Першыя крокі ў прафесію

- 11:33Навіны рэгіёнаў

Група педагагічнай накіраванасці працуе ў сярэдняй школе № 8 Гродна другі год. У мінулым навучальным годзе яе сфарміравалі з навучэнцаў некалькіх 10-х класаў.

Фота да матэрыялу: Першыя крокі ў прафесію.Больш чым за год работы ўжо зроблены высновы — такая работа з навучэнцамі вельмі патрэбная.

— Можа, не ўсе нашы выпускнікі выберуць для сябе ў будучыні прафесію педагога, — гаворыць намеснік дырэктара школы Алена Карнеева. — Але хто пойдзе па дарозе настаўніцтва, зробіць гэта свядома. І гэта адна з галоўных мэт такой прафесійнай падрыхтоўкі. Бачым, што за год змянілася стаўленне вучняў да педагогаў — яно больш паважлівае, больш адказнымі сталі адносіны да вучобы.

Стварэнню педагагічнай групы папярэднічала работа з падлеткамі і іх бацькамі. І зараз навучэнцы не толькі наведваюць факультатыў “Уводзіны ў педагагічную прафесію”, таксама на паглыбленым узроўні вывучаюць матэматыку і рускую мову.

Вядзе факультатыў “Уводзіны ў педагагічную прафесію” псіхолаг Юлія Бадзяк. У школе лічаць такі выбар выкладчыка вельмі добрым. Педагогу вельмі патрэбна веданне асноў псіхалогіі і педагогікі. І зведаць не толькі тэорыю, але і практыку педагагічнай дзейнасці маглі навучэнцы падчас тэматычнага тыдня “У свеце прафесій”, калі ў школе прайшоў дзень самакіравання.

— У гэты дзень школьнікі, якія вырашылі звязаць сваю будучыню з педагагічнай дзейнасцю, паспрабавалі сябе ў ролі настаўнікаў пачатковых класаў, — расказвае Алена Аляксандраўна. — Будучыя педагогі сур’ёзна і з веданнем справы рыхтаваліся да ўрокаў пад кіраўніцтвам сваіх куратараў — настаўнікаў пачатковых класаў. Склаўшы дэталёвы канспект урока, падрыхтаваўшы патрэбны наглядны матэрыял і ўзброіўшыся іншымі атрыбутамі настаўніцтва, яны ўпершыню пераступілі парог класа ўжо ў іншай ролі. Было шмат хваляванняў і эмоцый. Але ўсё прайшло добра. І маладыя педагогі, і вучні пачатковых класаў з захапленнем дзяліся сваімі ўражаннямі з настаўнікамі школы, бацькамі, адміністрацыяй.

— Я вельмі люблю дзяцей, — гаворыць вучаніца Аляксандра Хох. — Самае важнае — дабрыня. Як настаўнік ты павінен навучыць дзяцей слухаць і паважаць іншых.

У гэтым годзе таксама будуць новыя педагагічныя дэсанты. Толькі навучэнцы атрымаюць больш самастойнасці пры падрыхтоўцы да іх.

Юлія Юр’еўна Бадзяк захапіла сваіх падапечных яшчэ адной справай. Кожны з іх удзельнічае ў рабоце школьнай службы медыяцыі. Сама яна магістарскую дысертацыю абараніла па тэме “Прававое забеспячэнне альтэрнатыўных спосабаў урэгулявання канфліктаў і спрэчак” і актыўна займаецца школьнай службай медыяцыі. Вучні педагагічнай групы прайшлі спецыяльнае навучанне і атрымалі сертыфікаты школьных медыятараў. Такія веды і ўменні будуць для іх вельмі карыснымі ў далейшым прафесійным жыцці.

Дырэктар сярэдняй школы № 8 Вольга Нерад адзначае, што арганізацыя работы факультатыву — гэта работа педагагічнага калектыву на дзень заўтрашні. Падрыхтаваць сабе змену, знайсці матываваных на прафесію настаўніка маладых людзей, перадаць ім свой вопыт і яшчэ ў сценах школы паказаць, якая яна — гэтая цяжкая, адказная і вечная дзейнасць педагога, — задача вельмі адказная і патрэбная.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.