Правілы бяспечных паводзін

- 15:28Нам пішуць

Адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці педагога сацыяльнага ўстановы дашкольнай адукацыі з’яўляецца фарміраванне ў дашкольнікаў уяўленняў аб правілах пажарнай бяспекі, правілах бяспечных паводзін дома, на вуліцы, у грамадскіх месцах, значэнні бяспечных паводзін для аховы свайго жыцця і здароўя.

Лета — асаблівая пара года, дзеці шмат часу праводзяць на прагулцы, на дачы, у вёсцы, адпачываюць ля вадаёмаў, выязджаюць на прыроду. У гэты час мы асаблівую ўвагу ўдзяляем гэтаму напрамку работы. Нароўні з традыцыйнымі формамі і метадамі работы выкарыстоўваем на практыцы новыя падыходы: праектна-гульнявы метад і метад мадэлявання, мультлекторый, гульнявую дзейнасць, праблемна-гульнявыя сітуацыі, пошукавыя заданні, афармленне тэматычных паштовак. Дзеці бяруць на сябе ролю інспектара, міліцыянера, пажарнага, уключаюцца ў пазнавальны дыялог, фармулююць выснову, з дапамогай верша і яркай мадэлі замацоўваюць пэўныя правілы бяспечных паводзін. Выхаванцы 4—6 гадоў актыўна ўдзельнічаюць у мерапрыемствах з прадстаўнікамі РАНС. Прысутнічалі на адкрыцці раённай іміджавага пакою МНС, гулялі на тэматычнай пляцоўцы, прымалі ўдзел у вырабе тэматычных паштовак.

Асабліва дзецям і іх бацькам спадабалася падбіраць кароткія вершы і прыдумваць вокладкі для паштовак. Тэматычная паштоўка ярка аформлена ў выглядзе дарожнага знака, вогнішча, машыны або карабліка, на адваротным баку якой надрукаваны пазнавальны верш. Дзеці з задавальненнем паўтараюць вершы, хорам прамаўляюць рыфмаваныя правілы, прыдумваюць мадэлі правіл бяспекі.

Нашы новыя падыходы да фарміравання ў дашкольнікаў уяўленняў аб правілах бяспечных паводзін дазваляюць у поўнай меры задаволіць цікавасць дзяцей да атрымання новай інфармацыі, іх жаданне гуляць, выконваць ролі, прыдумваць.

Вольга САКУТА,
педагог сацыяльны ДЦРД № 2 Дзятлава.