Прыгажосць Старога замка

- 15:59Нам пішуць

Навучэнцы нашай установы адукацыі сумесна з бацькамі 20 студзеня, у шосты школьны дзень, здзейснілі экскурсію ў Стары замак Гродна. Стары замак — адна з галоўных славутасцей горада. У музеі замка мы ўбачылі шмат экспанатаў.

Вельмі спадабалася першая зала, дзе выстаўлены прадметы, звязаныя з раскопкамі і старажытнымі часамі. Невялікія макеты, выстаўленыя ў якасці экспанатаў, адлюстроўваюць побыт чалавекападобных істот першабытнай эпохі. Наступныя залы прысвечаны Сярэднявеччу — можна ўбачыць кнігі, кальчугу, велізарную колькасць мячоў розных форм і памераў. У некалькіх залах прадстаўлена тэма Вялікай Айчыннай вайны.

У Старым замку ёсць ваенная зала, якая прысвечана тэме вайны ў Афганістане. Тут захоўваецца велізарная колькасць мадыфікацый аўтамата Калашнікава, розных вінтовак, пісталетаў, мін, гранат; стаяць манекены ў ваеннай форме кожнага з варожых бакоў, у маскіровачнай вопратцы. Асабліва кранае асобны стэнд з лістамі беларускіх хлопцаў сваім бацькам. Маладыя, з вялікімі амбіцыямі і планамі на жыццё, закінутыя ў гарачую кропку, яны наіўна апісвалі ў лістах спякоту афганскай мясцовасці і ўпэўнена абяцалі бацькам хутка вярнуцца дадому. Над стэндам развешаны фатаграфіі гэтых хлопцаў, узрост якіх быў ад 17 да 25 гадоў і ні адзін з якіх, на жаль, не вярнуўся дадому.

Экспазіцыі вялізных падвальных залаў прысвечаны жывёльнаму свету. Самая першая — зала з малюнкамі і невялікімі макетамі, якія паказваюць фаўну розных старажытных перыядаў існавання нашай планеты. Далей ідуць залы са шматлікімі пудзіламі птушак, змей, грызуноў. Асабліва спадабалася зала з пудзіламі буйных жывёл, напрыклад, зуброў у поўны памер. Узнікала ўражанне, што стаім у лесе.

Пасля экскурсіі па замку, якая доўжылася паўтары гадзіны, мы накіраваліся ў забаўляльны цэнтр, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі весяліліся ў лабірынце з гарматамі, басейне з шарыкамі, скакалі на батуце. Гэта было сапраўднае свята дзіцячай весялосці. Ад паездкі засталіся вельмі добрыя ўражанні. Раім усім пабываць у Гродне і атрымаць асалоду ад незвычайнай прыгажосці Старога замка, з карысцю адпачыць.

Данута СУШКО,
кіраўнік музея “Жанчыны-маці”
Ялуцавіцкага дзіцячага сада — пачатковай школы Зэльвенскага раёна.