Пробны жыццёвы залік

У краіне працягваюцца выпускныя экзамены за перыяд навучання і выхавання на другой і трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі. У аўторак дзевяцікласнікі сярэдняй школы № 111 Мінска пісалі дыктанты па рускай і беларускай мове і выконвалі кантрольную работу па матэматыцы.

Сярэдняя школа № 111 — агульнаадукацыйная ўстанова, дзе разам са звычайнымі дзейнічаюць інтэграваныя класы і вучацца дзеці з асаблівасцямі ў развіцці. Прыгожы яркі будынак у ціхім сталічным дворыку, здаецца, яшчэ больш затаіўся і прыціх: “Тсс… Нашы дзеці праходзяць складаныя выпрабаванні, яны рыхтуюцца да выхаду ў вірлівы свет, дзе ацэньваць і пераацэньваць іх будуць пастаянна. І няхай хаця б гэты першы пробны жыццёвы залік спакойна і камфортна пройдзе там, дзе іх любяць і берагуць, каб яны змаглі падрыхтавацца і набрацца вопыту”.
Для правядзення экзаменаў у школе спецыяльна адведзены трэці паверх. Тут дзяжураць настаўнікі, выстаўлены таблічкі з надпісам “Цішэй! Ідуць экзамены!”, і ніхто пабочны не зойдзе сюды. З першага погляду здаецца, што хвалююцца ўсе: дзеці, якія здаюць свой першы сур’ёзны экзамен; настаўнікі, для якіх вучнёўскія адзнакі — вынік іх шматгадовай працы, паказчык выніковасці; адміністрацыя, якая заклапочана, каб усё прайшло гладка і без нараканняў; бацькі, якім прасцей самім за сваіх дзяцей пераадолець усе выпрабаванні. Але як толькі вучні рассаджваюцца ў класных памяшканнях, бачаць знаёмыя твары настаўнікаў у экзаменацыйных камісіях, на змену страху і бо язі паступова прыходзіць упэўненасць у сваіх сілах. Тэксты дыктантаў і заданні па матэматыцы аб’яўляюцца па тэлебачанні і радыё. Яны, дарэчы, таксама накіраваны ў кожную ўстанову па электроннай пошце і размешчаны на партале Міністэрства адукацыі. Пачынаецца экзамен… А пакуль вучні праходзяць іспыты, я накіроўваюся ў кабінет дырэктара.
“Мы ўсе хочам бачыць нашых дзяцей адукаванымі, здаровымі, шчаслівымі, сацыяльна актыўнымі і запатрабаванымі, паспяховымі і ўпэўненымі ў заўтрашнім дні. Для гэтага яны павінны атрымаць не толькі базавую адукацыю, але і самыя сучасныя веды і ўменні ў найбольш актуальных і перспектыўных галінах, — адзначае дырэктар школы Святлана Міхайлаўна Пратасевіч. — Таму ўвесь адукацыйны працэс будуецца на падрыхтоўцы дзяцей да дарослага жыцця. У адпаведнасці з прынцыпам “дзіця не рыхтуецца да жыцця — яно жыве ўжо сёння”, мы імкнёмся стварыць такія ўмовы і так арганізаваць працэс навучання і выхавання, каб дзеці, яшчэ знаходзячыся ў сценах школы, змаглі атрымаць вопыт паўнацэннага жыцця. Наша ўстанова імкнецца, з аднаго боку, максімальна адаптавацца да навучэнцаў з іх індывідуальнымі асаблівасцямі, з іншага — гнутка рэагаваць на сацыякультурныя змяненні асяроддзя. Сёлета на гарадскім конкурсе “Лепшая ўстанова адукацыі” школа заняла 2 месца ў намінацыі “Лепшая сярэдняя школа”.
Па словах С.М.Пратасевіч, сённяшнія дзевяцікласнікі (тры класы па 25 чалавек) — вельмі актыўныя, творчыя, ініцыятыўныя маладыя людзі. Трое з іх — Іван Сукач, Яўген Пажылоў, Аляксандр Лебедзеў — прэтэндуюць на атрыманне пасведчання з адзнакай. Дарэчы, Іван Сукач паступіў ужо ў Ліцэй БДУ на фізіка-матэматычны напрамак.
Некаторыя дзевяцікласнікі — удзельнікі і прызёры раённага і гарадскога этапаў рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, навукова-практычнай канферэнцыі школьнікаў, інтэлектуальных конкурсаў. Так, дыпломамі трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды адзначаны па тэхнічнай працы Максiм Фядорчанка (настаўнік Павел Мікалаевіч Шалковіч), па геаграфіі — Алег Асабін (настаўніца Людміла Паўлаўна Чарадуха). Радуюць і спартыўныя дасягненні школьнікаў. Так, Арцём Лук’янаў — неаднаразовы прызёр спаборніцтваў па лыжных гонках. Паспяховы ўдзел школьнікаў у шматлікіх выхаваўчых мерапрыемствах, у валанцёрскім руху сведчыць аб іх актыўнай жыццёвай пазіцыі.
