Прэзентацыя дадатковай адукацыі

- 12:27Навіны рэгіёнаў

Інфармацыйна-рэкламныя і прэзентацыйныя мерапрыемствы на пачатку верасня прайшлі ва ўсіх установах адукацыі Магілёўшчыны.

Зараз у вобласці функцыянуюць 39 устаноў дадатковай адукацыі, і ва ўсіх для наведвальнікаў пастараліся арганізаваць нешта арыгінальнае і цікавае. Акцэнт быў зроблены на інфармаванне навучэнцаў, бацькоўскай грамадскасці і ўсіх зацікаўленых структур аб адукацыйных магчымасцях аб’яднанняў па інтарэсах.

— Да прэзентацыі сваёй дзейнасці педагагічныя калектывы падышлі вельмі творча. У кожнай навучальнай установе распрацавалі свае непаўторныя мерапрыемствы: фестывалі, майстар-класы, экскурсіі, круглыя сталы, выставы, кірмашы, конкурсы, спартыўныя святы, забаўляльныя праграмы, флэшмобы, — расказала намеснік начальніка аддзела выхаваўчай работы і аховы дзяцінства галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Алена Клімянкова.

Паводле яе слоў, сапраўднае свята для дзяцей і бацькоў арганізавалі ў абласным Цэнтры творчасці. На імправізаванай выставе жадаючыя маглі азнаёміцца з усімі напрамкамі дзейнасці ўстановы. Яны аказаліся настолькі шматлікімі і разнастайнымі, што прэзентацыю падзялілі на некалькі блокаў. Былі прадстаўлены фізкультурна-спартыўныя, эколага-біялагічныя, дэкаратыўна-прыкладныя, турыстычна-краязнаўчыя, тэхнічныя, мастацкія аб’яднанні па інтарэсах.

Адметна прайшла прэзентацыя дзейнасці Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Бабруйска. Пры ўстанове адкрылі лабараторыю высокіх тэхналогій “Стартуем у IT”, якая дапаможа моладзі рэалізоўваць свае смелыя, інавацыйныя ідэі.

Увогуле, эфектыўнасці функцыянавання ўстаноў дадатковай адукацыі ў рэгіёне ўдзяляецца асаблівая ўвага на ўсіх узроўнях. Мэтанакіраваная работа вядзецца па павышэнні прафесіяналізму педагогаў і стымуляванні іх працы, паляпшэнні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў, абнаўленні змястоўных праграм гурткоў. Такі падыход дазваляе на працягу дзесяці гадоў дасягаць звыш 50% ахопу навучэнцаў дадатковай адукацыяй. У мінулым навучальным годзе аб’яднанні па інтарэсах наведвалі амаль 58 тысяч дзяцей.

— Каб сёлета гэты паказчык не знізіўся, мы праводзім не толькі прэзентацыйныя мерапрыемствы. Ва ўстановах адукацыі імкнуцца да надання аб’яднанням па інтарэсах інавацыйнага характару, арганізацыі дапрофільнай падрыхтоўкі і прафарыентацыі дзяцей з улікам рынку працы, падтрымліваюць маладзёжныя ініцыятывы, забяспечваюць занятасць вучняў у шосты школьны дзень і пазаўрочны час, — адзначыла Алена Валер’еўна.

Прыярытэтам далейшай дзейнасці для ўстаноў дадатковай адукацыі вобласці, як і раней, застаецца ўсебаковае развіццё асобы, грамадзяніна, патрыёта. Выконваць гэтую высокую задачу будуць ва ўзаемадзеянні з іншымі зацікаўленымі ведамствамі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена галоўным упраўленнем па адукацыі аблвыканкама.