Перамагчы дапамаглі “пабуджальныя сказы”

- 10:49Навіны рэгіёнаў

Пераможцамі ў намінацыі “Працуем у беларускамоўнай школе” ІІІ Рэспубліканскага конкурсу “Творчасць маладых педагогаў”, які праводзіць часопіс “Пачатковая школа”, сталі прадстаўнікі Гродзенскай вобласці. Дыпломам І ступені адзначана настаўніца пачатковых класаў Эйгердаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Іўеўскага раёна Вольга Сельская, дыпломамі ІІ і ІІІ ступені — Таццяна Чайкіна з Астравецкага раёна і Алена Максімчык са Слонімскага раёна адпаведна.

Аб удзеле ў конкурсе, рабоце настаўніцы пачатковых класаў гутарым з пераможцай у намінацыі “Працуем у беларускамоўнай школе” В.І.СЕЛЬСКАЙ.

— Вольга Іванаўна, якую работу вы прадставілі на конкурс “Творчасць маладых педагогаў”?

— На конкурс прадставіла план-канспект вучэбных заняткаў па беларускай мове ў 3 класе па тэме “Пабуджальныя сказы”, які з’яўляецца маёй уласнай распрацоўкай. Аднак некаторыя падказкі па правільным вызначэнні задач урока, яго этапаў, па афармленні матэрыялаў я атрымала ад намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Аксаны Леанідаўны Відзевіч. Яна і прапанавала мне паўдзельнічаць у гэтым конкурсе. Спачатку было страшна: а раптам не атрымаецца, але Аксана Леанідаўна паабяцала, што не пакіне без дапамогі.

Абрала актуальную для сябе намінацыю “Працуем у беларускамоўнай школе”. У ходзе работы над конкурсным матэрыялам мне стала цікава атрымаць незалежную ацэнку свайго прафесійнага ўзроўню, а таксама выявіць дынаміку станаўлення як педагога за год работы.

— За гэты невялікі час работы ў школе які вопыт з’явіўся, якіх прынцыпаў прытрымліваецеся ў педагагічнай дзейнасці?

— Мне здаецца, што самым важным у рабоце ў школе з’яўляецца любоў да дзяцей і прафесіі. Калі яна ёсць, то ёсць і жаданне дзяліцца ведамі і ўменне знаходзіць падыход да дзяцей. Таксама важна валодаць методыкай выкладання менавіта для пачатковых класаў, каб забяспечыць трывалую аснову для далейшай адукацыі, ведаць дзіцячую псіхалогію, каб знаходзіць кантакт з навучэнцамі і разумець іх, мець вялікае цярпенне, а таксама пачуццё гумару.

Якіх прынцыпаў прытрымліваюся ў педагагічнай дзейнасці? Іх за невялікі час работы пакуль што сфарміравалася не вельмі многа. Першае, у чым упэўнена, — галоўнымі асновамі поспеху з’яўляюцца мае ўласныя арганізаванасць і адказнасць, неабыякавасць і творчы падыход да работы. Гэтыя якасці перадаюцца і дзецям. Таксама лічу, што важную ролю мае ўменне настаўніка ісці ў нагу з часам, авалодваць сучаснымі эфектыўнымі методыкамі, пастаянна самаўдасканальвацца.

— А як вы сталі настаўніцай, чаму выбралі менавіта гэтую прафесію?

— У 2012 годзе скончыла Іўеўскую сярэднюю школу, пасля чаго паступіла ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. Абрала прафесію настаўніка, таму што марыла пра гэта з самага дзяцінства. Я любіла гуляць у школу то з лялькамі, то з сяброўкамі. Мне падабалася быць настаўнікам: нешта тлумачыць, выстаўляць адзнакі ў журнал. Так што, можна сказаць, выбар прафесіі педагога стаў ажыццяўленнем дзіцячай мары. І цяпер, адпрацаваўшы больш чым год, я лічу, што не памылілася з выбарам. Работа з дзецьмі прыносіць мне вялікае задавальненне. Таксама мне прыемна ўсведамляць, што сваю прафесійную дзейнасць я пачала на роднай Іўеўшчыне, магчыма, родныя сцены ў пэўнай ступені садзейнічалі майму поспеху.

— А цяпер вернемся да конкурсу. Як праходзіла ўзнагароджванне?

— Узнагароджванне для мяне стала адной з самых яркіх старонак жыцця. Цырымонія прайшла ва ўрачыстай абстаноўцы, на галоўнай сцэне XХV Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу. На разгляд журы было даслана 237 работ, з якіх выбралі 9 лепшых у трох намінацыях.

Сама перамога ў конкурсе стала прыемным сюрпрызам, а яшчэ мне ўручылі многа прызоў. Я атрымала сертыфікат на набыццё літаратуры выдавецтва “Пачатковая школа”, білеты ў Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета, Нацыянальны мастацкі музей, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, тэатр-студыю кінаакцёра, Мінскі планетарый, музей навукі “Элемента”, а таксама каштоўныя прызы ад эстраднай школы талентаў. Планую абавязкова скарыстацца атрыманай магчымасцю наведаць гэтыя ўстановы культуры.

— Дзякуй за размову. Поспехаў і далейшых перамог вам, Вольга Іванаўна.

Гутарыла Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.