План на будучыню — далейшае развіццё

- 11:09Навіны рэгіёнаў

Калі бярэшся за нейкую справу, рабіць яе трэба якасна і добрасумленна. Толькі такім чынам атрымаецца дасягнуць працоўнага поспеху. Такога прынцыпу ў сваёй педагагічнай дзейнасці прытрымліваецца настаўніца нямецкай мовы Дашкаўскай сярэдняй школы Магілёўскага раёна Аляксандра Аляксандраўна Лазавікова.

А.А.Лазавікова падчас урачыстай цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў абласнога этапу рэспублікан­скага конкурсу “Настаўнік года”.

Не сказаць, што Аляксандра Аляксандраўна марыла аб педагогіцы. Яна была выдатніцай у школе, усе вучэбныя прадметы даваліся ёй лёгка, але нейкіх любімых не было. Усё змяніла падарожжа ў Германію.

— Гэтая вандроўка стала пэўным штуршком да вывучэння нямецкай мовы. Мае імкненні падтрымалі і развілі настаўнікі Магілёўскага абласнога ліцэя № 1 — Міхаіл Станіслававіч Ржавуцкі і Наталля Мікалаеўна Зайцава. Менавіта дзякуючы ім, я зразумела, што хачу звязаць сваё жыццё з вывучэннем нямецкай мовы, — паведаміла А.А.Лазавікова.

Адукацыю Аляксандра Аляксандраўна працягнула ў Мінскім лінгвістычным універсітэце. Студэнцкія гады праляцелі непрыметна, бо былі насычаны падзеямі. Маладым спецыялістам яна накіравалася на Магілёўшчыну, на сваю малю радзіму.

— Гэта быў не спантанны выбар. Можна сказаць, што ў нашай сям’і ўжо фарміруецца дынастыя педагогаў. Мая мама — настаўніца пачатковых класаў. Сястра атрымала прафесію настаўніка-дэфектолага. І я яшчэ падчас вучобы ведала: буду працаваць у школе, бо школьную атмасферу ні з чым не параўнаеш. Асабіста мяне гэты пастаянны рух, дзіцячы энтузіязм і весялосць вельмі натхняюць на плённую працу, — расказала А.А.Лазавікова.

Дарэчы, настаўнічаць Аляксандра Аляксандраўна пачынала ў базавай школе вёскі Рэпішча Магілёўскага раёна. У гэтай школе яна сама калісьці вучылася.

— У роднай школе адразу адчула сябе вельмі камфортна, што спрыяла майму прафесійнаму станаўленню. Але яна была малакамплектнай і трапіла пад аптымізацыю. Так я апынулася ў Дашкаўскай сярэдняй школе. У гэтай навучальнай установе таксама спрыяльная атмасфера для работы. А яшчэ — вельмі творчы калектыў, які заўсёды гатовы падтрымаць і дапамагчы, — адзна­чыла Аляксандра Аляксандраўна.

У сваёй педагагічнай дзейнасці А.А.Лазавікова кіруецца прынцыпам “рабіць усё на выдатна”. І ў яе гэта атрымліваецца. Свае ўрокі Аляксандра Аляксандраўна будуе так, каб на іх было цікава кожнаму вучню.

— Для арганізацыі якаснага навучання існуе вялікае мноства методык і тэхналогій. Не магу сказаць, што аддаю перавагу нейкай адной. З кожнай тэхналогіі я выбіраю тыя элементы, якія падыходзяць мне і маім вучням. Бо тое, што аднаму добра, іншым можа быць не вельмі карысным. Я даволі часта выкарыстоўваю тэхналогію поўнага засваення, гульнявую тэхналогію, розныя элементы арт-тэхналогіі: драматызацыю, фальклор, калажы, карыкатуры, розныя мнеманічныя прыёмы, праектную методыку і многае іншае. Разам з вучнямі мы развучваем шмат вершаў, песень, рыфмовак, ставім драматычныя пастаноўкі на нямецкай мове. Дзеці заўсёды з вялікім энтузіязмам адгукаюцца на ўсё, што я ім прапаную, — расказала А.А.Лазавікова.

Галоўнае, да чаго настаўніца імкнецца на сваіх занятках, — выкладаць прадмет так, каб яго вывучэнне было цікавым і прыносіла задавальненне дзецям. Такі падыход дае адпаведныя вынікі. У вучняў Аляксандры Аляксандраўны даволі высокая паспяховасць па прадмеце. Трываласць іх ведаў пацвярджаецца на цэнтралізаваным тэсціраванні. Традыцыйна яе вучні набіраюць высокія балы. Адна з выпускніц нават атрымала 100-бальны сертыфікат.

