Платформа для педагагічнага станаўлення і вучнёўскага самавыражэння

- 16:50Гомельшчына, Прэс-тур

Мазырскі абласны ліцэй з’явіўся 31 снежня 2003 года. Менавіта ў гэты час у Гомельскім абласным выканаўчым камітэце было падпісана рашэнне аб адкрыцці гэтай установы адукацыі. Ліцэй быў арганізаваны з мэтай стварэння роўных умоў у атрыманні агульнай сярэдняй адукацыі для гарадскіх і сельскіх школьнікаў з раёнаў, якія найбольш пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС.

Як успамінае дырэктар ліцэя Іна Аляксееўна Лагун, план прыёму на 2004/2005 навучальны год складаў 120 вучняў (з 10 раёнаў і Мазыра). У пералік уваходзілі практычна ўсе раёны, аднесеныя да забруджанай зоны.

Цяпер большасць раёнаў прызнаны чыстымі. Тым не менш у ліцэі вучацца дзеці з Хойнікаў, Нароўлі, Ельска, з сельскіх школ Калінкавіцкага, Лельчыцкага, Мазырскага раёнаў. На дадзены момант у ліцэі вучацца 330 дзяцей.

Мазырскі абласны ліцэй сёння — гэта 21 сучасны вучэбны кабінет, аснашчаны камп’ютарамі; метадычны кабінет, таксама абсталяваны камп’ютарам; інфармацыйны цэнтр з выхадам у інтэрнэт, мультымедыйнай бібліятэкай, ламінатарам і брашуратарам; 10 інтэрактыўных дошак, 16 мультымедыйных праектараў, 11 ноўтбукаў, 66 камп’ютараў, планшэты ў кабінеце хіміі; пакой ліцэйскага самакіравання; бібліятэка, абсталяваная камп’ютарам з выхадам у інтэрнэт; чытальная зала, экалагічны цэнтр, канферэнц-зала, актавая зала, спартыўная і трэнажорная залы.

Інфармацыйныя тэхналогіі выкарыстоўваюцца ў адукацыйным працэсе і ў кіраўніцкай дзейнасці.

Створаны афіцыйны сайт ліцэя: mozliceum.na.by.

Матэрыяльна-тэхнічная база дазваляе арганізаваць адукацыйны працэс на высокім узроўні. Ёсць усё неабходнае вучэбнае абсталяванне для забеспячэння практычных і лабараторных заняткаў.

У ліцэі дзейнічаюць профільныя класы філалагічнага, правазнаўчага, фізіка-матэматычнага, хіміка-біялагічнага, хіміка-тэхналагічнага, эканамічнага напрамкаў. Пазаўрочная дзейнасць рэалізоўваецца праз гурткі, спартыўныя секцыі, клуб “Лідар”, літаратурную гасцёўню, клуб прыхільнікаў замежнай мовы, інтэлектуальны марафон, газету “Ліцэйскі мудрэц”.

У навучальнай установе адбываецца рэалізацыя рэспубліканскага інавацыйнага праекта (2014—2017 гады) “Укараненне мадэлі рэалізацыі міжпрадметных сувязей у навучанні дысцыплінам гуманітарнага цыкла”.

За гады існавання ліцэя 68 выпускнікоў былі ўзнагароджаны медалямі (48 залатымі, 20 сярэбранымі). 15 навучэнцаў атрымалі 100-бальныя сертыфікаты па розных прадметах на цэнтралізаваным тэсціраванні.

За 5 апошніх гадоў 99 навучэнцаў атрымалі дыпломы па выніках удзелу ў трэцім этапе Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, 6 дыпломаў сталі здабыткам удзелу ў заключным этапе алімпіяды. 31 дыплом ліцэісты заваявалі ў абласных конкурсах, 9 дыпломаў — у інтэрнэт-алімпіядах і віктарынах. Акрамя таго, на рахунку ліцэістаў і педагогаў 6 дыпломаў міжнародных алімпіяд.

Як заўважыла дырэктар, кадравы патэнцыял у ліцэі высокі: 80% педагогаў маюць першую і вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. За 5 гадоў настаўнікі былі адзначаны Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, граматамі абласнога выканаўчага камітэта, Мазырскага выканаўчага камітэта, абласнога Савета дэпутатаў, Мазырскага Савета дэпутатаў, упраўлення адукацыі Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта. Пасведчанні аб прысуджэнні прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь маюць 6 педагогаў.

