Пераемнасць пакаленняў

- 17:19Нам пішуць

У адказ на пытанне аб будучай прафесіі неаднойчы даводзілася чуць ад 13—14-гадовых вучняў: “Не вызначыўся”, “Куды-небудзь пайду”. А потым ужо ў дарослага чалавека прафесійная дзейнасць не выклікае задавальнення.

Менавіта сёння падрыхтоўка падрастаючага пакалення да будучай работы — важная задача ўсёй адукацыйнай сістэмы. Першыя крокі робяцца ў школе. Профільнае навучанне, кірмашы прафесій, сустрэчы з выкладчыкамі і навучэнцамі УВА, якія ўжо сталі традыцыйнымі, робяць сваю справу: юнацкія фантазіі змяняюцца ўсвядомленым падыходам да выбару жыццёвага шляху. І нельга не пагадзіцца з тым, што любую справу трэба ўбачыць, дакрануцца да яе, а потым ужо вырашыць: тваё гэта ці не?

Мала ведаць тэарэтычна, што сёння ўяўляе сабой эканоміка, якія перспектывы ў педагогіцы, як доўга на рынку будзе запатрабавана прафесія капірайтара? Вучням Любчанскай сярэдняй школы пашчасціла сустрэцца з прадстаўнікамі прафесіі герояў сучаснасці — ратавальнікамі.

На тэрыторыі Любчанскага сельскага Савета 27 лютага праходзіў шырокамаштабны сельскі сход па пытаннях папярэджання надзвычайных сітуацый. Не засталіся ўбаку і маладыя жыхары пасёлка. У рамках гэтага сходу былі арганізаваны гульнёвыя пляцоўкі для дзяцей.

З мэтай папулярызацыі прафесіі ратавальніка Навагрудскі РАНС накіраваў у пасёлак ініцыятыўную групу супрацоўнікаў, якую ўзначальваў старшыня ўнутранай службы, начальнік пажарна-аварыйнага паста № 13 Ігар Юр’евіч Грыб. Увазе дзяцей была прадстаўлена баявая тэхніка, паказана, чым яна аснашчана. Старшыня расказаў, як пажарна-тэхнічнае абсталяванне дапамагае змагацца з агнём, ратаваць людзей і нават жывёлу.

У склад групы ўваходзіў і будучы ратавальнік, курсант Універсітэта грамадзянскай абароны МНС Беларусі, які цяпер праходзіць практыку ў Навагрудскім РАНС, Кірыл Бандолік. Менавіта ён запэўніў вучняў у тым, што ратавальнікі самыя смелыя і рашучыя, маюць сур’ёзную фізічную падрыхтоўку і могуць справіцца з любымі цяжкасцямі. Учарашні вучань школы акцэнтаваў увагу на тым, што абавязкова трэба добра вучыцца. Класны кіраўнік 11 класа Л.М.Лазар паведаміла выхаванцам, што прадстаўнікі РАНС — гэта выпускнікі нашай школы 2006 і 2014 года.

Размова ажывілася. Пасыпаліся пытанні: як прыйшлі да свайго выбару, якія патрабаванні ва ўніверсітэце, ці вучацца там дзяўчаты, за што начальнік паста ўзнагароджаны значком “Выдатнік пажарнай службы”?

Меншыя хлапчукі, якім нават дазволілі пасядзець у пажарым аўтамабілі, сказалі, што абавязкова будуць ратавальнікамі, а старэйшыя задумаліся, ці можа гэтая прафесія быць іх справай.

М.П.Ляўша,
намеснік дырэктара Любчанскай сярэдняй школы.