Прафесійная адукацыя: цікава і прэстыжна

- 12:34Навіны рэгіёнаў

Рэспубліканскі савет дырэктараў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі “Аднаўленне зместу адукацыйных праграм у адпаведнасці з прыярытэтнымі напрамкамі развіцця рэгіёна і міжнароднымі стандартамі” прайшоў на Віцебшчыне.

У яго рабоце прынялі ўдзел начальнік упраўлення прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Марына Суворава, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома, начальнік цэнтра навукова-метадычнага забеспячэння прафесійнай адукацыі Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Аляксандра Пятрова.

— Базай для нашай рабочай сустрэчы невыпадкова былі выбраны Віцебскі дзяржаўны тэхнічны і Гарадоцкі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледжы, — адзначыў старшыня савета дырэктар Брэсцкага дзяржаўнага каледжа сувязі Міхаіл Куіш. — Гэта вядучыя ўстановы прафесійнай адукацыі нашай краіны з каштоўным вопытам па шэрагу напрамкаў, у тым ліку па падрыхтоўцы да WorldSkills, міжнародным супрацоўніцтве, аптымізацыі і арганізацыі рэсурсных цэнтраў. Напрыклад, у Віцебску мы ўбачылі рэалізацыю цікавай канцэпцыі: тут не рэсурсны цэнтр асобна ў складзе тэхнічнага каледжа, а ўвесь каледж фактычна з’яўляецца мнагапрофільным рэсурсным цэнтрам, дзе выкарыстоўваюцца і практыкуюцца ўсе віды і формы прафесійнай адукацыі. Каледж валодае сур’ёзнай базай, новымі вучэбнымі лабараторыямі, пляцоўкамі, абсталяванымі па стандартах WorldSkills. Тут можна атрымаць больш за 30 запатрабаваных спецыяльнасцей і кваліфікацый. У добрым сэнсе слова зайздросныя вынікі дэманструе і аграрна-тэхнічны каледж у Гарадку. У абедзвюх установах адукацыі ёсць на што паглядзець маім калегам, да чаго імкнуцца.

Перад пачаткам пленарнага пасяджэння ў Віцебскім дзяржаўным тэхнічным каледжы яго госці наведалі выставу дасягненняў устаноў ПТА і ССА Паўночнага рэгіёна. Вітаючы ўдзельнікаў Рэспубліканскага савета дырэктараў, Дзмітрый Хома падзякаваў за давер і выказаў спадзяванне, што праведзены на Віцебшчыне час будзе карысным не толькі ў плане абмену актуальнымі напрацоўкамі, абмеркавання праблемных пытанняў і зверкі курсаў па пэўных пазіцыях, але і дасць магчымасць бліжэй пазнаёміцца з сучасным Віцебскам. У сваім выступленні Дзмітрый Леанідавіч даў падрабязную характарыстыку рэгіянальнай сістэме прафесійнай адукацыі, падзяліўся вопытам і бачаннем далейшых перспектыў. У вобласці праводзіцца сістэмная работа па павышэнні прэстыжу рабочых прафесій, яе вынікі відавочныя ўжо сёння. Напрыклад, калі на працягу апошніх дзесяці гадоў у старшыя класы пераходзілі 63—65 працэнтаў ад агульнай колькасці дзевяцікласнікаў, то сёлета гэты паказчык знізіўся да 58 працэнтаў — больш юнакоў і дзяўчат спынілі выбар на прафесійнай адукацыі, што дазволіла істотна павялічыць кантынгент устаноў ПТА і ССА. Завяршаецца распрацоўка, і з 1 студзеня пачнецца рэалізацыя факультатыўнай праграмы па ранняй прафесійнай арыентацыі.

