раённай гімназіі — аднаго з флагманаў адукацыі гэтага рэгіёна.

Гімназія дзейнічае ўжо сёмы год. Зараз тут вучацца 193 таленавітыя навучэнцы, з якімі працуюць 34 педагогі, сярод якіх выдатнікі адукацыі і ўладальнікі ўзнагарод Міністэрства адукацыі, шэраг настаўнікаў маюць навуковыя ступені.

Высокі ўзровень адукацыі неаднаразова пацверджаны вынікамі выступленняў навучэнцаў на інтэлектуальных конкурсах і алімпіядах розных узроўняў. За высокія дасягненні ў вучэбнай дзейнасці і паспяховы ўдзел у рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах Яўгенія Субат, Дар’я Мурашка, Юлія Мурашка, Марыя Падборская і Настасся Саланец заахвочаны спецыяльным фондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, а Яўгенія Субат да таго ж у мінулым годзе была прызнана вучнем года Мінскай вобласці. Сярод самых свежых перамог — лідарства каманды гімназіі на абласным турніры юных матэматыкаў, дзе навучэнцы дырэктара ўстановы настаўніка матэматыкі Дзяніса Мар’янавіча Дубаневіча заваявалі дыплом І ступені.

Гімназічная адукацыя на ІІІ ступені адбываецца па шэрагу профіляў, у рамках якіх на паглыбленым узроўні вывучаюцца матэматыка, хімія, фізіка, руская і англійская мовы. Дзякуючы грунтоўнай падрыхтоўцы, амаль усе выпускнікі гімназіі паспяхова паступаюць і вучацца ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. Вельмі прыемна, што 10% выпускнікоў 2016 года аддалі перавагу педагагічным спецыяльнасцям.

З 2014 года ў гімназіі рэалізоўваецца рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне мадэлі дзейнасці вучнёўскіх бізнес-кампаній ва ўмовах сеткавага ўзаемадзеяння”, які дае навучэнцам магчымасць не толькі павышаць якасць ведаў, але і засвойваць эканамічныя і прадпрымальніцкія навыкі. Гімназічны калектыў шмат супрацоўнічае з іншымі ўстановамі адукацыі Беларусі і замежжа: заключаны пагадненні з БДУ і Мядзельскай сярэдняй школай імя У.Дубоўкі. Настаўнікі і навучэнцы гімназіі ўдзельнічаюць у навукова-практычных канферэнцыях, што праходзяць у Маскве, Санкт-Пецярбургу, Вышгарадзе, Гагарыне (Расія), дзе займаюць прызавыя месцы.

Безумоўна, наяўнасць трывалай матэрыяльна-тэхнічнай базы таксама спрыяе якаснаму навучанню: сучасным абсталяваннем аснашчаны кабінеты фізікі, хіміі, інфарматыкі, актыўна выкарыстоўваюцца мабільны лінгафонны клас, інтэрактыўныя дошкі, лічбавы мікраскоп і тэлевізійная тэхніка. Таксама створаны і актыўна працуе медыяцэнтр, а ўсе метадычныя распрацоўкі настаўнікаў установы захоўваюцца на гімназічным серверы.

***

Удзельнікам прэс-туру і педагогам Смалявіччыны была прадстаўлена інтэрактыўная гульня “Хочам усіх ведаць”, створаная пад кіраўніцтвам настаўніцы інфарматыкі гімназіі Людмілы Леанідаўны Анісімавай. Дзякуючы гульні, адбылося знаёмства з усімі 19 школамі раёна. Па дарожках сіняга, зялёнага і чырвонага колеру, кідаючы кубік, можна было “падарожнічаць” па раёне і “наведваць” школы. Кожная ўстанова ў гульні была прадстаўлена сваёй візітоўкай, якая адлюстроўвае адметнасці навучальнай установы і цікавыя даследчыя і выхаваўчыя праекты.

Распачалося падарожжа з віртуальнага візіту да найбліжэйшых суседзяў гімназістаў — навучэнцаў сярэдняй школы № 1 Смалявіч імя В.Ф.Купрэвіча (школа і гімназія знаходзяцца ў адным будынку). Адметнасцю гэтай школы з’яўляецца наяўнасць некалькіх футбольных класаў, выхаванцы якіх паспелі паказаць сябе ўжо ў рэспубліканскіх спаборніцтвах і, магчыма, праз некаторы час прынясуць перамогу беларускай зборнай.

Пліская сярэдняя школа імя У.А.Мікуліча прэзентавала мультымедыйны прафарыентацыйны пра ект школьнага тэлебачання “Як захапленне стала прафесіяй”. Сюжэты, падрыхтаваныя школьнікамі, расказваюць пра выпускнікоў, якія звязалі сваё жыццё з пэўнымі прафесіямі, захапіўшыся імі яшчэ ў школьныя гады. Таксама цікавасць прысутных выклікаў праект “Школьны эксперымент” — цыкл відэаінструкцый да школьных лабараторных работ, якія ў відэароліках паказваюць самі навучэнцы.

Калектыў Кленіцкага дзіцячага сада — базавай школы прадставіў дзейнасць музея вайсковай славы партызанскай брыгады “Разгром” і праект “Пазнай Радзіму”, у жанры фотарэпартажу паказала правядзенне спартыўнай суботы Забалацкая сярэдняя школа, пра дзейнасць юных інспектараў дарожнага руху расказала каманда “Святлафор” з сярэдняй школы № 2 Смалявіч, а навучэнцы Прылепскага дзіцячага сада — сярэдняй школы паведамілі пра школьны музей народнай творчасці.

Шэраг устаноў адукацыі быў адлюстраваны ў відэазамалёўках: прэзентацыя прафарыентацыйнага праекта Зеленаборскага дзіцячага сада — сярэдняй школы, у рамках якога яе вучням на мясцовых прадпрыемствах прадастаўляюцца часовыя працоўныя месцы, а таксама відэаапавяданне пра педагагічную дынастыю Раманюкоў з Драчкаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы, у складзе якой Уладзімір Міхайлавіч, настаўнік англійскай і нямецкай моў, яго жонка Галіна Цімафееўна, кіраўнік раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў гісторыі, настаўніца пачатковых класаў, гісторыі і грамадазнаўства, а таксама іх дочкі Юлія, якая па прыкладзе маці стала настаўніцай пачатковых класаў, і Вольга, прафесійная мастачка, якая кіруе ў школе гуртком “Жывапіс і графіка”. Спадзяёмся, праз некалькі гадоў дынастыя Раманюкоў папоўніцца — Юліна дачка Ніна ўжо марыць стаць, як дзядуля, настаўніцай замежнай мовы.

Журналісты “Настаўніцкай” у час сустрэчы яшчэ раз упэўніліся, што ў кожнай установы адукацыі Смалявіччыны ёсць свая адметнасць і ўнікальны вопыт. Пра некаторыя са школ мы ўжо расказвалі нашым чытачам, а іншыя яшчэ чакаюць з’яўлення на старонках “Настаўніцкай газеты”.

Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.