Прафарыентацыйныя экскурсіі, ці Як дапамагчы з выбарам прафесіі

- 11:37Навіны рэгіёнаў

Падрыхтаваць моладзь да выбару прафесіі, аказаць ёй дапамогу ў прафесійным самавызначэнні і працаўладкаванні — задача, якая сёння значыцца ў ліку найважнейшых. Кірункаў прафарыентацыйнай работы шмат — ад экскурсій на прадпрыемствы і ў арганізацыі да спецыялізаваных класаў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Але гамяльчанам удалося яшчэ рэалізаваць і сваю ідэю — адкрыць абласны рэсурсны цэнтр па прафарыентацыі, які пакуль застаецца адзіным у краіне на базе ўстановы дадатковай адукацыі.

Выбудаваць сістэму

Рэсурсны цэнтр працуе пры абласным Палацы творчасці. Яго дзейнасць ажыццяўляецца ў цесным супрацоўніцтве з рэгіянальным цэнтрам тэсціравання і прафарыентацыі навучэнскай моладзі. Крокам да стварэння такога цэнтра стала разуменне таго, што наспела патрэба ў стварэнні нейкага адзінага каардынуючага органа прафарыентацыйнай работы педагогаў у кожным раёне. Вядома, што дапрафесійная падрыхтоўка дзяцей закладваецца ў першую чаргу ва ўстановах дадатковай адукацыі, таму было вырашана ўскласці адказную задачу па адкрыцці рэсурснага цэнтра на абласны Палац творчасці. І ўстанова паспяхова справілася з гэтым.

На працягу апошніх двух гадоў у гэтым кірунку вядзецца сур’ёзная, грунтоўная работа, да якой падключаны дадаткоўцы рознай накіраванасці: турыстычна-краязнаўчай, тэхнічнай, эколага-біялагічнай. Пры гэтым у кожным раённым Цэнтры творчасці ёсць каардынатары прафарыентацыйнай работы — спецыялісты, якія служаць нібыта правадніком тых ідэй і задач, якія вызначае для рэалізацыі рэсурсны цэнтр абласнога Палаца творчасці. Такім чынам, створана сістэма, а калі ёсць сістэма, заўсёды будзе і станоўчы вынік.

— Нельга разумець так, што мы адкрылі рэсурсны цэнтр па прафарыентацыі і проста пачалі працаваць, вучачыся на сваіх жа памылках і поспехах, — расказвае загадчык цэнтра Галіна Маёрава. — Пасля таго як быў атрыманы дазвол увесці ў штат Палаца творчасці дадатковыя штатныя адзінкі — а без гэтага было нельга, патрэбны былі спецыялісты, якія будуць займацца непасрэдна прафарыентацыйным кірункам, — пачала праводзіцца вялікая інфармацыйна-метадычная і арганізацыйна-метадычная работа. І толькі потым, маючы пэўныя метадычныя распрацоўкі, мы падступіліся да арганізацыйна-масавых мерапрыемстваў: экскурсій на прадпрыемствы, сустрэчы з людзьмі розных прафесій, наведванне рэгіянальных устаноў вышэйшай адукацыі, каледжаў, прафесійных ліцэяў і г.д.

Прафесіі нашых бацькоў

У прафесійнай арыентацыі ўсе сродкі добрыя. Але ж, вядома, адны больш дзейсныя, другія — менш.

— Найбольш эфектыўнай формай прафесійнай асветы вучняў я назваў бы ўсё ж прафарыентацыйныя экскурсіі, — дзеліцца начальнік рэгіянальнага цэнтра тэсціравання і прафарыентацыі навучэнскай моладзі Уладзімір Глазуноў. — Такая форма работы здольна аказаць вялікі ўплыў на фарміраванне цікавасці да прафесіі, паколькі спалучае ў сабе нагляднасць і даступнасць успрымання з магчымасцю аналізаваць, параўноўваць, рабіць выбар.

Сёння ў рамках дзейнасці рэсурснага цэнтра па прафарыентацыі стартаваў яшчэ адзін асветніцкі прафарыентацыйна-адукацыйны праект для школьнікаў, педагогаў і бацькоў пад назвай “Прафарыентацыйныя экскурсіі — прафесіі нашых бацькоў”. Ён накіраваны на пашырэнне прадстаўлення навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі аб рабоце перадавых прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў розных сфер дзейнасці, стварэнне ўмоў для фарміравання ў школьнікаў канкрэтных уяўленняў аб прафесіях рынку працы Гомельскага рэгіёна.

Робіцца гэта даволі проста: лепшыя прадпрыемствы, арганізацыі і ўстановы Гомельскай вобласці запрашаюць вучняў разам з педагогамі або бацькамі на прафарыентацыйныя экскурсіі, каб пазнаёміць з сучаснай вытворчасцю, канкрэтнымі прафесіямі і іх запатрабаванасцю ў сённяшніх рэаліях. Пры гэтым прысутнічае і выхаваўчы падтэкст. У дзяцей фарміруецца павага да працы і да людзей працы, калі яны знаёмяцца з рознымі спецыялістамі, назіраюць за іх дзейнасцю.