— Мы не павінны забываць, што сістэма ПТА і ССА — гэта сацыяльная абарона моладзі. Каб больш навучэнцаў прыходзіла ва ўстановы прафесійнай адукацыі, трэба прапанаваць ім цікавыя і запатрабаваныя эканомікай прафесіі, а не проста прывабныя па назве, — падкрэсліў Дзмітрый Хома. — Разам з тым, на прафадукацыю -выдаткоўваюцца немалыя бюджэтныя сродкі, адпаведна ўстановы павінны эфектыўна працаваць на эканоміку рэгіёна і краіны ў цэлым. Мы ўкараняем новыя спецыяльнасці пад канкрэтныя прадпрыемствы і разам з наймальнікамі займаемся прафарыентацыяй. Так, у Мёрскім раёне завяршаецца будаўніцтва завода па вытворчасці белай бляхі. Гэта прадпрыемства з расійскім і нямецкім капіталам, пакет заказаў якога ўжо цяпер забяспечаны да 2030 года. Нягледзячы на тое, што ўвядзенне завода ў эксплуатацыю запланавана на наступны год, мы сёлета і часткова ў мінулым годзе набралі групы і рыхтуем кадры пад новую вытворчасць. Пры размеркаванні выпускнікоў ставім задачу ўладкаваць лепшых з іх у вядучыя гаспадаркі, прадпрыемствы, арганізацыі, каб яны атрымлівалі дастойную заработную плату і замацоўваліся на першым рабочым месцы. Каб матываваць сваіх будучых маладых спецыялістаў, шэраг прадпрыемстваў заахвочвае іх стыпендыямі падчас навучання ў ліцэях і каледжах. Трэба аддаць належнае, што кіраўніцтва вобласці вельмі сур’ёзна падтрымлівае нас ва ўсіх нашых пачынаннях. Сёлета толькі па падрыхтоўцы кадраў прайшло як мінімум шэсць нарад з удзелам старшыні аблвыканкама Мікалая Шарстнёва. Мы ўдзячны Міністэрству адукацыі і Рэспубліканскаму інстытуту прафесійнай адукацыі за падтрымку нашых ініцыятыў.

У якасці ілюстрацыі начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі спыніўся на адным з ключавых напрамкаў — сельскай гаспадарцы. Пасля студзеньскай нарады ў Гарадоцкім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы з удзелам старшыні аблвыканкама актывізавалася работа з заказчыкамі кадраў, ва ўстановах прафадукацыі да 840 гадзін павялічаны практычны кампанент, а з улікам інтэграцыі вытворчага навучання можна разлічваць і на 1000 гадзін. Навучэнцы праходзяць аплачваемую практыку ў лепшых гаспадарках на новай тэхніцы і пры гэтым асвойваюць поўны цыкл сельскагаспадарчых работ.

У наступным годзе ў кантэксце рэалізацыі плана сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна на базе Аршанскага дзяржаўнага механіка-эканамічнага каледжа адкрыецца рэсурсны цэнтр для машынабудаўнічай галіны. З вопытам стварэння цэнтра азнаёміла дырэктар каледжа Наталля Дзерваед. На падрыхтоўцы навучэнцаў да конкурсаў WorldSkills як складніка ўдасканальвання адукацыйнага працэсу ў каледжы акцэнтаваў увагу дырэктар Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа Аляксандр Ласякін. Яго калега з філіяла УА РІПА “Каледж сучасных тэхналогій у машынабудаўніцтве і аўтасэрвісе” Арцём Рыбак працягнуў тэму WorldSkills і расказаў, як на аснове стандартаў конкурсу прафесійнага майстэрства абнаўляецца змест адукацыйных праграм. Праграма першага дня пасяджэння прадугледжвала таксама сустрэчу з кіраўніцтвам ААТ “Кіруючая кампанія холдынга “Беларуская гарбарна-абутковая кампанія “Марка”, знаёмства з матэрыяльна-тэхнічнай базай Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа, круглы стол “Удасканальванне механізмаў каардынацыі дзейнасці ўстаноў ПТА і ССА: праблемы і перспектывы” і экскурсію па Віцебску. Затым удзельнікі пасяджэння пераехалі ў Гарадок, дзе нядаўна адкрыўся мадэрнізаваны рэсурсны цэнтр па тэхнічным забеспячэнні працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці. Дырэктар Гарадоцкага аграрна-тэхнічнага каледжа Уладзімір Шыцько азнаёміў з матэрыяльна-тэхнічнай базай установы адукацыі, вопытам і вынікамі супрацоўніцтва з вядучымі айчыннымі і расійскімі галіновымі прадпрыемствамі, расказаў пра найбліжэйшыя планы.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.