Піянеры “#У_Актыве#”

- 14:57Нам пішуць

Абласная грамадска актыўная школа “#У_Актыве#” — праект, які быў распрацаваны абласным Саветам ГА “БРПА” і Гродзенскім дзяржаўным абласным палацам творчасці дзяцей і моладзі. На працягу навучальнага года лідары-дарослыя і лідары-дзеці наведваюць рэгіёны Гродзенскай вобласці з мэтай абмену вопытам і ідэямі па развіцці лідарскага патэнцыялу і сацыяльнай актыўнасці падрастаючага пакалення.

Чарговае выязное пасяджэнне абласной грамадска актыўнай школы “#У_Актыве#” прайшло на базе Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі па тэме “Каштоўнасныя арыенціры і змест дзейнасці лідара і арганізатара ГА “БРПА”. Удзел у пасяджэнні прынялі самыя творчыя і актыўныя піянеры раёна і вобласці, старшыя піянерважатыя і старшыні піянерскай арганізацыі Гродзенскай вобласці. Павітаць удзельнікаў школы прыйшлі галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Шчучынскага райвыканкама В.П.Чыжык, старшыня абласнога Савета ГА “БРПА” Г.Н.Чарняк, дырэктар Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі І.П.Дзегцярова, першы сакратар РК ГА “БРСМ” Е.С.Богдзель.

Падчас пасяджэння госці і ўдзельнікі актыўнай школы пазнаёміліся з сацыяльна значнымі ініцыятывамі, асноўнымі напрамкамі дзейнасці і дасягненнямі Шчучынскага РС ГА “БРПА”. Сваім вопытам работы з малодшым звяном піянерскай арганізацыі — акцябрятамі падзялілася педагог-арганізатар сярэдняй школы № 1 Шчучына Н.С.Мяткоўская. Цікавым і пазнавальным было выступленне агітбрыгады “Маладзёжнае валанцёрства — наш выбар!” валанцёрскага атрада Астрынскай сярэдняй школы імя А.С.Пашкевіч (Цёткі), валанцёраў піянерскай дружыны “Факел” Галавічпольскага дзіцячага сада — сярэдняй школы.

Акцябраты з піянерскай дружыны імя Д.Удота пазнаёмілі прысутных з праектам “Акцябрацкая вясёлка”, які рэалізуецца ў Астрынскай сярэдняй школе. Прадстаўнікі дзіцячай палаты абласнога і раённага саветаў ГА “БРПА” змаглі стаць удзельнікамі пазнавальнага мерапрыемства “Інтэрнэт-прастора і сацыяльныя сеткавыя сэрвісы ў рабоце піянерскай арганізацыі” (кіраўнік А.А.Маўсісян). Таксама ўдзельнікі школы актыву пазнаёміліся з дзейнасцю і вопытам піянерскай дружыны “Вікторыя” гімназіі Шчучына.

Такія сустрэчы даюць магчымасць набываць новыя веды, уменні і развіваць творчыя здольнасці. Гэта імпульс да асабістага росту і самаразвіцця.

Таццяна ТРАХІМЧЫК,
старшыня Шчучынскага РС ГА “БРПА”.
Фота Л.М.НЕМНА.