Праект “Прафарыентацыйныя экскурсіі — прафесіі нашых бацькоў” пачаў працаваць нядаўна, але ўжо можна адзначыць першыя поспехі. Навучэнцы наведалі такія буйныя прадпрыемствы, як “Гомельскі домабудаўнічы камбінат”, “Гомельскі вагонарамонтны завод”, прадпрыемствы лёгкай і перапрацоўчай прамысловасці “8 Сакавіка” і “Камінтэрн”, “Мілкавіта”.

Так, напрыклад, наведваючы прадпрыемствы лёгкай прамысловаці, дзеці не толькі ўбачылі тэхналагічны працэс стварэння адзення, але і змаглі прасачыць шлях тавару ад сыравіны да канчатковага спажыўца. Да таго ж акцыянернае таварыства “Камінтэрн” выдзеліла пляцоўку для выставы работ навучэнцаў народных студый выяўленчага мастацтва і дэкаратыўна-прыкладной творчасці.

Вельмі добрыя ўражанні атрымалі вучні, наведваючы “Мілкавіту” — адну з найбуйнейшых малочных кампаній краіны. Нягледзячы на тое, што працэс вытворчасці тут ажыццяўляецца па закрытым тыпе, дзеці даведаліся аб вырабе малака, тварагу, кефіру, вяршкоў з моманту паступлення сыравіны да атрымання гатовага прадукту. Акрамя таго, супрацоўнікі прадпрыемства падрыхтавалі пазнавальную віктарыну, якая таксама дапамагла даведацца шмат цікавых і дзіўных фактаў пра малако.

Для выхаванцаў абласнога палаца, якія цікавяцца музыкай і танцамі, неверагодна цікавай была экскурсія ў Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь, дзе экскурсаводы паказалі закуліссе, рэпетыцыйныя залы, сцэну, аркестравую яму, касцюмерную, дзе дзеці прымералі балетныя пачкі і капялюшыкі, разгледзелі пуанты балерын. Галоўнае ж уражанне пакінулі знаёмства і гутаркі з артыстамі оперы.

Права выбару — за дзецьмі

Адной з сур’ёзных праблем у прафесійным выбары школьнікаў многія спецыялісты называюць умяшанне бацькоў, пры якім тыя навязваюць сваім дзецям прафесіі па сямейных традыцыях або згодна з асабістымі нерэалізаванымі марамі.

Тое, што бацькі ўдзяляюць увагу прафесійнаму выбару свайго дзіцяці, нядрэнна. Але нядрэнна ў тым выпадку, калі яны выступаюць падтрымкай, дарадчыкам, дазваляючы рабіць свабодны выбар.

— За час работы рэсурснага цэнтра мы ўжо добра вывучылі хваляванні бацькоў, — расказвае Галіна Уладзіміраўна. — У прыватнасці, да педагога-псіхолага рэсурснага цэнтра звяртаюцца бацькі за парадай, калі неабходна пачынаць знаёміць дзяцей са светам прафесій, як дапамагчы дзіцяці вызначыцца з прафесійнай будучыняй або што рабіць, калі сын ці дачка не паступіць пасля 11 класа.

Згодна з назіраннямі спецыялістаў цэнтра, бацькі, як людзі з пэўным жыццёвым вопытам, часта раяць сваім дзецям усё-такі пачаць паступаць як мага раней. Большасць бацькоў хочуць, каб іх дзіця абавязкова паступала ва ўніверсітэт ці сярэднюю спецыяльную навучальную ўстанову, пры гэтым на запатрабаваную, высокааплатную, прэстыжную прафесію. Псіхолаг жа дапамагае дарослым паглядзець на працэс прафесійнага самавызначэння пад іншым вуглом — звярнуць увагу на ўнутраныя патрэбы, схільнасці і інтарэсы, а яшчэ вучыць правільна размаўляць з падлеткам пра яго жыццёвыя планы, мары і жаданні.

Дарослым трэба памятаць, што рызыка ёсць заўсёды. Сёння запатрабавана адна спецыяльнасць, заўтра — іншая. І няпроста рабіць высновы. У рэшце рэшт, выбіраючы прафесію па душы, чалавек дорыць сабе права займацца тым, да чаго ляжыць душа. А быць паспяховым можна ў любой сферы, гэта больш залежыць ад асобасных і прафесійных якасцей.

Прафарыентацыйныя праекты, якія рэалізуюцца рэсурсным цэнтрам у супрацоўніцтве з рэгіянальным цэнтрам тэсціравання і прафарыентацыі навучэнскай моладзі, накіраваны перш за ўсё на стварэнне матывуючага асяроддзя. Практыка паказала, што матывацыя працуе: многія дзеці пасля экскурсій ці іншых мерапрыемстваў, якія дазваляюць атрымаць маленькі прафесійны вопыт, хочуць працягваць паглыбленне ў тую ці іншую прафесію, пачынаюць актыўна планаваць уласную прафесійную будучыню.

Наталля ЛУТЧАНКА.