Пра нашых настаўніц

- 9:10Мнение

Каля будынка галоўнай педагагічнай альма-матар краіны невыпадкова ўстаноўлены помнік жанчыне-настаўніцы. Як сведчыць статыстыка, з больш чым 111 тысяч педагогаў, якія сёння працуюць ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, 86 працэнтаў — прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва. Гэта плюс або мінус? Канечне, плюс! І вось чаму…

Прыгадаем універсітэцкі курс педагогікі. Каменскі, Ушынскі, Сухамлінскі, Макаранка… Ды што гаварыць пра часы даўнія. Яшчэ гадоў 20 назад фізічнае выхаванне, працоўнае навучанне, фізіку, матэматыку, чарчэнне, астраномію, гісторыю, а нярэдка і філалагічныя дысцыпліны выкладалі амаль адны мужчыны. Добра памятаю, якая наступала цішыня, калі яны заходзілі ў клас. Пра дысцыпліну можна лішні раз і не гаварыць: яна была ідэальнай!

Мае настаўнікі (прадстаўнікі старэйшага пакалення) у многім былі падобны на Ілью Сямёнавіча Мельнікава з “Дажывём да панядзелка”. Такія ж неабыякавыя да прафесіі і жыцця, у пастаянным творчым пошуку, тактоўныя, з вялікім багажом ведаў. Калі б сёння здымаўся рэмейк знакамітага фільма, то галоўным яго героем, думаю, ужо стала б жанчына. Ініцыятыўная, у пастаянным творчым пошуку, тактоўная, эрудзіраваная, якая не лічыцца ні з часам, ні з цяжкасцямі прафесіі. І як пры такім шалёным рытме настаўніцкага жыцця жанчыны застаюцца прыгожымі, абаяльнымі, знаходзяць час на сям’ю і нават хобі? Для нас, мужчын, гэта застаецца загадкай.

Цяпер часта гавораць, што ў школах мала мужчын. Маўляў, раней сітуацыя была адваротнай і гэта цудоўна. Цалкам з такой думкай не пагаджуся. Калі ў педагагічным калектыве пераважаюць жанчыны, гэта больш плюс, чым мінус. Для настаўніцы вучні — нібыта ўласныя дзеці, да якіх яна адносіцца з матуліным клопатам, пяшчотай і любоўю. Для вучняў такая настаўніца становіцца другой мамай, а часам нават замяняе родную. Нядзіўна, што на апошнім званку і выпускных вечарах настаўніцы не стрымліваюць слёз, праводзячы сваіх учарашніх хлопчыкаў і дзяўчынак у дарослае жыццё. І вучні ім адказваюць узаемнасцю.

Калісьці педагогамі былі ў асноўным мужчыны — стрыманыя, строгія, патрабавальныя. Невыпадкова і слова “педагог” мужчынскага роду. Але часы змяніліся. Сёння большасць настаўнікаў — жанчыны. У такой сітуацыі, канечне, ёсць мінусы, асабліва калі гаварыць пра важнасць мужчынскага выхавання. Але плюсаў значна больш.

З надыходзячым святам вясны і жаноцкасці, нашы прыгожыя, абаяльныя, творчыя настаўніцы! І няхай побач з вамі ўсё ж такі будзе больш калег мужчын!