Зразумела, што ўсе дасягненні навучальнай установы — гэта штодзённая і карпатлівая праца педагагічнага калектыву. На сайце гімназіі настаўнікі ліцэя прадстаўляюцца адмыслова: “Майстэрства — гэта рамяство, даведзенае да дасканаласці. Майстроў не так шмат, але ёсць нямала моцных прафесіяналаў. Як правіла, яны маюць свае прафесійныя хітрасці, прыёмы.

Менавіта такія майстры сваёй справы працуюць у ліцэі. У кожнага з іх свае педагагічныя прыёмы, сакрэты, якія дазваляюць на высокім узроўні праводзіць адкрытыя ўрокі, прадметныя тыдні, пазакласныя мерапрыемствы”.

Ад сябе хочацца дадаць, што педагагічны калектыў Мазырскага абласнога ліцэя ўражвае сваёй зладжанасцю, мабільнасцю і высокім прафесіяналізмам. Спецыяльна да нашага прыезду яны падрыхтавалі невялікую музычную прэзентацыю пра сябе і той ліцэйскі дух, які іх яднае. Прызнацца, даўно не бачыла такога бляску і задору ў вачах.

Настаўніца англійскай мовы Кацярына Аляксандраўна Садоўская працуе ў профільных класах: “Мае вучні збіраюцца здаваць англійскую мову на цэнтралізаваным тэсціраванні, таму мая работа мае сваю спецыфіку. У ліцэй паступаюць вучні з самымі рознымі ведамі, і мне за два гады трэба іх вывесці на высокі ўзровень. Існуе меркаванне, што да нас паступаюць высокаматываваныя дзеці з добрымі ведамі. Наконт матывацыі мы не скардзімся, але вось што тычыцца якасці ведаў, то ва ўсіх яна розная. Іншы раз, каб рушыць наперад, даводзіцца вярнуцца назад.

Яшчэ існуе меркаванне, што падрыхтоўка да цэнтралізаванага тэсціравання — гэта нашпігоўванне. Вусным маўленнем ніхто ж на цэнтралізаваным тэсціраванні не займаецца. Але насамрэч наша тэсціраванне мае сур’ёзную камунікатыўную накіраванасць, і калі не займацца маўленнем, то шансаў атрымаць добрыя балы не будзе. Веданне толькі граматыкі — гэта, на мой погляд, максімум 50% поспеху.

У выніку мае ўрокі бываюць двух відаў: такія, дзе пераважае работа па фарміраванні граматычных навыкаў, і ўрокі вуснай практыкі. Акрамя таго, мы павінны рыхтавацца і да выпускнога экзамену. Тут зноў-такі хачу аспрэчыць яшчэ адно меркаванне: яны не выключаюць адзін аднаго. Калі мы рыхтуемся да экзамену, то развіваем у вучняў лексічныя навыкі (што неабходна для ЦТ), праз гаварэнне ліцэіст засвойвае вялікую колькасць лексікі і гатовых моўных канструкцый, якія проста не сядзеш і не завучыш”.

7 (1)Да слоў калегі далучылася намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце настаўніца нямецкай мовы Мазырскага абласнога ліцэя Алена Ігараўна Бабына: “Граматыка і лексіка вельмі важныя, бо раскрываюць сутнасць камунікатыўнай граматыкі — рэалізацыю граматычных канструкцый праз маўленне. Пакуль дзіця гэтую граматычную канструкцыю не прагаворыць, не прапіша і не праслухае, яна не будзе знаходзіцца ў яго актыве.

Мы разам з Кацярынай Аляксандраўнай праводзім майстар-класы для калег з раёнаў. Калі гаворка заходзіць пра камунікатыўны падыход у выкладанні граматыкі, то высвятляецца, што настаўнікі па-ранейшаму аддаюць перавагу традыцыйнаму падыходу: патлумачыў і замацаваў практыкаваннямі.

Пры камунікатыўным падыходзе мы не гаворым вучням, што вывучаем граматыку, а проста пачынаем з ёй працаваць. Дзеці прагаворваюць граматычныя канструкцыі і лёгка запамінаюць. Канечне, усе нашы практычныя напрацоўкі на такіх майстар-класах разыходзяцца адразу”.

