Праз “Альянс” — да поспехаў у прафесіі і ў жыцці

- 11:26Вышэйшая школа

У Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны вызначаны пераможцы конкурсу на лепшую студэнцкую навукова-даследчую лабараторыю. Імі сталі ўдзельнікі СНДЛ “Альянс” факультэта псіхалогіі і педагогікі на чале з загадчыкам кафедры сацыяльнай і педагагічнай псіхалогіі Таццянай Шацюк.

Студэнцкая навукова-даследчая лабараторыя “Альянс” дзейнічае каля дваццаці гадоў. Двойчы аб’яднанне атрымлівала грант спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, што дазволіла ўмацаваць яго матэрыяльна-тэхнічную базу. Навуковы кіраўнік Таццяна Шацюк расказвае, што падчас работы ўдзельнікі лабараторыі займаюцца навукова-даследчай, валанцёрскай, вучэбна-прафесійнай і практычнай дзейнасцю.

— Лабараторыя развівае такія напрамкі, як “Асобасныя і працэсуальна-тэхналагічныя асновы прафесійнага стаўлення студэнтаў”, “Сацыяльна-псіхалагічныя фактары, што вызначаюць псіхалагічны дабрабыт у юнацтве”, “Праблемы псіхалагічнага здароўя сучаснай моладзі”. Зараз даследуецца тэма “Псіхолага-педагагічнае суправаджэнне асобы ў сучасным адукацыйным асяроддзі”, — удакладняе Таццяна Георгіеўна.

Асабліва ганарыцца студэнцкая лабараторыя ўдзелам у міжнародных, рэспубліканскіх і міжуніверсітэцкіх навукова-практычных канферэнцыях, семінарах, конкурсах. Вынікі даследаванняў “Альянсу” друкуюцца ў зборніках навуковых работ студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў Беларусі, Расіі, Украіны, Малдовы, Казахстана, Узбекістана і г.д. Толькі ў мінулым годзе ўдзельнікамі СНДЛ апублікаваны 183 навуковыя работы, сярод якіх — 84 навуковыя артыкулы і 99 матэрыялаў навуковых канферэнцый. 2 артыкулы надрукаваны ў выданнях, што ўваходзяць у пералік ВАК Беларусі.

На розных навуковых конкурсах удзельнікі “Альянсу” атрымалі 96 дыпломаў. Дар’я Сініла і Аліна Барадуліна ўдзельнічалі ў сумесным праекце Беларусі, Расіі і Латвіі па вывучэнні прафесійнай ідэнтычнасці педагогаў школ і ўніверсітэтаў. Настасся Куцапалава і Дар’я Старасценка на базе Дзяржаўтаінспекцыі і Гомельаблаўтатранса вывучалі асаблівасці перажывання аварыі вадзіцелямі і гетэрастэрэатыпы ўспрымання жанчын-вадзіцеляў. Дарына Сапыраева правяла вялікае даследаванне і карэкцыйна-развіццёвую работу з падлеткамі па сэлфі-адыкцыі. Яўген Шарнікаў і Ірына Хіаарэ вывучаюць алексітымію ў IT-спецыялістаў. І гэта толькі частка прыкладаў даследчай работы, якая праводзіцца ў “Альянсе”.

— Штогод нашы даследванні прадстаўляюцца на Рэспубліканскі конкурс навуковых работ студэнтаў і традыцыйна заслугоўваюць высокую ацэнку камісіі, — з гонарам гаво­рыць Таццяна Шацюк. — Нядаўна Міністэрства адукацыі падвяло вынікі XXIV Рэспубліканскага конкурсу навуковых работ. Высокага звання лаўрэата ўдастоена выпускніца магістратуры Абышова Разаліна Ілдырым-кызы. Перамога Разаліны — заканамерны вынік яе навуковай дзейнасці. Дзяўчына — удзельніца многіх навуковых конкурсаў і канферэнцый, аўтар 20 навуковых работ. Зараз яна прайшла шматэтапны конкурсны адбор сярод больш чым тысячы прэтэндэнтаў для работы ў міжнароднай кансалтынгавай кампаніі Novо.Аz. Такім чынам, вопыт навуковай дзейнасці ў межах СНДЛ “Альянс” падчас вучобы ва ўніверсітэце прынёс плён!

Акрамя навуковай дзейнасці, выкладчыкі і студэнты кафедры сацыяльнай і педагагічнай псіхалогіі займаюцца валанцёрствам, развіваючы больш як 20 праектаў. Сярод іх — “Псіхалагічная майстэрня”, “Я цяпер студэнт”, “Адаптацыя замежных студэнтаў”, “Тата можа”, “Бяспечнае дзяцінства”, “Прафілактыка разам”, “ЗА здаровы лад жыцця”, “Сацыяльна-псіхалагічная рэсацыялізацыя ветэранаў вайны, працы і інвалідаў пры дапамозе рэтратэрапіі” і іншыя.

У межах СНДЛ дзейнічаюць псіхалагічны клуб і клуб маладой сям’і, актыўна функцыянуе студэнцкі інтэгратыўны псіхалагічны тэатр “MOON”, якім кіруе выкладчык кафедры псіхолаг Галіна Грамыка-Заўліна. Галіна Валянцінаўна тлумачыць, што асноўная ідэя псіхалагічнага тэатра — запрашаць гледача да дыялогу з самім сабой, да рэфлексіўнага паглыблення ва ўласны ўнутраны свет, у глыбіню сваёй душы.

— Гэта эфектыўны сродак псіхалагічнай работы з людзьмі розных узроставых, сацыяльных і прафесійных груп. У кожным спектаклі падымаецца адна асноўная праблема сацыяльнага або асобаснага развіцця. Пастаноўку паказваюць невялікай па колькасці аўдыторыі. Пасля асноўнага дзеяння акцёры выходзяць да гледачоў і абмяркоўваюць убачанае, падахвочваючы людзей да дыялогу з дапамогай пытанняў, звернутых да пачуццяў і вопыту ўдзельнікаў працэсу.

Навуковая падтрымка сацыяльных і псіхолага-асветніцкіх праектаў лабараторыі забяспечыла неаднаразовую перамогу ў розных конкурсах, арганізаваных Міністэрствам адукацыі, Гомельскім абл- і гарвынканкамам, рознымі адукацыйнымі ўстановамі Беларусі і замежжа. Таксама члены “Альянсу” пастаян­на ўдзельнічаюць у алімпіядах па псіхалогіі і педагогіцы, маюць дыпломы пераможцаў і прызёраў.

Удзел студэнтаў у рабоце лабараторыі дае ім магчымасць не толькі ўмацоў­ваць сваю тэарэтычную базу, пашыраць прафесійную эрудыцыю, але і замацоў­ваць прафесійныя ўменні і навыкі, развіваць уласную сацыяльна-псіхалагічную актыўнасць. Гэта дазваляе студэнтам — членам СНДЛ “Альянс” дасягаць поспехаў у будучай прафесійнай дзейнасці і ў жыцці.

Кацярына КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.