Першы ўрок, прысвечаны Году малой радзімы, “Мне выпала шчасце тут нарадзіцца…” для вучняў 5—7 класаў

- 17:25Портфолио

Мэта: развіццё цікавасці да роднай зямлі, выхаванне любові да Радзімы, пачуцця гонару за сваю Радзіму.

Задачы: узнавіць у памяці вучняў інфармацыю пра свой родны край; замацоўваць камунікатыўныя навыкі работы ў калектыве; спрыяць фарміраванню культуры зносін; развіваць творчыя здольнасці вучняў.

Абсталяванне: карта Беларусі, карта свайго раёна, фламастары, папера, прэзентацыя “Мая любімая Беларусь!”.

Ход мерапрыемства

Настаўнік. Добры дзень, вучні! Добры дзень, шаноўныя бацькі! Я рада вітаць вас усіх на нашым мерапрыемстве.
( Падчас прывітання ўстаюць навучэнцы, якія згодны са сцвярджэннем.)

— Я рада вітаць тых, хто сёння ў добрым настроі.
— Я рада вітаць тых, хто сёння паснедаў.
— Я рада вітаць тых, хто сёння спяшаўся ў школу.
— Я рада вітаць тых, хто не вельмі хоча пачынаць новы навучальны год.
— Я рада вітаць, тых хто сёння сабраўся на маім мерапрыемстве.

Настаўнік. Паслухайце, калі ласка, урывак з паэмы “Новая зямля” Якуба Коласа.

Мой родны кут, як ты мне мілы!..
Забыць цябе не маю сілы!
Не раз, утомлены дарогай,
Жыццём вясны мае убогай,
К табе я ў думках залятаю
І там душою спачываю.
О, як бы я хацеў спачатку
Дарогу жыцця па парадку
Прайсці яшчэ раз, азірнуцца,
Сабраць з дарог каменні тыя,
Што губяць сілы маладыя, —
К вясне б маёй хацеў вярнуцца.

Настаўнік. Як вы думаеце, чаму менавіта такім вершам я пачала нашу сённяшнюю размову? (Вучні адказваюць, што менавіта сёння гутарка пойдзе пра родны край, пра мястэчка, дзе ён нарадзіўся.)

Настаўнік. Так, мы з вамі будзем гаварыць пра нашу Радзіму, Бацькаўшчыну, нашу родную беларускую зямлю. Якія словы вам прыходзяць на памяць, калі вы чуеце слова “Радзіма”? (Вучні на дошцы запісваюць гэтыя словы: дом, маці, сонейка….і г.д.)
Настаўнік. Усё правільна, з гэтага складаецца наша Радзіма, зямля нашых бацькоў, бабуль, дзядуляў, нашых продкаў.

Настаўнік. Вашым заданнем было скласці некалькі сказаў на тэму “Для мяне слова Радзіма значыць…” (Слухаем адказы вучняў.)

А цяпер я прапаную паслухаць вершы нашых беларускіх пісменнікаў аб Радзіме.

Першы вучань.

Мяжуе з Польшчай, Украінай,
Расіяй, Латвіяй, Літвой
Твой родны край, твая Айчына,
Жыццё тваё і гонар твой,
І ты яе запомні імя,
Як неба, сонца і зару.
Твая зямля, твая Радзіма
Названа светла — Беларусь.
(Юрась Свірка.)

Другі вучань.

Што такое Бацькаўшчына,
Знаеш?
Гэта рэчка, сцежачка лясная,
Гэта ў лузе залатая пчолка,
А ў вачах тваіх — вясёлка.
Бацькаўшчына — гэта дом твой,
Школа;
Гэта песні, што звіняць наўкола,
Гэта сам ты,
Гэта тата твой і мама.
І сябры твае таксама.
(Пімен Панчанка.)
Трэці вучань.
О, край родны, край прыгожы!
Мілы кут маіх дзядоў!
Што мілей у свеце божым
Гэтых светлых берагоў,
Дзе бруяцца срэбрам рэчкі,
Дзе бары — лясы гудуць,
Дзе мядамі пахнуць грэчкі,
Нівы гутаркі вядуць…
(Якуб Колас.)