— У мінулым годзе мая выпускніца, якая набрала 91 бал на ЦТ, стала студэн­ткай Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Нядаўна ў нашу школу прыйшло пісьмо з гэтай УВА з падзякай за выдатна падрыхтаванага студэнта. Гэта было неверагодна прыемна, — падзялілася А.А.Лазавікова.

Вельмі радуюць настаўніцу і поспехі навучэнцаў у алімпіядным руху. Гэтай рабоце яна надае прыярытэтнае значэнне. Аляксандра Аляксандраўна выбудавала пэўную сістэму ў гэтым кірунку.

— Я распрацавала пэўную сістэму табліц па засваенні граматыкі. Пасля падрабязнага вывучэння правіл вучні адпрацоўваюць іх на практыцы па разнастайных матэрыялах. Я распрацавала выніковыя тэсты па розных правілах, у якія ўключаны ўсе небяспечныя моманты, тыя месцы, дзе можна зрабіць памылку. Такім чынам я ажыццяўляю своеасаблівую дыягностыку, па якой выразна відаць, якую работу трэба праводзіць і ў якім кірунку, — адзначыла Аляксандра Аляксандраўна.

Адточваць вуснае маўленне А.А.Ла­завікова вучыць дзяцей зусім па-іншаму. У асноўным выкарыстоўвае для гэтага арт-тэхналогіі.

— Разам з дзецьмі мы пішам вершы, прыдумваем апавяданні, гісторыі, працуем з карыкатурамі, слухаем песні, глядзім фільмы, мультфільмы. Усё гэта на самай справе вельмі дапамагае вучыцца добра гаварыць па-нямецку, — упэўнена маладая настаўніца.

І сапраўды. Яе методыкі падрыхтоўкі да ўдзелу ў алімпіядах пацвярджаюць сваю эфектыўнасць. Вучні Аляксандры Аляксандраўны пастаянна атрымліваюць пераможныя дыпломы на розных, у тым ліку і заключным, этапах рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах.

Сёння за плячыма А.А.Лазавіковай ужо 12 гадоў плённай педагагічнай дзейнасці. Яна даволі дасведчаны, прафесійны педагог. Але, нягледзячы на гэта, Аляксандра Аляксандраўна пастаянна знаходзіцца ў творчым пошуку, нястомна ўдасканальвае сваё педагагічнае майстэрства. Яна наведвае разнастайныя адукацыйныя курсы, канферэнцыі, удзельнічае ў прафесійных конкурсах, прайшла стажыроўку ў нямецкім горадзе Эмдэн, дзе ў гімназіі вяла ўрокі для мясцовых вучняў.

— Калі настаўнік перастае вучыцца — гэта ўжо не настаўнік. Свет навокал пастаянна мяняецца і педагог павінен мяняцца разам ім. На мой погляд, сучасны настаўнік — гэта энергічны, пазітыўны чалавек, які павінен знаходзіцца ў нястомным развіцці, — падкрэсліла А.А.Лазавікова.

Каб атрымаць чарговы штуршок да прафесійнага развіцця, Аляксандра Аляксандраўна пайшла на сёлетні абласны этап рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года” і ў выніку стала пераможцай у намінацыі “Замежная мова”.

— Удзел у гэтым конкурсе стаў для мяне сапраўдным святам. Запомнілася непаўторная, творчая атмасфера на працягу ўсяго конкурснага тыдня. Усе ўдзельнікі — высокапрафесійныя педагогі. Але я не адчувала канкурэнтнай барацьбы. Настолькі ўсе былі добразычлівыя адно да аднаго. Шмат уражанняў прынёс майстар-клас. Прэзентацыю сваёй педагагічнай дзейнасці ў такой форме я праводзіла ўпершыню. Але ўсё атрымалася! У нашай катэгорыі па выніках гэтага задання я набрала найбольшую колькасць балаў. Наогул, галоўнае, што даў удзел у конкурсе, — не перамога, а новы вопыт. Я выразна зразумела, у якім кірунку мне прафесійна развівацца далей, — паведаміла А.А.Лазавікова.

…Штодня Аляксандра Аляксандраўна прыходзіць у школу, каб падзяліцца з вучнямі сваімі ведамі, каб сапраўды зацікавіць іх вывучэннем нямецкай мовы. Яна пастаянна думае пра тое, як зрабіць свае ўрокі яшчэ больш захапляючымі для навучэнцаў. Яна заўсёды падтрымлівае хлопцаў і дзяўчат ва ўсіх пачынаннях, а потым бязмежна радуецца іх вучэбным поспехам. У працоўнай скарбонцы гэтай маладой настаўніцы ўжо не адно важкае дасягненне, але яна не збіраецца на гэтым спыняцца. Працягваць вучыцца, развівацца і прафесійна ўдасканальвацца — вось яе план на будучыню.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.