Перавыхаванне праз адпачынак

- 11:09Навіны рэгіёнаў

“Сузор’е” — так называецца турыстычна-спартыўны лагер кругласутачнага знаходжання, арганізаваны аддзелам па адукацыі Ленінскага раёна Магілёва і гарадскім Цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі “Раднічок”. Палатачны перасовачны лагер аб’яднаў пятнаццаць выхаванцаў. Многія з іх — так званыя цяжкія падлеткі, якія стаяць на ўнутрышкольным уліку альбо на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Акрамя аздараўлення дзяцей, арганізатары лагера імкнуцца да іх перавыхавання рознымі спосабамі. Немалаважнай з’яўляецца і прафілактыка правапарушэнняў, злачынстваў сярод падлеткаў. Хлопцы і дзяўчаты вучацца тут быць дысцыплінаванымі і адказнымі, пераасэнсоўваюць свае жыццёвыя каштоўнасці і прыярытэты.

— Наш лагер у большасці працуе з няпростымi дзецьмі. Ім вельмі патрэбна прафесійная дапамога. Мы стараемся зрабіць іх жыццё больш насычаным, поўным падзей і сустрэч. Выхавальнікі і педагогі акружаюць кожнага падлетка ўвагай, клопатам, падтрымкай, — расказала намеснік дырэктара цэнтра творчасці Ірына Казленка.

Дарэчы, “Сузор’е” існуе ўжо амаль дзесяць гадоў. За гэты перыяд тут сфарміравана свая выхаваўчая сістэма, адпрацаваны тэхналогіі і метады работы з праблемнымі дзецьмі, што дазваляе атрымліваць станоўчы вынік. Галоўнае, чым кіруюцца педагогі, — знайсці да кожнага падлетка свой падыход.

Традыцыйна ў “Сузор’і” праводзяцца дзве змены працягласцю па дзевяць дзён. Сёлета аздараўленне тут пройдуць 30 дзяцей з ліку вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Ленінскага раёна горада. Кожны з лагерных дзён насычаны разнастайнымі відамі масавай пазнавальнай дзейнасці. Разам з выхавальнікамі дзеці складаюць змену, цікавую, яркую, багатую на падзеі, сустрэчы, справы.

— Сумеснымі намаганнямі педагогі і выхавальнікі імкнуцца накіраваць неўтаймаваную энергію дзяцей у патрэбнае рэчышча. Для выхаванцаў пастаянна праводзяцца культурна-масавыя, турыстычныя, спартыўныя, прафілактычныя мерапрыемствы і нават касцюміраваныя шоу. Пераможцы вызначаюцца ў кожным конкурсе, віктарыне, спаборніцтвах. Выяўляюцца таксама самыя актыўныя ўдзельнікі ў грамадскім жыцці лагера. Па выніках змены пераможцы і прызёры ўзнагароджваюцца прызамі, дыпломамі, медалямі, — паведаміла Ірына Ігараўна.

Удзельнічаючы ў розных конкурсах, падлеткі набываюць шмат карысных якасцей, ведаў і навыкаў, вучацца ўзаемадзеянню ў калектыве. Традыцыйнымі ў лагеры з’яўляюцца штодзённыя вячэрнія сходы ля вогнішча, дзе ў нефармальнай сяброўскай атмасферы падводзяцца вынікі дня, аналізуюцца поспехі і няўдачы. Ля вогнішча дзеці раскрываюцца, расказваюць пра сваё жыццё, свае праблемы. Усё гэта спрыяе збліжэнню, сяброўству паміж імі.

Пасля заканчэння змены многія падлеткі становяцца іншымі, мяняюцца ў лепшы бок. Такім чынам атрымліваецца дасягнуць галоўнага — станоўчых змен у паводзінах і характары выхаванцаў. Разам з бесперапыннай педагагічнай работай, якая вядзецца з цяжкімі падлеткамі на працягу навучальнага года, а ў “Раднічку” дзейнічае тэматычны клуб “Альтэрнатыва”, у большасці выпадкаў удаецца вярнуць гэтых падлеткаў на правільны жыццёвы шлях. Некаторыя дзеці, з якімі ў мінулым годзе былі праблемы, сёлета ўжо зняты з уліку.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.