Абласная прафсаюзная ёлка сабрала ў Магілёве 450 дзяцей. Святочнае мерапрыемства адбылося ў канцэртнай зале “Магілёў” у рамках традыцыйнай дабрачыннай акцыі “Прафсаюзы — дзецям”. Дзеці наведалі займальны навагодні паказ, а таксама атрымалі кілаграмовы салодкі падарунак.
На ёлку прыйшлі дзеці членаў прафсаюза, а таксама выхаванцы замацаваных за Магілёўскім абласным аб’яднаннем прафсаюзаў дзіцячых устаноў адукацыі інтэрнатнага тыпу і сацыяльных прытулкаў. Пры выдзяленні білетаў прыярытэт быў аддадзены дзецям з малазабяспечаных сем’яў і дзецям-інвалідам.
Разам з Дзедам Марозам і Снягуркай дзеці прынялі ўдзел у вясёлай гульнявой праграме з карагодамі і зімовымі забавамі, а таксама ўбачылі музычную праграму “Планета навагодніх ёлак”. Вясёлыя і смелыя казачныя персанажы адправіліся з маленькімі жыхарамі рэгіёна ў палёт да далёкіх планет, каб вярнуць чароўную зорку на галоўную ёлку галактыкі і выратаваць Новы год. Героі прайшлі неверагодныя выпрабаванні: галавакружныя гонкі, зорныя віктарыны і захапляльныя сутычкі з касмічнымі разбойнікамі.
Абласная прафсаюзная ёлка займае важнае месца ў чарадзе мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў рамках акцыі “Прафсаюзы — дзецям”, адзначылі ў абласным аб’яднанні прафсаюзаў. Добрая традыцыя дарыць дзецям свята напярэдадні Каляд і Новага года існуе ўжо больш як 15 гадоў.
Варта адзначыць, што акрамя правядзення дабрачыннай ёлкі, прафсаюзы аказваюць бязвыплатную дапамогу падшэфным установам ва ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы, закупляюць іх выхаванцам прысмакі, арганізуюць паездкі на навагоднія казкі і паказы.
Галоўная мэта — не пакінуць без належнай увагі і доўгачаканага падарунка ніводнае дзіця. Менавіта таму акцыя “Прафсаюзы — дзецям” носіць круглагадовы характар і прадугледжвае аказанне рэальнай спонсарскай дапамогі не толькі да навагодніх і калядных свят.
Юлія БАЧКАРОВА.
Фота аўтара.