Прыкладна 50—60% выпускнікоў базавай школы плануюць працягваць навучанне ў сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных установах адукацыі. Яны выбіраюць самыя розныя сферы дзейнасці: педагагічную, медыцынскую, будаўнічую, кулінарную. Папулярнасцю ў вучняў карыстаецца Мінскі дзяржаўны каледж электронікі, Мінскі архітэктурна-будаўнічы каледж, каледж бытавога абслугоўвання насельніцтва. Некалькі дзевяцікласнікаў плануюць перайсці ў спецыялізаваныя спартыўныя школы.
“Сёлета з вучнямі выпускных класаў была праведзена вялікая прафарыентацыйная работа. Педагог-псіхолаг школы Ганна Сяргееўна Худніцкая праводзіла для дзяцей факультатыўныя заняткі “Мая прафесійная будучыня”. Яны былі заўсёды лагічна выбудаванымі, цікавымі і інфарматыўнымі. На кожнага вучня заводзілася індывідуальная картка, дзе заносілася разнастайная інфармацыя па схільнасцях, здольнасцях, асаблівасцях дзевяцікласнікаў, вынікі дыягностыкі і г.д. Дзякуючы камітэту па адукацыі, вучні наведалі каля 50 устаноў — каледжаў і ліцэяў, дзе для іх былі наладжаны дні адкрытых дзвярэй. Гэта садзейнічала самавызначэнню школьнікаў з выбарам будучай прафесіі. Тыя ж дзеці, хто хоча працягваць навучанне ў школе, змогуць займацца на фізіка-матэматычным, хіміка-біялагічным напрамку альбо вывучаць на павышаным узроўні матэматыку і замежную мову”, — адзначае Святлана Міхайлаўна.
Пакуль мы размаўлялі з дырэктарам, вучні ўжо напісалі дыктант па рускай і беларускай мове і пачалі выходзіць з кабінетаў. Дзевяцікласнікі падзяліліся сваімі ўражаннямі. Для навучэнак 9 “Б” класа Веранікі Дварэцкай і Паліны Волчак экзамен па мове — першы ў жыцці сур’ёзны экзамен. Дзяўчаты вельмі хваляваліся перад ім, аднак у працэсе напісання дыктанта хваляванне кудысьці адышло. Дыктант падаўся дзевяцікласніцам не вельмі складаным. Праўда, былі пытанні з пастаноўкай знакаў прыпынку. І Вераніка, і Паліна рыхтаваліся да экзамену самастойна дома і на ўроках. Дзяўчаты плануюць працягваць вучобу ў 10 класе, а пасля заканчэння школы адна марыць паступіць у Акадэмію МУС і быць следчым, а другая — у Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт.
Педагагічны стаж настаўніцы рускай мовы і літаратуры Ліліі Барысаўны Савiцкай, якая сёлета выкладала ў паралелі 9-х класаў, больш за 25 гадоў. У аснове работы педагога традыцыйная методыка, элементы тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення, якая дапамагае вучням самастойна думаць, аналізаваць, разважаць, прымяняць свае веды на практыцы. Для падрыхтоўкі навучэнцаў да экзамену настаўніца адводзіла гадзіны мовы, якія прысвячаліся сістэмнаму паўтарэнню вучэбнага матэрыялу, стымулюючыя і падтрымліваючыя заняткі, а таксама факультатыў “Сакрэты сінтаксісу і пунктуацыі”.
“У сваіх вучнях я ўпэўнена, асабліва сёння, калі дыктант пісалі вельмі сур’ёзныя, думаючыя маладыя людзі, якія ўжо вызначыліся з далейшым жыццёвым шляхам. Праверыўшы работы, мы пераканаліся, што сапраўды дзевяцікласнікі добра падрыхтаваныя, і вынікі атрымаліся добрыя: 83% вучняў пацвердзілі свае гадавыя адзнакі, а 17% — атрымалі адзнакі на бал вышэй”, — адзначае Лілія Барысаўна.
Вось так, як блакітны цягнік, нясецца школьнае жыццё да канцавой станцыі. Даўжыня дарогі для адных навучэнцаў большая, для іншых дарога карацейшая, але наперадзе адно — развітанне са школай. З мілым домам, які назаўсёды заклаў у іх душы веды і маральныя прынцыпы, адвагу, якая дапамагае не спасаваць перад цяжкасцямі, і вопыт, з дапамогай якога гэтыя цяжкасці будуць пераадолены. І нічога, што жыццёвыя выпрабаванні толькі пачынаюцца і будзе іх столькі, што не пералічыць. Упэўнена, навучэнцы іх асіляць з лёгкасцю, ім не прывыкаць!

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.