Дарэчы, на рахунку Кацярыны Аляксандраўны Садоўскай стабальнік па англійскай мове, пераможцы Рэспубліканскай алімпіяды па англійскай мове. А ў Алены Ігараўны было 1-е месца сярод гімназій і ліцэяў на ЦТ па нямецкай мове (яе вучні па выніках цэнтралізаванага тэсціравання былі самымі лепшымі).

А на педагагічным рахунку настаўніка інфарматыкі Сяргея Артуравіча Дамасевіча перамогі не толькі вучняў, але і калег. Сертыфікаты карыстальнікаў інфармацыйных тэхналогій маюць 32 педагогі ліцэя. Многія з іх імі сталі дзякуючы менавіта Сяргею Артуравічу, які займаўся са сваімі калегамі, не лічачыся з асабістым часам. У ліцэі працуе з 2009 года і выкладае ва ўсіх класах.

“Матэрыяльная база ліцэя выдатная. У нас не толькі камп’ютарныя класы, дзейнічае і лакальная сетка, ёсць свой сервер. Спецыфіка маёй педагагічнай дзейнасці — акцэнт на індывідуальную працу з вучнем, які павінен валодаць любым тэхнічным сродкам. І тут галоўны прыклад — асоба настаўніка. Якасць ведаў, манера выкладання настаўніка — гэта адно. А вось узровень валодання настаўнікам усімі сучаснымі дэвайсамі і магчымасцямі камп’ютара дабаўляюць яму павагі і павышаюць вучнёўскую матывацыю да вывучэння інфарматыкі.

Мая работа будуецца на аснове ўнутранага лакальнага сайта з тэматычнымі пытаннямі, які дапамагае адпрацаваць ліцэістам свае навыкі. Працуе інфармацыйны цэнтр, куды вучні могуць прыйсці і папрацаваць самастойна, напрыклад, выканаць нейкае заданне. Разам з тым яны ўзаемадзейнічаюць і ў групах. Сёння ўменне працаваць у камандзе мае вялікае значэнне. Такі навык неабходны на алімпіядзе, спатрэбіцца ён і падчас дарослага прафесійнага жыцця”, — адзначыў Сяргей Артуравіч.

А па словах намесніка дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце ліцэя Ірыны Віктараўны Пышняк, Сяргей Артуравіч яшчэ і выдатны сістэмны адміністратар, які ў полі свайго прафесійнага зроку трымае ўсе кам’ютарныя сістэмы і сеткі.

Асобная ўвага адміністрацыі ліцэя накіравана на работу маладых спецыялістаў. Мне падчас наведвання ліцэя пашчасціла пазнаёміцца з Сяргеем Мікалаевічам Смяглікавым. Малады настаўнік англійскай мовы вельмі ўразіў сваёй шчырасцю.

“Мне вельмі пашанцавала, што я трапіў у ліцэй. Перад тым як прыйсці сюды працаваць, быў тут на практыцы. І, канечне, практыкі для будучага настаўніка, якая арганізоўваецца ўніверсітэтам, недастаткова. Мне ўніверсітэт даў добрую тэарэтычную падрыхтоўку. У ліцэі мая тэорыя ставіцца на рэйкі практыкі.

Вялікую ролю ў станаўленні маладога настаўніка іграюць педагагічны калектыў і адміністрацыя, з якімі мне вельмі пашчасціла. Канечне, гаварыць пра мой педагагічны вопыт смешна, хоць і вельмі хочацца, але ж, працуючы ў ліцэі з верасня, я адчуваю, як расту.

Я прыйшоў у гэтую навучальную ўстанову з пэўнымі страхамі, якія мае калегі развеялі ў пух і прах. Я ўвесь час адчуваю іх падтрымку і лічу, што станаўлюся лепшым, ад чаго шчаслівы.

У ліцэі выдатная атмасфера і вялікая колькасць магчымасцей для развіцця. Гэтая навучальная ўстанова — добрая платформа для педагагічнага станаўлення і для таго, каб падабацца дзецям і самому сабе. Ведаеце, мне падабаецца падабацца самому сабе”, — адзначыў Сяргей Мікалаевіч.
А мне спадабалася, што давялося пабыць у навучальнай установе, дзе працуюць і вучацца сучасныя настаўнікі і вучні, якія ставяць перад сабой звычайныя мэты: педагогі — быць патрэбнымі і карыснымі для сваіх гадаванцаў, а ліцэісты — стаць добрымі людзьмі і адукаванымі спецыялістамі. Поспехаў!

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Ігара ГРЭЧКІ.