Першыя сярод роўных

- 12:03Навіны рэгіёнаў

Найлепшыя ў краіне юныя інспектары дарожнага руху — прадстаўнікі Віцебшчыны.

Лепшыя ЮІРаўцы Віцеб­шчыны — удзельнікі злёту-конкурсу атрадаў юных інспектараў дарожнага руху. Узнагароджанне пераможцаў адбылося ў рамках сумеснай калегіі галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама і галоўнага ўпраўлення Дзяржаўтаінспекцыі МУС Рэспублікі Беларусь.

Cтарт фінальнаму этапу 48-га Рэспубліканскага злёту-конкурсу “Юны інспектар дарожнага руху” быў дадзены ў Віцебску і аб’яднаў больш за 600 удзельнікаў з усіх рэгіёнаў краіны і Мінска. Ганаровае права прымаць фінальныя спаборніцтвы паўночны рэгіён атрымаў невыпадкова: у 2019 годзе менавіта каманда Віцебшчыны стала пераможцай рэспубліканскага этапу (у мінулым го­дзе мерапрыемства не праводзілася). Падчас цырымоніі ўрачыстага адкрыцця на плошчы Перамогі ля мемарыяльнага комплексу ў гонар савецкіх воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў лепшых юных інспектараў дарожнага руху краіны віталі намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пенін, начальнік галоўнага ўпраўлення Дзяржаўтаінспекцыі МУС Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Карзюк, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома, начальнік УУС Віцебскага аблвыканкама Андрэй Любімаў. Далей на працягу пяці дзён на базе дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра “Жамчужына” Лепельскага раёна каманды змагаліся за перамогу ў конкурсах агітацыйна-мастацкіх візітовак, газет, а таксама ў конкурсах “Тэарэтычны экзамен на веданне ПДР”, “Уважлівы ўдзельнік дарожнага руху”, “Агітацыйна-мастацкае прадстаўленне”, “Аказанне першай дапамогі пацярпелым”, “Ваджэнне веласіпеда ва ўмовах, аналагічных рэальнаму дарожнаму руху” і “Фігурнае ваджэнне веласіпеда”.

Як падкрэсліў Дзмітрый Карзюк, галоўнай мэтай конкурсу з’яўляецца папярэ­джанне транспартных здарэнняў на дарозе з удзе­лам дзяцей і прапаганда здаровага ладу жыцця: “Ужо каля 30 тысяч дзяцей і падлеткаў у Беларусі займаюцца бяспекай дарожнага руху. Яны самыя важныя прапагандысты, якія даносяць правілы паводзін на праезнай ча­стцы да сваіх аднагодкаў. Гэта вельмі важная і адказная праца. Бягучае мерапрыемства дазволіць ім набыць бясцэнны вопыт, завесці новыя знаёмствы, пасябра­ваць, атрымаць важныя веды”. Па выніках спаборніцтваў лідарства пацвердзіла каманда ЮІР Віцебскай вобласці. На 2-м месцы — прадстаўнікі Міншчыны, 3-е месца падзялілі каманды ЮІР Гродзеншчыны і Мінска. Пераможца і прызёры былі ўзнагароджаны дыпломамі, кубкамі, медалямі, сувенірамі і каштоўнымі падарункамі.

Перамога каманды ЮІР Віцебскай вобласці з’яўляецца вынікам эфектыўнай сі­стэмнай сумеснай работы сацыяльных партнёраў.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.