Настаўнік. Дзякую! Так пранікнёна, хораша і так трапна прачыталі вершы нашы вучні.

Настаўнік. А цяпер мы з вамі разам будзем удзельнічаць у творчым праекце пад назвай “Школа, у якой вы хацелі б вучыцца”.

Настаўнік. А зараз праца ў групах. Кожная група — гэта невялікая дзяржава. Але перш чым прыступіць да працы, я папрашу вас узяць адно аднаго за рукі, заплюшчыць вочы і адчуць цеплыню і энергію сваіх таварышаў, адчуць сябе часткай адзінага цэлага, адной каманды, грамадзянамі адной дзяржавы.

Настаўнік. А зараз расплюшчыце вочы і прыступайце да працы. Перад вамі папера, алоўкі. На працягу некалькіх хвілін вы павінны стварыць праект. Можаце ствараць свой праект у вершаванай, музычнай, мастацкай форме, у любой, якая вам здаецца найбольш зручнай. Прычым я папрасіла б прыняць удзел у гэтай працы і нашых бацькоў, якія, я спадзяюся, таксама адчуюць сябе творцамі і грамадзянамі сваёй краіны.

(У час працы над праектам дэманструецца прэзентацыя “Мая любімая Беларусь!”.)

Настаўнік. А цяпер я прапаную правесці абарону сваіх праектаў.
(Вучні разам з бацькамі абараняюць праект.)

Настаўнік. Цудоўныя у вас атрымаліся праекты, а цяпер я вам прапаную паўдзельнічаць у невялікай анкеце, галоўным пытаннем якой з’яўляецца “У якой краіне ты жадаў бы жыць і чаму?”.

Анкетаванне:

1. Якія краіны на планеце прыцягваюць тваю ўвагу?
2. Чым табе цікава гэтая краіна?
3. Што ты ведаеш аб гэтай краіне?
4. Ці знаёмы табе звычаі гэтай краіны?
5. У якой краіне ты жадаў бы жыць і чаму?

Настаўнік. Малайцы! А зараз некачаны марафон. На экране выбачыце заданні, якія павінны выканаць. Кожнае заданне выконваецца парай і як мага хутчэй перадаецца іншай пары. Узбройцеся фламастарамі і маркерамі. Праца пачалася.

Нечаканы марафон

1-я пара: нанясіце контуры меж Беларусі.
2-я пара: намалюйце сцяг краіны ў колеры.
3-я пара: напішыце першыя радкі гімна Беларусі.
4-я пара: абазначце сталіцу Беларусі.
5-я пара: абазначце нашу вобласць.
6-я пара: абазначце наш раён.
7-я пара: напішыце імя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
8-я пара: прывядзіце радкі вершаў пра Беларусь.

Настаўнік. Я і не сумнявалася, што кожны з вас ведае гісторыю, геаграфію, літаратуру нашай Беларусі. Але ці дастаткова ведаць толькі мінулае і сучаснасць нашай краіны? Вядома ж, не, трэба яшчэ ўдзельнічаць у стварэнні яе будучыні. З гэтым і звязана наша апошняе заданне. Перад вамі ляжаць лісточкі, на якіх вы павінны працягнуць сказ “Калі б я быў прэзідэнтам краіны…”. Хто скончыць працу, выходзіць да дошкі і прычэпіць свой лісток з адказам да яго.

Настаўнік. Мне вельмі спадабалася з вамі працаваць. Дзякую за плённую працу, спадзяюся, што і вы атрымалі ад нашых зносін задавальненне і карысць. Упэўнена, што ў будучыні вы праявіце сябе сапраўднымі творцамі і выдатнымі грамадзянамі сваёй краіны.

Аксана АНДРУКОНІС,
педагог-арганізатар Доцішскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна.