Праграмістам стаць хачу. Дзе мяне навучаць?

- 12:21Навука і інавацыі

Уменне чытаць і пісаць доўгі час адкрывала перад намі неабмежаваныя магчымасці ў пазнанні свету. Але ў сучасным грамадстве гэтага ўжо недастаткова. І новым вітком у развіцці, новым паказчыкам пісьменнасці становіцца ўменне праграмаваць. У 2016 годзе па ініцыятыве кампаній-рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій пры ўдзеле адміністрацыі ПВТ і падтрымцы Міністэрства адукацыі стартаваў сумесны адукацыйны праект па навучанні школьнікаў 2—6-х класаў навыкам праграмавання ў асяроддзі Scratch.

Педагогі сярэдняй школы № 17 Ліды таксама сталі ўдзельнікамі гэтага праекта. У нашай установе ў рэалізацыі праекта “Укараненне мадэлі арганізацыі пазаўрочнай праектнай дзейнасці вучняў на І і ІІ ступенях агульнай сярэдняй адукацыі з выкарыстаннем асяроддзя праграмавання Scratch” удзельнічаюць 8 педагогаў. Незвычайным стаў і той факт, што побач з настаўнікамі інфарматыкі да выкладання праграмавання ў асяроддзі Scratch далучаны і настаўнікі пачатковых класаў. Факультатыўныя заняткі праводзяцца для вучняў 2—6-х класаў. Па колькасным ахопе — у 2016/2017 навучальным годзе наша школа была адзначана і ўзнагароджана камп’ютарным класам.

Перш чым прыступіць да факультатыўных заняткаў, усім выкладчыкам, якія ўдзельнічаюць у праекце, давялося самім прайсці навучанне. У ходзе трэнінгу ўдзельнікі вывучылі асновы арганізацыі пазаўрочнай дзейнасці з выкарыстаннем асяроддзя праграмавання Scratch, абмеркавалі падыходы па арганізацыі факультатыўных заняткаў па Scratch, атрымалі практычныя навыкі каманднай работы і пазнаёміліся з асновамі праграмавання ў асяроддзі Scratch. І, вядома, немаленькі аб’ём работы быў вынесены на самаадукацыйную дзейнасць. Але арганізатары праекта пастараліся зрабіць усё магчымае, каб і ў гэтым напрамку працавалася камфортна.

Работу па вывучэнні асяроддзя праграмавання Scratch мы пастараліся зрабіць больш прадукцыйнай і ў сценах нашай установы. Павысіць метадычны ўзровень педагогаў-інаватараў, забяспечыць павышэнне іх метадалагічнай культуры і матывацыі дапамаглі вучэбныя трэнінгі, работа над тэмамі самаадукацыі, індывідуальнае і групавое кансультаванне, даследчая дзейнасць, узаеманавучанне, узаеманаведванне факультатыўных заняткаў.

Арганізатары праекта пастаянна ствараюць умовы для творчай рэалізацыі педагогаў. Традыцыйным стала правядзенне адкрытых конкурсаў для педагогаў-інаватараў “Scratch-майстар”. У 2017/2018 навучальным годзе на конкурс “Scratch-майстар” было прадстаўлена каля 100 індывідуальных работ педагогаў. Па рашэнні журы ў фінал выйшлі 15 выкладчыкаў. Фінал конкурсу адбыўся ў форме адукацыйнага хакатона па тэме “Тэхналогія блокчэйн і крыптавалюты”. Было сфарміравана 5 каманд, якія паспрабавалі распрацаваць адукацыйныя праекты з выкарыстаннем асяроддзя праграмавання Scratch. Гэтыя праекты былі нацэлены на тое, каб проста і наглядна растлумачыць бацькам і калегам, што такое тэхналогія блокчэйну і крыптавалюта. Адкрытая абарона праектаў прайшла 11 лютага ў бізнес-інкубатары ПВТ.

Па рашэнні журы першае месца заняў праект “Фінансавае раздарожжа Біткота”, над стварэннем якога працавалі настаўніца інфарматыкі сярэдняй школы № 12 Оршы Наталля Снытко, настаўніцы сярэдняй школы № 17 Ліды Наталля Хітрун і Алена Грышкевіч.

Платформа для развіцця творчага патэнцыялу створана не толькі для педагогаў, але і для вучняў. Парк высокіх тэхналогій штогод праводзіць конкурс “Праграмаванне ў асяроддзі Scratch” і запрашае прымаць удзел вучняў ва ўзросце ад 7 да 14 гадоў з мэтай падрыхтоўкі адкрытых прэзентацый лепшых праектаў, выкананых вучнямі, якія наведваюць факультатыўныя заняткі.

Выкарыстанне асяроддзя праграмавання Scratch пашырае свае межы. У гэтым навучальным годзе ў пералік намінацый конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” была ўключана намінацыя “Адукацыйны праект у асяроддзі праграмавання Scratch”. Педагогі нашай школы таксама прынялі ўдзел у гэтай намінацыі. І па выніках вочнага этапу, які праходзіў у каворкінг-цэнтры аддзела рэгіянальнага развіцця па Гродзенскай вобласці ПВТ у фармаце дэманстрацыі работы конкурснага праекта, настаўніца пачатковых класаў Н.Я.Хітрун заняла 2-е месца.

Узнікае лагічнае пытанне: “Чаму ж асяроддзе праграмавання Scratch?” Scratch — гэта захапляючае візуальнае аб’ектна-арыентаванае асяроддзе для навучання школьнікаў малодшых і сярэдніх класаў. Scratch бясплатнае і не мае спецыяльных сістэмных патрабаванняў пры ўстаноўцы на камп’ютар. Вельмі нагляднае і даступнае (усе каманды размеркаваны па блоках і адрозніваюцца па колеры). Ёсць магчымасць атрымаць імгненны вынік (дадаеш каманду — мяняецца вынік). Гэтае асяроддзе дае свабоду фантазіі (графічны рэдактар, работа з гукам, работа з інтэрнэтам). Scratch садзейнічае развіццю творчасці, лагічнага мыслення, маўлення, мовы і камунікатыўных навыкаў, даследчых здольнасцей, смеласці ў прыняцці рашэнняў, умення працаваць у камандзе, рэалізацыі міжпрадметных сувязей.

Як сказаў Біл Гейтс: “Калі вы вучыцеся ствараць праграмы, гэта развівае ваш розум, дапамагае вам лепш мысліць і стварае вобраз успрымання рэчаў. Увогуле, я думаю, што чалавеку гэта будзе карысна незалежна ад сферы яго дзейнасці…” А паколькі сучасны спецыяліст павінен валодаць крэатыўнасцю і гібкасцю розуму, то за праграмаваннем будучыня. Вельмі радуе, што мы са сваёй творчай камандай настаўнікаў сярэдняй школы № 17 Ліды ўжо ў гэтай лодцы. Заклікаем аднадумцаў не заставацца на беразе.

Наталля ХІТРУН,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 17 Ліды.